Адбылася 80-я цырымонія ўручэння кінапрэміі «Залаты Глобус»


У ЗША адбылася цырымонія ўручэння прэміі Галівудскай асацыяцыі замежнай прэсы «Залаты Глобус». На гэтую падзею варта звярнуць увагу не толькі таму, што сёлета яна – юбілейная і адбылася ў васьмідзясяты раз. У складзе журы была беларуска.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Падчас імпрэзы выступіў і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Ён нагадаў, што пачэсная ўзнагарода «Залаты Глобус» узнікла падчас Другой сусветнай вайны, калі яшчэ цягнуліся жорсткія баі. І правёў гістарычную паралель з цяперашнімі падзеямі.

«Вайна ва Украіне яшчэ не скончылася, але сітуацыя мяняецца, і ўжо ясна, хто пераможа, – заявіў прэзідэнт Зяленскі. – Наперадзе яшчэ баталіі і слёзы, але ўжо цяпер я магу сказаць, хто быў найлепшым у мінулым годзе. Гэта былі вы, вольныя людзі вольнага свету. Тыя, хто аб’яднаўся вакол падтрымкі свабоднага ўкраінскага народу ў нашай агульнай барацьбе за свабоду!»

Журналістка «Белсату», вядомы кінакрытык Ірэна Кацяловіч сёлета ўваходзіла ў склад журы прэміі «Залаты Глобус». Яна распавяла, як праходзіла галасаванне:

«Гэта было так, што ты заходзіш на адмысловую інтэрнэт-платформу, дзе для цябе створаны акаўнт. Ты галасуеш або прапануеш, атрымліваеш файл PDF на свой кампʼютар і адсылаеш яго па спецыяльным адрасе. Там гэта ўсё лічыцца і па колькасці галасоў выбіраюцца альбо намінанты, альбо пераможцы».

У выніку найлепшым драматычным фільмам прызналі аўтабіяграфічную карціну Стывэна Спілберга «Фэйбэлмэны», Спілбэрга прызналі найлепшым рэжысёрам, і за гэта ён атрымаў яшчэ адзін «Глобус».

Больш за ўсё ўзнагародаў забрала стужка «Баншы Інішэрыну» рэжысёра Марціна МакДоны: «Найлепшы мюзікл ці камедыя», «Найлепшы сцэнар» і «Найлепшы актор (мюзіклу або камедыі)». Апошнюю забраў Колін Фэрэл.

Прэмія за найлепшую мужчынскую ролю ў драме дасталася Остыну Батлеру за фільм «Элвіс», дзе ён сыграў сусветна знакамітага спевака.

«Залаты глобус» у катэгорыі «Найлепшая жаночая роля» ў драме атрымала Кейт Бланшэт, якая ўдала знялася ў фільме Тода Філда «Тар».

А што ж кіно беларускай вытворчасці? Ці маюць нашыя фільмы хоць які-кольвек шанец атрымаць высокую ўзнагароду? Тэарэтычна – магчыма, адзначыла Ірэна Кацяловіч. Ён нават можа быць намінаваным нават на такую ж катэгорыю на «Оскар». Але, дадала Ірэна, пакуль яна не ведае пра такі твор.

Застаецца спадзявацца, што калі-небудзь «Залаты Глобус» усё ж прыедзе і ў Вольную Беларусь.

Марына Яновіч, «Белсат»