Як можа выглядаць місія NATO ва Украіне?


Беларусь на траціну павялічыла імпарт зброі ў 2019-2023 гадах. Гэта вынікае са справаздачы Стакгольмскага міжнароднага інстытуту даследавання праблемаў міру.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Узбраенне Лукашэнка атрымаў з Расеі. Крэмль лічыць сябе ў стане пастаўляць зброю трэцім краінам. Бо нібыта вырабляе ўтрая больш артылерыйскіх снарадаў, чым ЗША і Еўропа для патрэбаў Кіева. CNN называе лік – тры мільёны снарадаў на год. Але…

«Тры мільёны боепрыпасаў для Расеі – гэта мала. Расея выкарыстоўвала так званы агнявы вал, калі даходзіла да 70 000 боепрыпасаў у суткі. Выкарыстоўваючы гэта ў 22-м годзе. Вось гэта быў узровень, які Расея лічыць нармальным. А тры мільёны – гэта будзе каля 10 000. Гэта вось тое, што яны зараз маюць. Але гэтага недастаткова», – кажа дырэктар даследчага цэнтру «New geopolitics research network» Міхайла Самусь.

Аднак пакуль снарадавы голад адчуваюць ЗСУ. Паводле Уладзіміра Зяленскага, акурат недахоп боепрыпасаў стаў прычынаю адступлення войскаў ад Аўдзееўкі. І, відаць, гэта разумеюць саюзнікі Кіева. Гэтак, яшчэ ў лютым прэзідэнт Чэхіі Пэтр Павэл заявіў, што адшукаў 800 000 боепрыпасаў для Украіны ў трэціх краінах. Месяц спатрэбіўся Еўразвязу, каб знайсці на іх сродкі. Днямі Павэл абвясціў, што ўсё гатова для перадачы ЗСУ:

«Калі не будзе фундаментальных праблемаў, боепрыпасы могуць прыбыць ва Украіну цягам некалькіх тыдняў».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сцягі Украіны і NATO. Крыніца: ukrinform.pl

Апошнім тыднем заходнія лідары заяўляюць, што Украіна можа атрымаць дапамогу і людской сілаю. Прынамсі, прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон некалькі разоў агучыў, што войскі ягонае краіны ды чальцоў NATO могуць адправіцца ва Украіну.

«Будучыня адносна выбараў у Штатах незразумелая. Будучыня адносна пазіцыі Трампа, ізноў жа, не тое, каб зразумелая. Плюс загінулі грамадзяне Францыі. Плюс вось гэтыя аперацыі да дамінавання гэтай старой Еўропы. Усё склалася разам», – тлумачыць палітолаг і спецыяліст у нацыянальнай бяспецы Аляксандр Казак.

Не выключае адпраўкі войскаў NATO ва Украіну і Пэтр Павэл. У інтэрв’ю чэшскаму тэлебачанню ён распавёў, як можа выглядаць місія Паўночнаатлантычнага альянсу:

«Калі б мы маглі дамовіцца з саюзнікамі, што, напрыклад, замест таго, каб трэнаваць украінскіх жаўнераў на тэрыторыі краінаў-чальцоў NATO і перакідаць тысячы вайскоўцаў, скажам, у Польшчу ці Чэхію, было б значна лагічней перакінуць некалькі дзясяткаў інструктараў на ўкраінскую тэрыторыю і там трэнаваць украінскіх жаўнераў».

Аднак існуе і яшчэ адзін варыянт:

«Былі пэўныя мапы пра тое, што натаўскія войскі могуць стаць на мяжы з Беларуссю для таго, каб разгрузіць войскі Украіны. Каб войскі Украіны маглі перадыслакавацца на іншыя, больш важныя кірункі. Зноў жа, калі гэта будзе лагістычная аперацыя, то крайне малаверагоднае нанясенне нейкага ўдару па прамым кантынгенце Захаду», – кажа Аляксандр Казак.

Тым часам у МЗС Нямеччыны заявілі, што Берлін згодны перадаць Украіне дальнабойныя крылатыя ракеты «Taurus». Але толькі праз абмен на ракеты «Storm Shadow» з Вялікай Брытаніяй.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»