Лукашэнка ўзяўся за ІТ


Не лукашэнкаўская палітыка, а нібыта краіны Захаду спрабуюць здушыць айчынную IT-галіне, заявіў кіраўнік рэжыму ў Беларусі. І гэта не вельмі добры сігнал, бо пасля такіх прызнанняў дзяржава бярэцца ратаваць, у двукоссі, тое, што яшчэ дыхае. Лукашэнка загадаў кіраўнікам ІТ быць крэатыўнымі, забяспечваць сваю эканоміку і нарошчваць экспарт паслугаў. Задуманыя метады «стымулявання» галіны будуць нестандартнымі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Тэхналогіі – не калійная соль. Іх продаж не патрабуе выбудоўвання складанай лагістыкі і не баіцца адлегласцяў. Ва ўмовах эканамічных абмежаванняў Лукашэнка загадаў адказным за IT:

«Трэба асвойваць новыя рынкі. Замясціць заходнія інвестыцыі азіяцкімі. І агулам, калі недзе ствараецца годны прадукт – якія б не былі перашкоды, платы і прыпоны – гэты прадукт будзе запатрабаваны. Яго набудуць».

«Адседзецца пад плінтусам не атрымаецца», – папярэдзіў Лукашэнка адказных за развіццё галіны пад час прысвечанай ПВТ нарады. Дэ-факта ён прызнаў, што беларускі «рай для праграмістаў» губляе пакупнікоў у краінах Захаду. Маўляў, «калі нас не хочуць бачыць у адной частцы планеты – вымушана ідзём у другую частку (азіяцкі і, магчыма, афрыканскі напрамак)».

То бок сярэдні ўзровень кваліфікаванасці кадраў знізіўся. Стрымаць уцёкі каштоўных працаўнікоў спрабавалі праз забарону на выйсце з бізнесу для інвестараў з так званых «недружалюбных» краінаў. У выніку яны скарацілі штат – нават на дзве траціны ў выпадку «EPAM».

Летась пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне Белстат закрыў ад грамадскасці звесткі пра экспарт тавараў і паслугаў, таксама з сектару IT. Днямі ж статыстыкі схавалі і звесткі, датычныя ўцякання працаўнікоў са свабоднай эканамічнай зоны.

Апошнія апублікаваныя звесткі за сёлетнія студзень-люты: з сектару «інфармацыя і сувязь» пайшлі 1686 працаўнікоў. Летась жа менскі Парк высокіх тэхналогіяў пакінулі шаснаццаць з паловаю тысяч беларускіх IT-спецыялістаў. Рэжым пастанавіў даць новы імпульс развіццю галіны і стварыць умовы для ўсіх беларускіх айцішнікаў.

«Падыход нестандартны. Але ў гэтай галіне практычна заўжды патрабуюцца нейкія крэатыўныя рашэнні», – казаў дыктатар.

Прынамсі адная з ідэяў: завабіць высокакваліфікаваных спецыялістаў жытлом, нечакана, у вясковай мясцовасці.

Эксперыментам будзе будаўніцтва вёскі для айцішнікаў у Піліпавічах, што ў дзесяці кіламетрах ад Жабінкі і ў дваццаці – ад Берасця. Шэсць гектараў зямлі пад трыццаць прыватных дамоў.

IT-прадпрымальнік Яраслаў Ліхачэўскі казаў у «Студыі “Белсат”», што ідэя – геніяльная з эканамічнага пункту гледзішча, бо ВУП у сельсавеце можа вырасці нават на дзесяць адсоткаў. Пытанне у прывабнасці такога жытла для людзей, якія добра зарабляюць.

«Вельмі падабаецца беларуская прырода. Але я хачу, каб у мяне быў доступ да добрай адукацыі, да добрай медыцыны. Нават калі ты сярэднестатыстычны айцішнік з заробкам $ 2000 мне складана ўявіць, дзе можна траціць гэтыя грошы ў вёсцы Піліпавічы», – лічыць Яраслаў Ліхачэўскі.

Павел Лібер бачыць небяспеку ў тым, што Лукашэнка прызнаў праблемы ў галіне высокіх тэхналогіяў:

«Таму што, калі сталі казаць, што ў бізнесаў не вельмі добра, роўна пасля гэтага пачалі адміністратыўнымі спосабамі прымушаць іх заставацца ў краіне. І так далей. Таму я б на месцы айцішнікаў вельмі ўважліва сачыў за тым, што адбываецца. Каб не атрымалася сітуацыі ў стылі “не атрымалася па-добраму, тады вось вам па-дрэннаму” – забараняем звальняцца і ўсіх пераводзім у Акадэмію Навук!»

Тое самае датычыць ідэі з пражываннем на вёсцы пад Жабінкаю. Наколькі добраахвотна будуць «прывабліваць» туды высокіх спецыялістаў – яшчэ пытанне.

Юлія Цяльпук, «Белсат»