Кантроль дзеля кантролю? Дзяржава будзе рэгуляваць цэны на лекі


Дзяржава зноўку збіраецца кантраляваць цэны на лекі. Маўляў, так яны будуць сумленнымі. У гэты самы час дзяржаўны вытворца лекаў цярпіць ад нястачы тары, а беларусы сутыкнуліся з дарагоўляю замежнага прэпарату ад эпілепсіі. Як выглядае сітуацыя ў айчынай фармацэўтыцы?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Дзяржава аднавіла рэгуляванне цэнаў на лекі. Адпаведны ўказ падпісаў Аляксандр Лукашэнка. Каб акрэсліць спіс лекаў, што трапляюць пад рэгуляванне, а таксама сам механізм вызначэння цэнаў, урад мае тры месяцы. Паводле Міністэрства аховы здароўя, гэта зробіць цэны на лекі больш сумленнымі.

«То бок чаму гэта робіцца? Ну, перадусім, каб быў такі кантроль, можна сказаць, татальны кантроль над цэнамі ў розных сферах, у гэтым выпадку лекі – не выключэнне. Тым больш гэта такі вельмі важны тавар – лекі», – кажа старэйшая навуковая працаўніца Цэнтру эканамічных даследаванняў «BEROC» Анастасія Лузгіна.

У аснову рэгулявання плануюць пакласці рэферэнты падыход, калі параўноўваюцца цэны на прэпарат і яго аналагі ў розных краінах. На думку эканамісткі, пры такім падыходзе важна ўлічыць, што вытворчасць лекаў у Беларусі праз лагістыку і шэраг іншых абставінаў часцяком даражэйшая, чым у іншых краінах. І, калі дзяржава падлічыць сярэдні кошт, беларускія вытворцы могуць проста не ўкласціся ў гэтыя лічбы.

«Рынак фармацэўтыкі – не выключэнне, найлепшы механізм рэгулявання цэнаў – рынкавы, калі ёсць розныя вытворцы, розныя пастаўляльнікі, яны могуць канкураваць паміж сабой. І ў гэтым выпадку прызначаецца найбольш адэкватная цана для спажыўца», – лічыць старэйшая навуковая працаўніца Цэнтру эканамічных даследаванняў «BEROC» Анастасія Лузгіна.

З іншага боку, рэгуляванне цэнаў – гэта і спроба прыбраць канкурэнтаў, мяркуе дырэктар грамадскай арганізацыі «Дактары за праўду і справядлівасць» Алег Дарашкевіч:

«Скажам, ёсць фірмы, лекі якіх не атрымліваецца скапіяваць так проста. А дзяржава: ешце, што ёсць. Вядома, нейкія эквіваленты танныя існуюць, але яны не такія эфектыўныя, але дзякуючы цэнаваму ціску дзяржава прыбірае канкурэнтаў».

А канкурэнцыі ўжо няма: бацькі дзяцей-інвалідаў просяць Міністэрства аховы здароўя ўнесці супрацьэпілептычны прэпарат «Сабрыл» і яго аналагі ў спіс ільготных.

«Ён [“Сабрыл”] паказаў высокую эфектыўнасць у выкарыстанні пры цяжкіх формах (сіндромы Ўэста, Лэнакса-Гасто і іншых). Але складанасць заключаецца ў тым, што гэтага прэпарату няма ў спісе льготных лекаў, а кошт яго – досыць высокі. Некаторым з нас даводзіцца набываць сабрыл доўгія гады за ўласныя сродкі за межамі краіны», – зазначана ў тэксце петыцыі.

Айчынны вытворца лекаў таксама сутыкнуўся з нястачаю. Прадпрыемства «Белмедпрэпараты» адчувае дэфіцыт дэталяў для пакавання. Усе кроплі для вачэй, што выпускаюць на заводзе, цяпер прадаюцца без адмысловых вечак-кропельніцаў.

«Гэта выдаткі вытворчасці. Гэта з усімі кроплямі для вачэй. Мы працуем над зменамі, імаверна, зменім дызайн. На жаль, мы толькі можам рэкамендаваць набываць піпеткі для закапвання ў вочы», – адказалі ў «Белмедпрэпаратах».

На думку Алега Дарашкевіча, значную ролю ў праблемах беларускай фармацэўтыкі адыгралі санкцыйныя абмежаванні:

«Санкцыі! Там многія кампаненты пастаўляюцца толькі фірмамі, краіны-вытворцы якіх далучыліся да санкцыяў супраць рэжыму на палітычнай аснове. Гэта было чакана – няма чым замяніць».

На думку эксперта, у такіх умовах рэгуляванне цэнаў на лекі стварае толькі дадатковыя праблемы.

Аліна Скрабунова, «Белсат»