Паэтычная імпрэза «Вершы на асфальце» у Вільні


Акунуцца ў свет сучаснай беларускай літаратуры і замежных творцаў. Узяць удзел у дыскусіях і прэзентацыях кніжных навінак… У літоўскай сталіцы праходзіць паэтычны фестываль «Вершы на асфальце» імя Міхася Стральцова.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Міжнародны паэтычны фестываль «Вершы на асфальце» праходзіць гэтымі днямі ў літоўскай сталіцы. Традыцыйна ўдзел у імпрэзе ўзялі творцы з Беларусі, Літвы, Польшчы, Швецыі, Нарвегіі ды іншых краінаў.

«Я – шчаслівая, што можам бачыць у гасцях беларускіх паэтаў і паэтак у Вільні ў Звязе пісьменнікаў Літвы. Ведаю, што яны ня маюць магчымасці арганізаваць такога кшталту фестываль у сябе ў Менску», – зазначыла Біруце Ёнушкайце, прэзідэнтка Звязу пісьменнікаў Літвы, празаік, паэтка, перакладчыца.

Фестываль быў заснаваны ў 2012-м на 75-годдзе славутага беларускага паэта Міхася Стральцова.

«Гэта – адзін з улюбёных паэтаў, празаікаў, эсэістаў для тых, хто разбіраецца ў літаратуры. Стральцоў заўсёды быў у цені больш папсова шырока вядомых волатаў», – распавёў паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч.

У межах фестывалю журы абірае лаўрэата прэміі імя Стральцова. Сёлета пераможцам, ужо шостым, стаў паэт і перакладчык Юрась Пацюпа з кнігаю «Рой».

«Выдатны паэт. А самае галоўнае (можа, хто не ведае) – адзін з самых буйных мовазнаўцаў сучасных», – падкрэсліў пісьменнік, перакладчык і празаік Алег Мінкін.

Таксама на фестывалі прэзентавалі кнігу, прысвечаную беларускаму нобэлеўскаму лаўрэату, праваабаронцу і палітычнаму зняволенаму – Алесю Бяляцкаму.

«Дзякуючы размове пра яго, мы можам гаварыць пра праблемы палітзняволеных, пра праблему несправядлівасці, якая зараз чыніцца, рэпрэсіяў і іншае. Для нас – гэта магчымасць, дзякуючы асобе, пра якую хочам сказаць, таксама яшчэ – і шырэй гаварыць пра тое, што адбываецца сёння ў Беларусі», – распавяла паэтка, перакладчыца, прадстаўніца Беларускага ПЭН Таццяна Нядбай.

Выданні вядомых беларускіх літаратараў у сучасным фармаце прэзентавала і інтэрнэт-бібліятэка Kamunikat.org. Летась фонду ўдалося запісаць дзевяць аўдыякніг, дзякуючы супрацы з Міжнародным саюзам беларускіх пісьменнікаў і кампаніяй «Будзьма».

«Гэтыя аўдыёбукі карыстаюцца вялікай папулярнасцю, некаторыя з іх маюць 4-5 тысяч праглядаў на ютуб-канале Kamunikat.org. І нашая праца над папулярызацыяй сучаснай беларускай літаратуры будзе працягвацца і ў гэтым годзе», – мяркуе Яраслаў Іванюк, старшыня фонду Kamunikat.org.

Наколькі дарэчна праводзіць такога кшталту імпрэзы ў час вайны, якой ахоплены ўвесь свет, ды рэпрэсіямі, што не спыняюцца ў Беларусі?..

«Паэзія – гэта голас любові ў свеце нянавісці. Паэзія – гэта голас розуму там, дзе розум пачынае фальшывіць, зачмураны ідэалогіяй», – рэзюмуе паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч.

Сёлетні фестываль «Вершы на асфальце» завершыцца ў нядзелю, у Віленскім музеі імя Луцкевіча ды Цэнтры беларускай супольнасці творчым вечарам Андрэя Хадановіча.

Марыля Дакуцька, «Белсат»