Шашлыкі, гарэлка, ансамбль марской пяхоты... У Менску пачалі святкаваць Дзень Расеі


Шашлыкі, алкаголь, ансамбль марской пяхоты з Калінінграду, прадстаўнікі расейскай эстрады. У Менску ўлады арганізавалі сёння ўрачысты канцэрт напярэдадні Дня Расеі. Свята, дарэчы, якое афіцыйна адзначаецца толькі за ўсходняй мяжою і ў беларускім дзяржаўным календары адсутнічае. Зрэшты, а якая розніца? Балазе, удакладняе палітолаг Павел Усаў, розніцы паміж лукашыстамі і пуціністамі сапраўды няма.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Калі мы кажам пра прыхільнікаў Лукашэнкі, менавіта ў той сітуацыі, якая сёння ёсць у і вакол Беларусі, то, па сутнасці, гэта тыя ж самыя прыхільнікі Пуціна і расейскага свету. Тыя, хто сёння абслугоўвае рэжым Лукашэнкі, яны не прадстаўляюць нацыянальных інтарэсаў. Яны не бароняць гэтых інтарэсаў», – кажа Павел Усаў.

А таму на тле ўсё большага паглынання нашай краіны Расеяй ды фактычнай акупацыі, у якой мы аказаліся высілкамі рэжыму Лукашэнкі, астатнім беларусам трэба зразумець, што адседзецца і адмаўчацца не атрымаецца.

«Надышоў час абіраць сваю гісторыю, рабіць свой выбар. Абіраць паміж рускім светам, які нясе смерць, забойствы, разбурэнні, знішчэнне свабоды, незалежнасці, будучыні ў свеце. І еўрапейскім светам, дзе жыццё, правы і свабоды чалавека, развіццё дабрабыту і незалежнасці з’яўляюцца абсалютнымі каштоўнасцямі», – заклікае кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

Ну вось хаця б узяць гэткую каштоўнасць, як роўнасць і братэрства, пра якія прапагандысты інтэграцыі адзванілі ўсім вушы. Чаму, да прыкладу, у шматмільённай Расеі, дзе пражываюць, паводле афіцыйных звестак, больш за паўмільёна беларусаў, няма аніводнай беларускамоўнай школкі? Дый наагул, чаго далёка хадзіць: чаму ў Расеі не адзначаецца Дзень Беларусі?

«Няма Дня Беларусі, таму што няма Беларусі для сённяшняй Расеі. Для сённяшняй Расеі Беларусь – гэта выключна тая тэрыторыя, якую трэба нейкім чынам прыдбаць, якую трэба кантраляваць, якую трэба выкарыстаць для сваіх інтарэсаў», – кажа палітолаг Павел Усаў.

Дык які сэнс святкаваць Дзень тых, хто адмаўляе табе ў праве на самастойнае, незалежнае існаванне?..

Валера Руселік, Белсат