«Асабістая помста чалавеку, які стаў лідарам беларусаў». Сяргею Ціханоўскаму пагражае да 15 гадоў


Абвінавачванні Сяргею Ціханоўскаму – гэта расправа – лічыць ягоная жонка Святлана, якая разам з мужам сталася сімвалам пераменаў у Беларусі. Судзіць аўтара каналу «Страна для жизни» будуць прадстаўнікі сістэмы, якая намагаецца пераменаў не дапусціць. Абвінавачанняў для Ціханоўскага і некалькіх фігурантаў яго справы – чатыры, максімальная адказнасць – 15 гадоў калоніі. У чым сутнасць абвінавачанняў?

«СТОП-таракан» і вялікі тапак – найбольш пазнавальны візуальны сімвал пікетаў за вылучэнне Сяргея Ціханоўскага ў прэзідэнты.

У палітыку блогер ішоў пад лагатыпам Yuotube-каналу «Страна для жизни», праз які даваў слова пакрыўджаным уладаю беларусам.

29-га траўня ў Горадні яго ўзялі ў выніку спланаванай сілавікамі правакацыі. Сёння пачалі рыхтаваць справу ў суд.

«Сабраныя доказы непасрэднай узаемасувязі здзейсненых злачынстваў з дзейнасцю экстрэмістаў, якія ажыццяўляюць маніпуляванне грамадскай свядомасцю з дапамогай дэструктыўных телеграм-каналаў (у тым ліку прызнаных экстрэмісцкімі) і іншых, што пацвярджаецца матэрыяламі крымінальнай справы, аператыўна-вышукавай дзейнасці, заключэннямі праведзеных лінгвістычных і псіхалагічных экспертызаў».

Найбольш жорсткая адказнасць паводле высунутых Следчым камітэтам абвінавачанняў – 15 гадоў калоніі. Гэта «столь» артыкулу 293 ч. 1 КК – арганізацыя масавых беспарадкаў. Ужываць яго супраць лідараў апазіцыі ўлада пачала пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010-га года. Артыкул інкрымінавалі агулам пяці дзясяткам асобаў, сярод якіх і экс-кандыдат Мікола Статкевіч, які праходзіць па справе Ціханоўскага.

Другі артыкул для блогера – ч. 3, арт 130 КК «распальванне сацыяльнай варожасці» з магчымым зняволеннем да 12 гадоў…

«Артыкул 130 найперш закліканы дзеля абароны ўразлівых груп, у дачыненні да якіх распальваецца варожасць – паводле рэлігійных, нацыянальных прыкметаў, а не прафесійных», – кажа Валянцін Стэфановіч, праваабарончы цэнтр «Вясна».

Чыноўнікі і сілавікі – не сацыяльная група. Упершыню такую формулу абвінавачання прасоўвалі супраць анархіста Змітра Паліенкі, які нібыта распальваў варожасць супраць міліцыянтаў праз гарадское графіці.

Наступнае абвінавачанне Ціханоўскаму – артыкул 191 ч. 2 – перашкода працы ЦВК, максімум 5 гадоў зняволення. За тое, што пагражаў зладзіць пікет ля дому Лідзіі Ярмошынай і завітаць да яе ў госці.

І апошняе, у чым вінавацяць палітвязня – грубае парушэнне грамадскага парадку, да трох гадоў калоніі. Жонка Сяргея – Святлана пракаментавала:

«Абвінавачванні Сяргею – гэта не суд, а расправа. Суддзям, следчым і пракурорам, якія збіралі гэтую справу, хачу сказаць: я разумею, што пры гэтым рэжыме вы ўжо нічога не вырашаеце. Але ж вашымі рукамі зараз робяць асабістую помсту чалавеку, які стаў сапраўдным лідарам беларусаў».

«Белсат» запытаўся ў берасцейцаў, што яны думаюць на конт прысуду Ціханоўскаму:

«Чалавек папросту вёў блог, па гарадах ездзіў, нейкая актыўная пазіцыя ў чалавека была. Ды ўсе ж бачылі ў сацыяльных сетках, як яго затрымлівалі!»

«Я лічу што няправільна абвінавацілі Ціханоўскага і таксама лічу, што прыйшоў час, калі ўлада мае ўсё ж змяніцца».

«Следчы камітэт ужо расследаваў дзевяць вылучаных са «справы Ціханоўскага, шмат разоў яго сустракала… Пакуль не скінуць гэтага лысага – не будзе плёну. Я жадаю Ціханоўскаму хутчэй вызваліцца, няхай праўда адновіцца».

Следчы камітэт ужо расследаваў дзевяць вылучаных са »справы Ціханоўскага« крымінальных справаў у дачыненні 25 асобаў, якія «рыхтаваліся да ўдзелу ў масавых беспарадках і захопу адміністрацыйных будынкаў». Сёлета прагучалі першыя абвінаваўчыя прысуды.

Юлія Цяльпук, «Белсат»