«Мы былі месяц у акупацыі, мы не бачылі хлеба, мы на агні варылі есці, паколькі ў нас няма ні святла, ні газу»


Адзенне, сродкі гігіены, харчы. Рота Браварскога раёну батальёну «Патрыёт». Валанцёры і добраахвотнікі загружаюць гуманітарную дапамогу для аддаленых вёсак Кіеўскай вобласці.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Валанцёрка Таццяна кажа:

«У людзей няма сродкаў, каб мыцца, нічога няма. І таму максімальна, што мы робім, мы стараемся давозіць да самых далёкіх вёсак, дзе яшчэ толкам не было нават размініравання».

Асобная пасылка – для дзяцей. Запоўненыя скрынкамі ды мяхамі машыны едуць у Пэрэмогу – паселішча за сорак кіламетраў на ўсход ад Кіева.

Зусім нядаўна Пэрэмогу вызвалілі ад расейскіх захопнікаў. Адыходзячы, вораг замініраваў дарогі, дамы. Да аўтобусаў з дапамогай ужо стаіць чарга, валанцёраў тут вельмі чакаюць.

Кажа жыхарка вёскі Пэрэмога Тамара:

«Мы былі месяц у акупацыі, мы не бачылі хлеба, мы на агні варылі есці, паколькі ў нас няма ні святла, ні газу. А як прыйшлі ўжо нашыя, яны нас не пакінулі ні на адзін дзень».

Іншая жыхарка вёскі дадае:

«Вельмі цяжка было купіць крупы, бо ты стаяў у чэргах па паўтары гадзіны, і калі да цябе даходзіла, табе ўжо не хапала».

Наступны адрас – дзіцячы дом сямейнага тыпу недалёка ад Пэрэмогі. Цяпер тут 9 дзяцей. Ёсць зусім маленькія. Цацкі ды прысмакі для іх – вялікая радасць.

Бацька-выхавальнік Аляксандр дзякуе добраахвотнікам і кажа, што сам было хацеў пайсці абараняць Украіну, ды ў ваенкамаце адправілі дадому:

«Праблемы цяпер як ва ўсіх сем‘яў, праблемы былі з харчамі, з бензінам. Самая вялікая праблема – страх за дзяцей. 759 Такі быў страх… Што рабіць далей?».

На памяць валанцёры распісваюцца на жоўта-сінім сцягу і са словамі падзякі дораць яго дзіцячаму дому.

Камандзір Браварской роты батальёны «Патрыёт» кажа:

«Вельмі прыемна было дапамагчы дзецям, прывезці дзецям ежу, рэчы, падзяліліся трохі грашовым сродкамі».

Праз дарогу – дом састарэлых. Пакеты і скрынкі нясуць сюды. Тут жывуць 16 адзінокіх старых.

Загадчыца аддзялення Ніна распавядае:

«Няма словаў, няма словаў падзякі для гэтых хлопцаў, мы кланяемся перад гэтымі дзецьмі, перад гэтымі хлопцамі. Мы схіляемся перад гэтымі людзьмі. Калі б ні гэтыя хлопцы, у нас было б тое самае, што і ў Быкава, таксама самае, што ў Лук’янаўцы, а так, дзякуй богу, мы жывыя, мы цэлыя».

Неўзабаве пусты гуманітарны канвой вяртаецца ў Кіеў, каб на наступны дзень адвезці дапамогу ў вёску Новае Сяло.

Антон Каменскі, Уладзімір Старыковіч, «Белсат»