Скандал у фінале «Еўрабачання»


11 траўня пройдзе фінал песеннага конкурсу «Еўрабачанне-2024». На сцэну ў Мальмё выйдуць прадстаўнікі дваццаці пяці краінаў. Днём стала вядома, што з конкурснай гонкі выбывае прадстаўнік Нідэрландаў. З чым звязанае ягонае адхіленне і хто сёлета атрымае хрустальны мікрафон?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Скандал напярэдадні фіналу Еўрабачання. Ад удзелу ў шоу адхілілі канкурсанта ад Нідэрландаў Ёўста Клейна. Шведская паліцыя распачала расследаванне ў дачыненні артыста. Паводле афіцыйнай версіі, на спевака падала скаргу за непрыстойныя паводзіны адная з працаўніц здымачнай групы.

«Сітуацыя беспрэцэдэнтная, такога раней на «Еўрабачанні» не было. Але разам з тым гэта вельмі паказальны крок з боку арганізатараў, бо ёсць карэктнасць, ёсць інтэлігентнасць, ёсць тое, што ўдзельнікі, у якой бы сітуацыі яны ні былі, мусяць паважаць адно аднаго», – адзначае музычная журналістка.

Арганізатары конкурсу падкрэсліваюць: насуперак заявам СМІ, у інцыдэнце не ўдзельнічалі іншыя канкурсанты. Імаверна, гаворка ідзе пра другую версію здарэння, агучаную раней журналістамі. Згодна з ёй, нідэрландца маглі дыскваліфікаваць праз канфлікт з удзельніцай ад Ізраілю Эдэн Ґалян. Падчас канферэнцыі пасля другога паўфіналу спявак непрыязна паводзіўся ў дачыненні артысткі і саркастычна каментаваў ейныя адказы журналістам.

Скандалам запомніцца і ўдзел у «Еўрабачанні» дэлегацыі з Ізраілю, што з першых дзён суправаджаўся масавымі пратэстамі прыхільнікаў Палестыны і «Хамасу». Што ніяк не паўплывала на рэйтынгі артысткі – пасля другога паўфіналу яна перамясцілася на другое месца і стала адной з прэтэндэнтак на перамогу.

Другое месца чакае і Украіну. Праўда, у спісе выканаўцаў. Менавіта пад гэтым нумарам, паводле рашэння прадзюсараў конкурсу, спявачкі Джэры Гэйл і Алёна Алёна, выступяць у фінале. Эксперты называюць гэтую пазіцыю «смяротнай», бо па законах тэлевізійных шоў, удзельнікі, што выступаюць пазней, лепей запамінаюцца гледачам і маюць болей шанцаў на перамогу.

«Так атрымалася, што тыя людзі, якія выступалі пад лічбаю два, не займалі высокіх месцаў. Хаця калі прыгадаць досвед Босніі і Герцагавіны – дык была сітуацыя, калі яны трапілі ў шасцёрку. То бок сітуацыя не выключная. Галоўнае, каб яна не ўдзельнічала на псіхалагічным узроўні на ўдзельнікаў – вось і ўсё», – кажа экспертка.

Украінскія спявачкі не губляюць настрою і заклікаюць суайчыннікаў аддаць свой голас за другі нумар. Цяпер Украіна ў букмекерскім рэйтынгу займае шостае месца. Першыя тры займаюць Харватыя, Ізраіль і Швейцарыя. Аднак, паводле нашай эксперткі, гэта неканчатковыя вынікі – гледача ўсё яшчэ можа чакаць неспадзяванка.

«Букмекерскія прагнозы – гэта файна, але хто рабіў стаўку на тое, што ўдзельніка з Нідэрландаў здымуць з конкурсу? Вось тут адказ і схаваны: гэта жывы конкурс, жывы гук. І што будзе адбывацца з удзельнікамі – пакажа час», – мяркуе музычная журналістка Марына Савіцкая.

Фінал конкурсу адбудзецца а 22:00 па Менску. За галоўны прыз – хрустальны мікрафон пазмагаюцца 25 краінаў. Прагаласаваць можна на сайце «Esc.vote». А паглядзець трансляцыю, калі вы знаходзіцеся ў Беларусі, – на афіцыйным «YouTube» конкурсу «Eurovision Song Contest».

Наста Печанькова, Белсат