«Кураж» на Берлінскім кінафестывалі

Дакументальны фільм «Кураж» пра падзеі мінулага жніўня ў Менску дасягнуў небывалага для беларускага кіно поспеху на фестывалі «Berlinale». Стужка Аляксея Палуяна намінаваная на ўзнагароду «Найлепшы дакументальны фільм», а сёння «Кураж» паказалі гасцям кінафестывалю.

Творца і пратэст… Онлайн-паказ фільму «Кураж» Аляксея Палуяна адбыўся на фестывалі «Berlinale» яшчэ ў сакавіку, сёння ж прайшла публічная прэм’ера стужкі. На паказ завіталі Святлана Ціханоўская і Святлана Алексіевіч, якія разам з нямецкаю прадзюсаркаю Зымонэ Баўман і самым Аляксеем Палуянам узялі ўдзел у дыскусіі пра ролю творцы ў аўтарытарнай сістэме.

«Рэвалюцыя перайшла ў іншы этап. Яе няма на вуліцах, але яна засталася ў людзях. Яна ёсць у сэрцах людзей. Некаторыя людзі ў адчаі. Некаторыя ня ведаюць, што нас чакае далей. Таму вельмі важна, каб сёння мастацтва пачало асэнсоўваць гэтыя працэсы, каб дапамагала людзям, каб яны не засталіся ў адзіноцтве», – кажа Святлана Алексіевіч.

Карціна распавядае пра трох беларускіх артыстаў, што жывуць і працуюць у беларускіх умовах. Галоўныя героі – акторы Свабоднага тэатру Марына Якубовіч, Дзяніс Тарасенка і Павел Гарадніцкі. Усе яны былі вымушаныя з’ехаць з краіны.

Здымкі «Куража» Аляксей Палуян распачаў яшчэ ў 2018 годзе, але падзеі жніўня 2020 года ўнеслі ў сюжэт свае карэктывы.

«Жыццё нам дазволіла зрабіць тое, што мы нават не маглі планаваць, уяўляць. Але не магу сказаць, што мы былі не гатовыя. І я, і аператара разумелі, што будуць страляць, што будуць газ і гранаты. Дзякуй богу нас не затрымалі тады і мы здабылі такі матэрыял», – распавядае Аляксей Палуян.

Здымачная група ў літаральным сэнсе пражыла з беларусамі кожную хвіліну паслявыбарчых пратэстаў.

«Калі мы здымалі не было нават інтэрнэту. Інфармацыі не было. Атрымлівалі інфармацыю ад сяброў, якія казалі «вось нешта на Рызе адбываецца», «вось нешта на Пушкінскай»…То бок здымкі мелі спантанны характар. Здымалі па інтуіцыі. Я вельмі ўдзячны аператару Таццяне Гаўрыльчык. Без яе не было бы гэтай стужкі. Дзякуй ёй за ейную мужнасць», – успамінае Аляксей Палуян.

Раней «Кураж» ужо дэманстравалі ў Польшчы. У тым ліку для беларускіх уцекачоў, якія быль вымушаныя пакінуць краіну праз рэпрэсіі.

Алесь Баразенка, «Белсат»

Глядзі таксама