Хроніка расейскай агрэсіі супраць Украіны


Расея не мае рэсурсаў для новага поўнамаштабнага наступу, але варта рыхтавацца да завастрэння сітуацыі на Данбасе – такую заяву зрабіла Галоўнае ўпраўленне выведкі ўкраінскага Мінабароны. Паводле інфармацыі выведкі, цяпер галоўная мэта расейцаў – дасягненне прынамсі тактычнага поспеху на ўсходзе Украіны. Цяпер Расея спрабуе знайсці слабыя месцы ва ўкраінскай абароне.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Расейская авіяцыя ўдарыла па востраву Змяіны, які Украіна адваявала мінулым летам. У ноч на суботу расейскія бамбавікі скінулі на востраў 4 авіябомбы. Ваенная мэта гэтага ўдару – невядомая.

Таксама ўначы расейскія войскі з самалётаў і супрацькарабельных ракетных комплексаў абстралялі Адэскую вобласць.

Раней расейцы выпусцілі па ўкраінскай тэрыторыі больш за сотню ракетаў.

«Нанесены масаваны ўдар высокадакладнай зброяй паветранага, марскога і наземнага базавання, а таксама БПЛА – па крытычна важных аб’ектах сістэмы энергетыкі», – заявіў прадстаўнік Міністэрства абароны РФ Ігар Канашэнкаў.

Расейскае Міністэрства абароны заяўляе, што ракетныя і авіяўдары былі здзейсненыя, каб спыніць працу вайскова-прамысловага комплексу Украіны ды перадухіліць транспартаванне тэхнікі і боепрыпасаў. І нібыта ўсе мэты масіраванага ўдару дасягнутыя.

На зямлі гэта можа выглядаць іначай. Адна з расейскіх ракетаў проста ўпала ў гародзе вёсцы ў Львоўскай вобласці. Яна не разарвалася, ніхто не пацярпеў.

«У тым месцы, дзе ўпала ракета, яна зачапіла кабель. Давялося абясточыць частку вёскі», – тлумачыць Марʼян, электрык у Львоўскім раёне.

У Харкаве і ваколіцах, з прычыны расейскіх удараў па энергетычнай сістэме, ад электрычнасці адключылі 150 тысяч дамоў. Каб людзі не мерзлі, для іх у Харкаве працуе больш за 300 «Пунктаў нязломнасці», у тым ліку – у школах і пажарных дэпо. Там ёсць электрычнасць і гарачая ежа.

«Ужо было некалькі чалавек. Яны, у тым ліку, атрымалі паўэр-банкі, каб падсілкаваць свае электронныя прылады», – распавядае Алена Гетманская, намесніца дырэктара школы ў Салтаўцы (Харкаў).

Збіваць расейскія ракеты і іранскія дроны можна таксама і авіяцыяй паветранай абароны. Славацкі ўрад гатовы да перамоваў аб перадачы Украіне знішчальнікаў МіГ-29. Гэта не аслабіць абароны Славаччыны, бо самалёты будуць кампенсаваныя са сродкаў Еўразвязу. Гаворка, прынамсі, пра 12 МіГаў.

«Мы проста больш не ў стане карыстацца знішчальнікамі МіГ-29. Чаму б тады нам не аддаць іх туды, дзе яны могуць ратаваць чалавечыя жыцці?» – заявіў міністр абароны Славаччыны Яраслаў Надзь.

Тым часам, Расея актыўна перакідвае войскі на ўсход Украіны ды атакуе дзясяткі ўкраінскіх пазіцыяў, масава выкарыстоўваючы мабілізаваных пехацінцаў.

«У нашым рэгіёне яшчэ больш-менш атрымліваецца даваць адлуп расейцам. Але ў раёне Бахмуту нашым хлопцам значна цяжэй, бо там больш масаваныя сілы праціўніка», – распавядае журналістам Іван, баец 1-й танкавай брыгады ЗСУ.

Але гэтая тактыка прыводзіць да вялікіх стратаў у Расеі. Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны зрабіў выснову, што неэфектыўная тактыка і ненавучаныя «мобікі» сталі прычынаю няўдалага штурму ўкраінскіх пазіцыяў пад Вуглядарам Данецкай вобласці. Там практычна разгромленая 155-я брыгада марской пяхоты Ціхаакіянскага флоту. Пра страты распавядаюць і паланёныя там расейцы.

«Падчас нашага пераезду каманда памянялася, нам сказалі ісці на штурм. Адпаведна, да штурму ніхто не быў гатовы. Панеслі страты: 50% асабістага складу былі забітыя, не лічачы параненых. Змаглі толькі прабрацца ў падвал, там прасядзелі 5 дзён. Пасля чаго пачаўся штурм і мы здаліся ў палон», – распавёў на камеру старшына Мікалай Шаўчэнка, марскі пяхотнік Ціхаакіянскага флоту РФ.

Сёння байцы 128-й горна-штурмавой Закарпацкай брыгады апублікавалі відэа знішчэння калоны расейскай тэхнікі ў ваколіцах Бахмуту Данецкай вобласці. Там цяпер трываюць самыя цяжкія баі. Калона знішчаная артылерыйскім агнём, скарэктаваным украінскім беспілотнікам.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»