Беларусь апынулася сярод лідараў у свеце паводле колькасці разводаў


Беларусь – шостая ў свеце паводле колькасці разводаў: 3,7 на 100 асобаў. Наперадзе апынуліся Мальдывы, Казахстан, Расея і Малдова. Гэта вынікае з даследавання амерыканскай кампаніі «Petrelli Previtera». Яна спецыялізуецца ў сямейным праве і, у тым ліку, займаецца юрыдычным суправаджэннем разводаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Вольга і Андрэй Павукі гадуюць дваіх дзетак. Але ў разводзе. Дакладнай прычыны скасавання шлюбу яны не раскрываюць. Адно намякаюць.

« У Беларусі нізкая якасць жыцця, – сцвярджае Андрэй Павук. – Таму і людзі не хочуць шлюбавацца, размнажацца. Таму што якія ў іх перспектывы? Як ты будзеш выхоўваць дзіцёнка ў гэтай ідэалогіі мілітарысцкай?»

Людзі самі сябе не ведаюць, кажа Вольга. Моладзь не навучаная асновам трывалых партнёрскіх стасункаў і агулам не разумее сваіх чаканняў ад шлюбу.

«Людзі вельмі рана жэняцца ў Беларусі. І вось потым яны сталеюць, бачаць, што гэта не адпавядае ні іхным мэтам, ні каштоўнасцям. І таму яны разыходзяцца».

У адным з нядаўніх інтэрв’ю Вольга прызналася ў выпадках псіхалагічнага абʼюзу ад мужа і сказала, што ім увогуле не варта было жаніцца. Таму развод лічыць добрым выйсцем.

Псіхолагі сцвярджаюць: не бывае семʼяў без праблемаў. Вядомыя этапы крызісных станаў у шлюбе: 3 гады, 5, 7, 12, 15 гадоў. Паказнік, што крызіс наспявае – калі ўсё ў партнёры пачынае раздражняць. Самы час рабіць захады.

«Можна прафілактычна хадзіць на нейкія сустрэчы для сужэнцаў, на трэнінгі, – раіць псіхолаг Віялета Нікіцік. – Можна таксама чытаць разам кніжкі аб псіхалогіі адносінаў. І дыялог! Абмяркоўваць, камунікаваць з партнёрам: што з намі сталася, што мы можам зрабіць яшчэ адзін для аднога?»

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вяселле.
Фота: Pixaby

Але ёсць і верная прыкмета таго, што сямʼю ўжо не ўратаваць: пачуццё абыякавасці. Віялета Нікіцік азначыла гэты стан як «Я ўжо нічога не хачу».

«Гэты асноўны такі маркер, што – УСЁ. Ужо вялікая шчыліна паміж вамі. І няма таго эмацыйнага цэменту. Таго, што вас цягнула, і вас нічога не цягне. Вы нічога не хочаце ўжо ад свайго партнёра».

Паводле Белстату, у 2018 годзе колькасць разводаў дасягала 48 %. У 2021-м – ужо 57 %. Але найгоршы вынік зарэгістраваны ў 2020-м – амаль 70 % семʼяў развалілася. Летась – 61 %.

Змяншаецца і колькасць вяселляў. Гендарная даследніца, сузаснавальніца фем-групы «Беларусь» Алена Агарэлышава звязвае гэта з усплёскам эміграцыі з краіны.

«Людзі, якія раней бы прыносілі патэнцыял у Беларусь і з пункту гледжання эканамічнага, і з пункту гледжання дэмаграфічнага, – менавіта яны як бы вымываюцца з нашай статыстыкі праз тое, што з’язджаюць з рэспублікі. Мне здаецца, што далей гэтая перспектыва будзе яшчэ пагаршацца».

Дзяржава робіць пэўныя захады для ўмацавання інстытуту сямʼі ў Беларусі. Распрацаваны Кодэкс аб шлюбе і сямʼі і шматлікія законы. Для шматдзетных сёлета абяцаюць пабудаваць 6000 кватэраў. Але, на думку гендарнай даследніцы Алены Агарэлышавай, агітацыя і прапаганда працуюць не вельмі ўдала праз некалькі фактараў.

«Асноўным фактарам з’яўляецца эканамічны: ці ёсць грошы, рэсурсы на тое, каб гадаваць дзяцей. Немалаважным з’яўляецца таксама фактар бяспекі. Тут і палітыка, і рэпрэсіі, і вайна, у якую так ці інакш уцягнутая Беларусь».

Размясціўшы Беларусь на шостым месцы паводле колькасці разводаў у сусветным рэйтынгу, юрыдычная кампанія «Petrelli Previtera» пералічыла наступныя прычыны: ужыванне алкаголю, беспрацоўе, беднасць, сямейны ґвалт і адсутнасць жытла ў выніку ўрбанізацыі.

Марына Яновіч, «Белсат»