Еўразвяз падрыхтаваў для Беларусі як санкцыі, так і план дапамогі


Новыя санкцыі Еўразвязу, якія хутчэй за ўсё ўвядуць у чэрвені, будуць утрымліваць яшчэ паўсотні прозвішчаў чыноўнікаў з атачэння Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта агенству «Reuters» паведамілі некалькі еўрапейскіх дыпламатаў. Ці ўвядуць новыя абмежаванні супраць беларускіх прадпрыемстваў, пакуль невядома. Затое ўжо ёсць Усеабдымны план дапамогі Еўразвязу для Беларусі, але толькі не дзейнаму рэжыму.

Заўтра каманда Святланы Ціханоўскай ляціць у Грэцыю. Падчас трохдзённага працоўнага візіту лідарка беларускай апазіцыі сустрэнецца з грэцкім прэзідэнтам і міністрам замежных справаў, з кіраўніцтвам парламенту і мэрам Афінаў. Таксама Святлана Ціханоўская выступіць на буйным эканамічным форуме.

«Дэльфійскі эканамічны форум, дзе мы зможам паразмаўляць з прадстаўнікамі паўднёвых і паўднёва-усходніх краінаў, каб мабізілаваць палітычную падтрымку беларусаў, каб распавесці пра сітуацыю, якая цяпер у нашай краіне. І мы едзем з прапановамі, як яшчэ можна дапамагчы беларусам, як яшчэ мацней ціснуць на рэжым, каб спыніўся гвалт і выпусцілі палітвязняў», – распавяла Святлана Ціханоўская «Белсату».

Мэта працоўнага візіту – падняць беларускае пытанне ў грэцкай і паўднёваеўрапейскай павестцы дня, у тым ліку каб агульная бюракратычная машына аб’яднання 27-мі дзяржаваў хутчэй выдавала санкцыі супраць вертыкалі Лукашэнкі.

«Спачатку спісы прапануюцца прадстаўнікам міністэрстваў. Потым абмяркоўваюцца на экспертным узроўні, узроўні палітычных дырэктараў, і самы апошні этап – гэта абмеркаванні санкцыйных спісаў на ўзроўні міністраў», – тлумачыць сістэму Франак Вячорка, дарадца Ціханоўскай.

Самі санкцыі не зрынаюць дыктатуры, хоць і робяць яе існаванне больш дарагім і рызыкоўным, тлумачыць палітолаг Андрэй Казакевіч. Але гэта толькі адзін з інструментаў і дастаткова эфектыўны ў супрацы з іншымі.

«Санкцыі – гэта невялікая вяршыня айсбергу. Калі мы возьмем Еўразвяз. Сапраўды, там толькі 70 асобаў, каля 10 кампаній, і сукупны эканамічны эфект ад гэтага можа быць невялікі. Але трэба ўлічваць, што спыненыя праекты з ЕБРР, з Еўрапейскім інвестбанкам, Сусветным банкам. А гэта сотні мільёнаў», – тлумачыць Андрэй Казакевіч, дырэктар інстытуту «Палітычная Сфера».

Гэта заўважаюць і на Усходзе. Еўразійскі эканамічны банк развіцця ў макраэканамічнай справаздачы папярэдзіў пра рызыкі зніжэння экспарту ў Беларусь і пра магчымае паскарэнне інфляцыі з прычыны амерыканскіх нафтахімічных санкцыяў.

Апроч пугі для Лукашэнкі, ёсць і пернік для ягоных чыноўнікаў, якія вагаюцца. Напярэдадні прадстаўнік Еўракамісіі Мацей Папоўскі ў размове са Святланаю Ціханоўскаю прадставіў праект Усёабдымнага плану дапамогі Еўразвязу Беларусі.

«Яно паказвае і бізнесу, і грамадзянам, што план будзе, будзе дапамога, і гэта дазволіць знізіць негатыўныя наступствы ад змены існуючай палітычнай сістэмы і эканамічнай мадэлі», – кажа Андрэй Казакевіч.

Грашовая і палітычная падтрымка паступіць толькі пасля перамоваў ды абвяшчэння новых, свабодных выбараў – з міжнароднымі назіральнікамі і ў новым складзе Цэнтрвыбаркаму.

«Усеабдымны план дапамогі прадугледжвае дапамогу і на транзітны перыяд, і пасля новых свабодных выбараў. І дапамогу для функцыянавання дзяржавы ў цяжкі час, і на правядзенне рэформаў пасля выбараў», – удакладняе Франак Вячорка.

Але і палітыкі, і эксперты пагаджаюцца, што галоўны дзеяч, які можа вызначыць лёс Беларусі, – грамадзяне.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»