Ці маюць права хворыя на COVID-19 атрымліваць лекі бясплатна пры амбулаторным лячэнні?


Ганна Міхалевіч, пенсіянерка з Пінску, захварэла на COVID-19 яшчэ ў студзені. Лячылася жанчына дома, антыбіётык Мегасеф, што прызначыў доктар, каштаваў больш як сто рублёў.

«У той час была задача знайсці гэтыя лекі і набыць, незалежна ад кошту», – кажа Мікалай, муж Ганны Міхалевіч.

«Я ўзяла гэтыя рэцэпты, пайшла ў аптэку, пабачыла, якія гэта грошы вялікія за гэтыя ўколы, за гэтае лячэнне, і канечне, стала мне жудасна», – узгадвае жанчына.

Праз некаторы час пара выпадкова даведалася, што пры амбулаторным лячэнні ад COVID ёсць магчымасць атрымаць лекі бясплатна, дзякуючы адмысловай пастанове Савету Міністраў. Але мала хто пра яе ведае.

«Упершыню пра гэта чую. У мяне муж хварэў, але лекаў ніхто не выдаваў».

«Мой муж хварэў на COVID, але ён за лекі плаціў».

«Чулі пра такое, што павінны выдаваць бясплатна, але па факце, мне падаецца, ніхто нічога не дае нікому».

Пастанову нумар 344 Савет Міністраў Беларусі прыняў летась 15-га чэрвеня. Згодна з дакументам, інфекцыю COVID-19 унеслі ў пералік захворванняў, якія даюць права амбулаторным пацыентам атрымліваць лекі бясплатна. Але не любыя лекі.

Спіс зацверджаны загадам Міністэрства аховы здароўя пра лекаванне COVID-19. І ўключае ён шэсць прэпаратаў у форме таблетак: парацэтамол, азітраміцын, амаксіцылін / клавуалонавая кіслата, кларытраміцын, цэфураксім аксетыл і левафлаксацын.

Але чаму пра гэтую пастанову Савету Міністраў не інфармуюць хворых, пазбаўляючы іх выбару?

«Была размова ў мяне з галоўнай лекаркай пінскай гарадской паліклінікі, якая выразна і ясна сказала, што гэтая пастанова напісаная для іх, для дактароў, а не для нас – пацыентаў, спажыўцоў», – распавядае Мікалай Міхалевіч.

Дзеля таго, каб пра магчымасць бясплатнага атрымання лекаў даведалася больш людзей, Мікалай Міхалевіч запісаўся на тэлефонную размову да Ірыны Максімюк, намесніцы старшыні Пінскага гарвыканкаму. Запытаўся пенсіянер у чыноўніцы не толькі пра тое, чаму на дзвярах кожнай паліклінікі няма інфармацыі пра бясплатныя лекі ці як вярнуць патрачаныя на лячэнне грошы.

«Чаму парушаецца артыкул 34 Канстытуцыі РБ, дзе грамадзянам РБ гарантуецца права на атрыманне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі пра дзейнасць дзяржаўных органаў?», – задае чарговае пытанне спадар Мікалай.

Адказаў на свае пытанні Мікалай Міхалевіч чакае ў пісьмовай форме. А наш тэлеканал будзе сачыць за развіццём падзеяў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»