Як вучэнні адгукаюцца на ўездзе беларусаў ва Украіну?


Кіеў звярнуўся да Масквы з патрабаваннем растлумачыць ваенную актыўнасць паблізу ўкраінскае мяжы. Пра гэта заявіў кіраўнік МЗС Украіны Дмытро Кулэба. Калі адказ з Крамля не прыйдзе цягам двух содняў, Кулэба пагражае склікаць надзвычайную сустрэчу, прадугледжаную Венскім дакументам АБСЕ. Зрэшты, напружанасць паблізу ўкраінскіх межаў закранае і звычайных беларускіх грамадзянаў. Чаму?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Заезд для беларусаў ва Украіну ўскладніўся: памежнікі пачалі падрабязна пытацца пра мэты прыезду і службу ў войску. Некаторым беларускім грамадзянам у заездзе адмаўляюць. Нават тым, хто прыехаў не з тэрыторыі Беларусі.

«Нас адпусцілі з таварышам па няшчасці схадзіць паабедаць – пад канвоем. У прыбіральню – пад канвоем. Ніякіх зарадак, ежы, вады тут няма. Гэта пакой для мігрантаў, у які я адмовілася ісці, бо мяне не вельмі задавальняюць санітарныя ўмовы», – распавяла беларуска, якую не прапусцілі памежнікі кіеўскага аэрапорту Барыспаль.

Карыстальнікі сацсетак паведамляюць, што ў аэрапортах уладальнікаў беларускіх пашпартоў запрашаюць на 20-хвілінную размову. Тых, хто выклікаў у памежнікаў падазрэнне, апытваюць дадаткова.

«Праз, відаць, хвілінаў 40, у найлепшым выпадку, сталі выклікаць па адным у кабінет. Там стаіць стол, камп’ютар, да цябе звернутая камера. Там сядзіць супрацоўніца, якая задае пытанні, у тым ліку шмат асабістых пытанняў. Просяць кантакты блізкіх, пытаюцца, да каго ляціш», – распавядае беларуска.

Аналагічная сітуацыя на наземных пераходах. Са словаў аднаго з пасажыраў, украінскія памежнікі шэсць гадзінаў абшуквалі аўтобус Менск – Львоў, а затым выклікалі на гутарку ўсіх мужчынаў да пяцідзесяці гадоў. Пыталіся, ці служылі яны ў войску і прасілі паказаць профілі ў сацсетках.

Захады кантролю на заезд ва Украіну ўзмацнілі праз вайсковыя вучэнні «Саюзная рашучасць». Такое тлумачэнне офіс Святланы Ціханоўскай атрымаў праз дыпламатычныя каналы з Кіева.

«Трэба канстатаваць, што рыторыка, якую вядзе апошнім часам Лукашэнка, ні да чаго добрага не прывяла. Таму ўсе дзеянні ўкраінскіх памежнікаў, якія раней распаўсюджваліся амаль выключна на грамадзянаў Расейскай Федэрацыі, цяпер амаль цалкам перанесеныя на грамадзянаў Беларусі», – растлумачыў былы намеснік кіраўніка СБУ Віктар Ягун.

На думку генерала Ягуна, украінскія спецслужбы асцерагаюцца, што да іх могуць трапіць выведнікі ці дыверсанты – з беларускім грамадзянствам або падробленымі беларускімі дакументамі.

«Могуць быць выпадкі, калі замежнік у мінулым парушаў заканадаўства Украіны. У такой сітуацыі яму могуць абмежаваць заезд на тэрыторыю Украіны. Аднак такіх выпадкаў на тэрыторыі 9-га памежнага атраду ўжо даўнавата не было», – паведаміў прэс-сакратар Жытомірскага памежнага атраду Юрый Шахрайчук.

Падобныя праверкі тых, хто прыязджае з Беларусі, ладзіліся ў лістападзе-снежні 2018 года, калі ў дзесяці памежных вобласцях Украіны ўлады абвясцілі ваеннае становішча. Тады памежнікі адмовілі ў заездзе дванаццаці мужчынам. Сярод афіцыйных прычынаў называлі і тое, што беларусы не змаглі пацвердзіць мэту паездкі.

«Калі расейскія войскі выведуць, тады атмасфера значна палепшыцца. А пакуль будзе захоўвацца напружанне і чаканне ўдару са спіны», – прагназуе Сяргей Бульба.

Для ўдзелу ў расейска-беларускіх вучэннях у нашую краіну прыбыла самая буйная групоўка расейскіх войскаў з часоў халоднае вайны. Паводле падлікаў журналістаў-расследавальнікаў з Conflict Intelligence Team, у Беларусі цяпер не менш за трынаццаць тысяч расейскіх вайскоўцаў. Колькасць расейскіх войскаў каля межаў Украіны ўжо дасягнула ста трыццаці тысяч. Учора Служба бяспекі Украіны заявіла, што затрымала кіяўляніна, якога падазрае ў супрацы з беларускімі спецслужбамі.

Аляксандр Папко, «Белсат»