Што забыўся ўзурпатар у Іране?


Афіцыйныя фармулёўкі, што суправаджаюць заўтрашні візіт Лукашэнкі ў Іран, даволі празаічныя. Маўляў, будуць абмяркоўваць гандлёва-эканамічную супрацу, прамысловасць, сельскую гаспадарку, транспарт і лагістыку.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Нададуць увагу і сітуацыі ў рэгіёне ды свеце агулам.

«Ёсць даволі інтэнсіўныя адносіны палітычнага і стратэгічнага характару паміж Менскам і Іранам, як і з Расеяй. Я думаю, што Беларусь – будзе толькі адзін з ключавых момантаў для абыходу санкцыяў у дачыненні прадпрыемстваў ВПК, ну, і элемент зборкі нейкіх узбраенняў», – сцвярджае палітолаг Павел Усаў.

Сапраўды, у мінулым верасні на саміце Шанхайскай арганізацыі супрацы Лукашэнка сустракаўся з прэзідэнтам Ірану Эбрагімам Раісі. Тады яны дамовіліся «інтэнсіфікаваць стасункі». Што канкрэтна можа стаяць за такою фармулёўкай? Палітык Павел Латушка кажа:

«Насамрэч, гаворка будзе ісці пра гандаль зброяй ды пастаўку зброі ў інтарэсах РФ для працягу вайны супраць Украіны. Сфера прамысловасці, гэта – супольная вытворчасць узбраення. Мы ведаем, што ўжо пэўны час ідзе прапрацоўванне і рыхтаванне супольнай вытворчасці балістычных ракетаў на тэрыторыі Беларусі. А таксама – дронаў у інтарэсах РФ».

Іран нярэдка называюць адным з апошніх саюзнікаў Расеі ў вайне з Украінаю. Іран вінавацяць у пастаўках Расеі зброі ды рыштунку, найперш, дронаў-камікадзэ, ад якіх цярпіць цывільнае насельніцтва ды інфраструктура Украіны. Да таго ж, занепакоенасць у свеце выклікае іранская ядравая праграма.

«Фактычна, Лукашэнка здзяйсняе візіты ў тыя краіны, якія ў перспектыве будуць ці ўжо сёння ёсць гэтак званаю воссю зла. Гэта – Расея, Беларусь, гэта – Іран. Напэўна, наступны візіт Лукашэнка здзейсніць у Паўночную Карэю. Узнікае пытанне толькі ў дачыненні Кітаю. Ці гатовы будзе Кітай увайсці ў гэтую вось зла?», – дадае Павел Латушка.

Аналітыкі, аднак, найчасцей сыходзяцца ў меркаванні, што для Кітаю найважнейшы – эканамічны фактар. Крытычна напальваць сітуацыю, а тым больш ваяваць з Захадам краіне нявыгадна, бо заходнія краіны – асноўны рынак збыту кітайскай прадукцыі. Што ж да стасункаў Кітаю з Беларуссю і Расеяй, тут таксама ёсць чысты разлік, упэўнены эксперт.

«Думаю, што гэта не складае нейкую макраэканамічную мадэль узаемаадносін, але, ўсё ж такі, Кітай збольшага зацікаўлены ў тым, каб Беларусь заставалася пакуль як транзітная зона. Пакуль Кітай не знойдзе альтэрнатыўных транзітных шляхоў, каб абмінуць і Расею, і Беларусь», – мяркуе Павел Усаў.

Лукашэнка двойчы наведваў Іран, столькі ж Менск наведвалі іранскія прэзідэнты. Эканамічная ж супраца паміж краінамі даволі сціплая: таваразварот за мінулы год склаў усяго сто мільёнаў долараў.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»