Пры манастырах з’явяцца дзіцячыя дамы


Дзіцячыя дамы маюць з’явіцца пры манастырах. Для нашае краіны гэта новая зʼява, але ў суседзяў ужо назапашаны досвед. І ён не станоўчы. І праваслаўная царква, і каталіцкі касцёл не раз траплялі ў гучныя скандалы праз маральны і фізічны гвалт над непаўналетнімі. Дык навошта рэжым Лукашэнкі хоча пайсці гэтым неадназначным шляхам? У тэме разбіралася Аліна Скрабунова.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Дзіцячыя дамы маюць зʼявіцца пры манастырах. Там будуць жыць дзеці ўзростам ад трох да васямнаццаці гадоў. Адпаведную пастанову Міністэрства адукацыі апублікаваў Нацыянальны прававы партал.

«Незразумела, чаго чакаць, бо гэтага ніколі не было і не магло быць. Бо адкуль пры манастырах ёсць педагогі, псіхолагі, сацыяльныя працаўнікі? Іх жа там няма, гэта незразумела», – кажа медыяэкспертка і экс-загадчыца кафедры БДУ Ірына Сідорская.

Ідэю манастырскіх дзіцячых дамоў яшчэ год таму кіраўніцтву Беларускай праваслаўнай царквы падказала старшыня Савету Рэспублікі Наталля Качанава:

«Сёння я хачу даць старт праекту, які мяне крануў да глыбіні душы. У хадзе майго візіту ў Маскву мы дамовіліся са старшынёй Савету Федэрацыі Валянцінай Іванаўнай Матвіенкай, што наведаем Пакроўскі манастыр. Матушка Феафанія нам паказала прытулак для дзяцей, чые бацькі пазбаўленыя бацькоўскіх правоў».

Практыка ствараць дзіцячыя дамы пры манастырах у Расеі невялікая і супярэчлівая, кажа навуковы працаўнік Цэнтру даследавання Усходняй Еўропы пры Брэменскім універсітэце Мікалай Мітрохін. Калі ў дзевяностыя гады такія прытулкі дапамагалі ратаваць дзяцей ад жабрацтва, то цяпер іхная функцыя – выключна негатыўная, зазначае эксперт:

«Мне наўпрост людзі, якія займалі адказныя пасты епархіяльнага ўзроўню, распавядалі, які гэта жах: там дзяцей гвалцяць, некаторыя дзіцячыя дамы нават ператварыліся ў бардэлі для высокапастаўленых чыноўнікаў, якія прыязджаюць спецыяльна».

У публічную прастору трапілі толькі некалькі скандалаў вакол гвалту над дзецьмі: у Свята-Багалюбскім жаночым манастыры ва Уладзімірскай вобласці і ў жаночым манастыры Святой Жываначальнай тройцы ў Падмаскоўі. Але такіх выпадкаў нашмат болей, кажа Мікалай Мітрохін:

«Усе гэтыя дзіцячыя дамы стараліся ў максімальнай ступені пазбегчы кантролю і дзяржавы і грамадскіх арганізацыяў, маўляў, не ўмешвайцеся ў нашую дзейнасць, што за сабой хавала сістэму гвалту не толькі фізічнага і сексуальнага, але і псіхалагічнага і эмацыйнага».

Рэжым Лукашэнкі не хоча апекавацца дзецьмі, а пераследуе іншыя інтарэсы, лічыць прадстаўніца грамадскай арганізацыі «Хрысціянская Візія» Наталля Гарковіч:

«Вядома, цяпер вельмі моцны ўплыў дзяржавы. І чаго яна хоча ад такой установы, як БПЦ? Яны хочуць выхоўваць такіх вось, умоўна кажучы, салдатаў. Што яны скажуць дзецям, як яны будуць іх выхоўваць, гэта вялікае пытанне, і на жаль, хутчэй за ўсё гэта будзе рэальна прапаганда».

Прапаганду ваеннай агрэсіі і «расейскага свету» бачым на прыкладзе Свята-Елісавецінскага манастыра, які адкрыта падтрымлівае вайну Расеі ва Украіне. Вядома, у Беларусі ёсць і іншыя манастыры, але ці гатовыя яны апекавацца дзецьмі?

«Усё ж такі царква ў нас афіцыйна адасобленая ад дзяржавы. Так, яна можа прымаць удзел у грамадскіх справах, але мы не мусім аддаваць ёй усё, што звязанае з выхаваннем, з адукацыяй дзяцей», – кажа медыяэкспертка і экс-загадчыца кафедры БДУ Ірына Сідорская.

У пастанове Міністэрства адукацыі адзначаецца, што пры накіраванні ў манастырскія дзіцячыя дамы будуць улічваць стаўленне дзяцей да рэлігіі.

«Дзеці не выбіралі такой установы, як дарослыя людзі, як манахі. І няма падставаў лічыць, што нейкімі іншымі прынцыпамі будуць выхоўваць дзяцей, чым манастырскімі. Не тое, каб вельмі строга, але досведу выхавання сямейнага ў манахаў няма». – лічыць даследніца, гісторык, праваабаронца, прадстаўніца грамадскай арганізацыі «Хрысціянская візія» Наталля Гарковіч.

У Беларусі больш за пятнаццаць тысяч дзяцей-сіротаў. Каля васьмідзесяці адсоткаў з іх жывуць не ў «традыцыйных» дзіцячых дамах, а на так званых сямейных формах выхавання. Пасля выбараў 2020 года дзяцей сталі адбіраць у бацькоў у тым ліку з палітычных прычынаў.

Аліна Скрабунова, «Белсат»