УНС падобны на сход сяброў Лукашэнкі: дыялогу няма, а любімую аддаваць не збіраюцца


«Была спроба не каляровай рэвалюцыі, а мяцяжу па прынцыпе глядзіце… Бліцкрыг», – кажа Лукашэнка.

Традыцыйна ён згадаў Другую сусветную, а таксама лёсы дыктатараў Муамара Кадафі і Садама Хусэйна. У беларускім крызісе ізноў абвінаваціў вонкавыя сілы.

«Мы ведаем абсалютна адназначна і дакладна, што яны ад нас не адступяцца. Бо задзейнічаныя вельмі моцныя сілы», – дадаў правадыр.

Што ж да праекту новай Канстытуцыі, Лукашэнка заявіў, што ён будзе гатовы цягам году, на пачатку наступнага мае адбыцца рэферэндум. Толькі яшчэ некалькі месяцаў таму сход падаваўся з вуснаў Лукашэнкі як мерапрыемства для дыялогу і прымірэння.

«Як мінімум там меўся адбыцца дыялог паміж уладай і апазіцыяй і мусіў быў быць зацверджаны праект Канстытуцыі то бок праект палітычнай рэформы», – зазначыў палітолаг Андрэй Казакевіч.

Аднак планы невядома чаму змяніліся.

«Гэта махлярская і маніпулятыўная тэхніка, калі выбраных людзей прывозяць паслухаць выступ правадыра рэжыму для імітацыі народнай падтрымкі, нічога іншага за гэтым не стаіць, ніякай дыскусіі там не будзе», – адзначае наш эксперт – метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

Паводле экспертаў, відавочна, ўдзельнікі сходу адзінагалосна падтрымаюць кожную ідэю з трыбуны. Напрыклад, такую: адмова Беларусі ад нейтральнасці і выбар галоўным прыярытэтам замежнай палітыцы Расеі.

«Замацаванае ў Канстытуцыі імкненне Беларусі да нейтралітэту не адпавядае бягучай сітуацыі. Прапануецца ўлічыць дадзены аспект у працы над папраўкамі да асноўнага закону нашай краіны», – сказаў міністр замежных справаў Уладзімір Макей.

Што ж да Лукашэнкі, ён сказаў, што можа сысці ад улады, але пры дзвюх умовах. Першы пункт – цішыня і спакой у краіне.

«Другім пунктам мы запішам, што ніводны волас з вас, прыхільнікаў цяперашняга прэзідэнта, упасці не можа. І таму я прапанаваў усебеларускае сабранае зрабіць канстытуцыйным органам!» – кажа правадыр.

Тым не менш сваю прамову галоўны выступоўца скончыў знаёмай ужо думкай: «Любімую не аддаюць!»

Кірыл Смяглікаў, Белсат