Чым пагражае Украіне страта Салядару?


Тым часам на ўсходзе Украіны трываюць жорсткія баі. Раніцай у медыях з’явілася інфармацыя, што вагнэраўцы нібыта ўзялі горад Салядар недалёка ад Бахмуту. Гэта фэйк, як заяўляе ўкраінскае камандаванне. Якая сітуацыя складваецца на гэтай дзялянцы фронту? І што стане з украінскай абаронай у выпадку, калі Салядар і Бахмут захопяць?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Салядар аточаны вагнэраўцамі, яго абаронцы трапілі ў кацёл – заявіў кіраўнік вайсковай кампаніі Яўгеній Прыгожын. Ён нібыта асабіста камандуе на месцы баёў і фатаграфуецца ў саляных пячорах у ваколіцах гораду. Украінскі бок навіну пра захоп Салядару вагнэраўцамі зняпраўджвае.

«Там ідуць баі. Збройныя сілы Украіны і іншыя сілы абароны займаюць пазіцыі ў самім Салядары. І ў нас ёсць магчымасць дастаўляць туды боепрыпасы і іншыя неабходныя рэчы», – заявіў Сяргей Чэрэваты, спікер Усходняй групоўкі ЗСУ.

Не пацвердзіла захопу Салядару і Міністэрства абароны Расеі. Паводле ўкраінскага камандавання, гэта так званая інфармацыйная аперацыя. Імаверна, расейскаму боку важна заявіць хаця б пра лакальныя перамогі. У ідэале – пра выхад на адміністрацыйныя межы Данецкай і Луганскай вобласцяў, распавёў вайсковы эксперт Уладзіслаў Селязнёў.

«Пуцінскай прапагандзе вельмі важна прадэманстраваць расейскаму грамадству, што хоць нейкія тэрытарыяльныя набыткі яны атрымалі пасля правядзення мабілізацыі. Трыста тысячаў «чмобікаў» у расейскае войска прайшлі, а тэрытарыяльных набыткаў няма. Яшчэ і з Херсону мусілі ўцякаць», – кажа Уладзіслаў Селязнёў.

Штурмы Салядару і Бахмуту вагнэраўцамі адбываюцца на фоне прызначэння новага камандуючага Генштабам сухаземных войскаў Расеі. Ім стаўся генерал Лапін. Раней ён камандаваў сіламі, што ваююць супраць Украіны, але быў зняты з пасады пасля крытыкі з боку Кадырава і таго ж Прыгожына. Новае прызначэнне Лапіна можа сведчыць, што правадыр вагнэраўцаў губляе прыхільнасць Крамля, бо прыгожынскія баевікі не паказалі чаканых вынікаў, адзначае наш эксперт.

«Менавіта гэтым можна патлумачыць, чаму ён істэрычна бʼецца аб Бахмут, чаму паказвае сябе, бярэ ўдзел у атаках, фатаграфуецца ў шахтах. Хаця гэтыя фота дагэтуль не верыфікаваныя. Ёсць думка, што гэта ўсё фэйк», – мяркуе вайсковы эксперт Іван Ступак.

Нават калі вагнэраўцам удасца ўзяць Салядар і Бахмут, гэта не будзе азначаць, што ўся ўкраінская абарона пасыплецца, кажа Іван Ступак.

«Так, будуць праблемы. Але не здарыцца катастрофа. Гэта як з Лісічанскам: калі расейцы яго бралі, яны паклалі там незлічоную колькасць войска. А ЗСУ адышлі на наступную лінію абароны», – тлумачыць Іван Ступак.

Паводле ўкраінскага боку, апошнім часам баявыя страты Расеі – 500–700 асобаў за содні. Іван Ступак мяркуе, што расейскае камандаванне і надалей будзе рабіць стаўку на масаваныя атакі жывою сілаю. Бо на выпуск патрэбнай колькасці ракетаў і сучасных танкаў Расея папросту не мае рэсурсаў.

Валянцін Васіленка, «Белсат»