У беларускім хакеі адбылася ракіроўка


Услед за непрацягненнем кантракту ў менскім «Дынама» канадзец Крэйг Вудкрафт застаўся і без пасады галоўнага трэнера беларускай нацыянальнай каманды.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Ягонае месца зойме 56-гадовы расеец Дзмітрый Квартальнаў.

Апошні год спецыяліст правёў без працы. Да гэтага Квартальнаў тры гады ўзначальваў «Ак Барс» з Казані, таксама ў паслужным спісе трэнера значацца «Сібір», «Северсталь», яраслаўскі «Лакаматыў» і ЦСКА. З масквічамі Квартальнаў тройчы рабіўся найлепшым у рэгулярным сезоне КХЛ, аднак узяць галоўны кубак турніру так ні разу і не здолеў.

«Заўзятарам “Дынама” было балюча ад магчымага прызначэння Міхаіла Захарава ці нейкага трэнера з беларускага чэмпіянату – нават не трэнера ўзроўню Вудкрафта. Таму прызначэнне Квартальнава можа выглядаць (не абавязкова стане) крокам наперад для “Дынама”», – дзеліцца меркаваннем былы прэсавы сакратар «Дынама» Раман Шаўцоў.

Яшчэ два тыдні таму Вудкрафт выказваў жаданне працягнуць супрацу.

Аднак не дапамаглі ні чатыры траплянні з «зубрамі» у плэй-оф Кантынентальнай хакейнай лігі, ні зварот да Лукашэнкі разам са зборнікамі, больш падобны на «пакаяннае відэа» у кабінеце ГУБАЗіК, ні дынамаўскае трэнаванне і параза ў спарынгу з камандаю Лукашэнкі.

Менскім «Дынама» канадзец кіраваў цягам 303 матчаў, што стала рэкордам клубу.

«Ён нічога не казаў пра фальсіфікацыі на выбарах, ён нічога не казаў пра рэпрэсіі (больш за тое, удзельнічаў у іх), ён нічога не казаў пра вайну, што дзіўна для чалавека, які нарадзіўся і жыў у свабоднай краіне Канадзе. Але, калі казаць пра яго толькі як пра трэнера, то, пры тых умовах, што былі, ён даваў вынік. За “Дынама” сорамна амаль ніколі не было ў спартовым плане», – дадае Раман Шаўцоў.

Замена канадскага спецыяліста расейскім хутчэй за ўсё не звязаная з фінансавым чыннікам.

Хоць афіцыйнай інфармацыі аб будучым заробку Квартальнава няма, аднак, паводле інфармацыі расейскіх медыяў, трэнер патрабаваў ад патэнцыйных працадаўцаў прыкладна 780 тысячаў долараў на год. Для параўнання заробак Вудкрафта складаў каля 330 тысяч долараў.

Аб прызначэнні Квартальнава выказаўся Дзмітрый Баскаў, былы кіраўнік Федэрацыі хакею Беларусі, забанены міжнароднай федэрацыяй за палітычны ціск на падначаленых і, меркавана, датычны да забойства Рамана Бандарэнкі:

«Дзмітрый Квартальнаў сам праявіў высокую зацікаўленасць у працы ў Беларусі. Квартальнаў – трэнер з вялікімі і, галоўнае, апраўданымі амбіцыямі. Частка ягонага бачання хакею – гэта праца з моладдзю, што і стала вызначальным пры выбары на карысць гэтага спецыяліста».

Першыя афіцыйныя матчы чакаюць Квартальнава ўжо ў траўні, калі пазбаўленая сапраўдных міжнародных спаборніцтваў нацыянальная зборная правядзе серыю матчаў з таксама забаненымі расейцамі ды зборнаю Казахстану. А ўжо летам расейскі адмысловец пачне рыхтаваць «Дынама» да новага сезону ў КХЛ.

Аляксандр Баразенка, «Белсат»