Ядравы шантаж двух дыктатараў


Страшыць Лукашэнка, страшыць Пуцін. А спадарожнікавыя здымкі не першы раз паказваюць ясна і дакладна, што пад Асіповічамі ўжо створаная адмысловая база, на якой можна захоўваць ядравую зброю. Наколькі далёка два дыктатары гатовыя зайсці ў сваім ядравым шантажы?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Аўтарытэтнае выданне «The New York Times» апублікавала спадарожнікавыя здымкі імавернага сховішча для ядравай зброі. Вайсковы склад пад Асіповічамі з 2021 года відавочна змяніўся. Там пабудавалі трайны перыметр агароджы з кантрольна-прапускным пунктам. Эксперты вызначылі таксама і месца бункеру, і крыты пагрузачны склад. Нават калі ўласна ядравай зброі там няма, захады бяспекі характэрныя для расейскіх ядравых сховішчаў.

Чарговыя заявы наконт расейскай ядравай зброі ад Лукашэнкі і ягоных сілавікоў гучалі цягам гэтага тыдня. Аднак ці ёсць на нашай тэрыторыі гэты тып узбраення, па-ранейшаму не вядома.

«Нельга выключаць і таго варыянту, што сховішча будзе пабудавана, але яно будзе стаяць пустым. Нейкія боезарады, якія прызначаны для размяшчэння на тэрыторыі Беларусі, яны, напэўна, недзе будуць існаваць, хутчэй за ўсё ў галаўным сховішчы, якое знаходзіцца ў Бранску», – зазначае Павел Подзвіг з Інстытуту ААН даследавання праблемаў раззбраення.

На думку таго ж эксперта, у Беларусі будуць захоўвацца толькі сродкі дастаўкі ядравай зброі ў выглядзе ракетаў, але не ўласна боегалоўкі.

Заявы пра ядравую зброю ад Лукашэнкі і Пуціна гучаць на фоне новага наступу расейскіх войскаў на харкаўскім напрамку. Кіраўнік абласной адміністрацыі Алег Сынегубаў паведаміў, што ў шэрагу населеных пунктаў ідуць цяжкія баі. Аднак Павел Подзвіг мяркуе, што ядравы кампанент у вайне можна не ўлічваць.

«Магчымасць выкарыстання Расеяй ядравай зброі ў кантэксце супраць Украіны і на тэрыторыі Украіны, насамрэч, практычна выключана. Тым больш, я думаю, што няма сэнсу казаць пра магчымасць ужывання ядравай зброі з тэрыторыі Беларусі», – зазначае Павел Подзвіг з Інстытуту ААН даследавання праблемаў раззбраення.

Дый сам Лукашэнка не раз казаў, што з’яўленне ядравай зброі на тэрыторыі Беларусі – гэта найперш сігнал краінам Захаду.

Праз некалькі месяцаў пасля такіх заяваў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў, што ягоная краіна гатовая размясціць у сябе амерыканскую ядравую зброю.

Вайсковы аналітык Ян Мацвееў зазначае, што супольныя манеўры двух дыктатараў адбываюцца пад пільным позіркам краінаў НАТО:

«Яны свае планы падладжваюць, вядуць дадатковую разведку. І ў тым ліку ўзмацненне групоўкі краін НАТА ў краінах Балтыі, у Польшчы з гэтым таксама звязаны».

Як зазначаюць эксперты, ядравы шантаж у бок Захаду будзе працягвацца, бо гэта адзін са сродкаў ціску, што засталіся ў Расеі і Беларусі.

«Усе гэтыя выпрабаванні, уся гэтая рыторыка, адпраўкі ядравай зброі, яны паказваюць, што Пуцін у нейкім сэнсе можа быць тым псіхапатам, які аднойчы націсне на «чырвоную кнопку», і, вядома, гэта ўсе ўлічваюць», – мяркуе вайсковы аналітык Ян Мацвееў.

Пацверджанне гэтаму – апошняе інтэрвʼю Пуціна расейскаму прапагандысту Дзмітрыю Кісялёву. У ім гаспадар Крамля заявіў, што з вайскова-тэхнічнага гледзішча Расея гатовая да ядравай вайны.

Аляксандр Дзегцяроў, «Белсат»