Радаўніца ў адселенай вёсцы чарнобыльскай зоны


Радаўніца – адзіны час, калі дазваляецца прыехаць на могілкі ў чарнобыльскую зону. Колішнія жыхары знішчаных вёсак ды нашчадкі выселеных вяскоўцаў прыязджаюць ушанаваць памяць продкаў.

Могілкі і пабудовы адной гаспадаркі – усё, што засталося ад вёскі з прыгожаю назвай Ліпа, што ў Буда-Кашалёўскім раёне. У пачатку 90-х – праз пяць гадоў пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС – адсюль выселілі тры сотні вяскоўцаў -127 двароў. Хаты з прычыны высокай радыяцыі закапалі ў зямлю.

«Канечне, ніхто не хацеў з’язджаць адсюль. Нарадзіліся тут, выраслі. І як гэта – пакінуць? Бацька не аднойчы казаў: «Мяне пахавайце таксама ў Ліпе». Так мы і зрабілі. Маці пахавалі тут, пасля маці пахавалі бацьку», – распавядае жыхар Гомля Уладзімір Канавалаў.

Бацькі спадара Уладзіміра пасля высялення апынуліся ў вёсцы Любань Акцябрскага раёну. Аднак абое прасілі на вечны супакой прывезці іх у Ліпу.

Пакланіцца магілам прыехала і гамяльчанка Таццяна. Продкам на Радаўніцу яна прывезла пачастунак, як здаўна водзіцца ў беларусаў.

«Наводзім парадак. Размаўляем з імі. І віншую з іх Радаўніцай, з Вялікаднем. Прадзед памёр у 37 гадоў, маладым, і дзеда таксама не было. Таму ў сямʼі былі адны жанчыны. Таму любілі самае смачнае – салодзенькае. Вось і прывезлі цукеркі, вафлі, пячэнне. Тое, што яны не маглі сабе дазволіць купіць», – кажа спадарыня Таццяна.

Жыхарка Гомля Зінаіда Юркова, у якой на ліпаўскіх могілках пахаваная ўся блізкая радня, прызнаецца, што адчувае боль, калі прыязджае сюды. Шкада родных, якія заўчасна пайшлі з жыцця, шкада і вёскі.

«Раней больш прыязджала людзей. А цяпер людзі паўміралі. Мала каго нават ведаеш, не пазнаеш. Вельмі далёка ездзіць, вельмі далёка. А так прыехалі паўбіралі, пабылі – вось і ўсё», – гаворыць спадарыня Зінаіда.

Ліпаўскія могілкі былі на дзве вёскі. Хавалі тут і жыхароў суседняга паселішча Зацішша, таксама закапанага праз чарнобыльскую катастрофу. Жыхарка Новай Гуты, што пад Гомлем, Ала Сядая згадвае паездкі на радзіму да родных перад іхным высяленнем.

«Калі прыязджалі, канечне, радыяцыя адчувалася. Хацелася спаць, вельмі пяршыла ў горле. Калі прыязджалі ў Гомель, памыемся, папалошчам горла – і праз гадзіну ўсё гэта праходзіла. І па раслінах. У нас пепенка была, яблычкі маленькія. А праз год агромністыя яблыкі выраслі», – распавядае спадарыня Ала.

Наведаць могілкі ў чарнобыльскай зоне дазваляецца толькі раз на год – у Радаўніцу. Ушанаваць памерлых продкаў прыехала і Вольга Канопліч з Берасця.

«І мама, і цёця, і дзядуля, і бабуля. Тут усе. І брат мой тут, але іх нікога ўжо даўно няма. Прыязджаем да свята, убіраем і разʼязджаемся. Вельмі шкада, хацелася б прыязджаць, як раней прыязджалі на выходныя. А цяпер – няма куды», – кажа спадарыня Вольга.

Ужо заўтра шлагбаумы на ўезд у адселеныя праз радыяцыю тэрыторыі будуць закрытыя. На могілках застануцца кветкі і велікодныя яйкі.

Анастасія Русецкая, «Белсат»