Дэмсілы прэзентавалі альтэрнатыўную Канстытуцыю


Аўтаномія выбарчых камісіяў, назначэнне іхных чальцоў па спісах арганізацыяў, якім давяраюць грамадзяне… Празрыстасць фінансавання кандыдатаў і свабода СМІ… Альтэрнатыўны праект выбарчага заканадаўства прадставіў Офіс Ціханоўскай і пачаў абмеркаванне з экспертамі. Як выглядаюць выбары мары ў параўнанні з рэферэндумам па новай Канстытуцыі?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У Беларусі ідзе маштабная падрыхтоўка вайсковых груп выцяснення, ряссяроджвання, абароны і патрулявання. Дадаткова – заняткі па ідэалогіі. Гэтак ініцыятар Канстытуцыйнага рэферэндуму і ягоныя чыноўнікі рыхтуюцца да правядзення ў лютым галасавання. І да абароны яго вынікаў.

Алена Жываглод, каардынатарка НАУ, кажа:

«Лукашэнка гэтай Канстытуцыяй хоча адказаць на пытанні, якія хвалююць не беларусаў, не грамадзянаў, а пытанні, якія хвалююць рэжым: як забяспечыць нязменнасць улады, як даць бяспеку людзям, якія столькі разоў парушылі Закон пры змене ўлады і як замацаваць тэзіс пра тое, што ў Беларусі няма канфлікту паміж грамадствам і дзяржаваю. Які насамрэч ёсць».

У рыхтаванні да дэмакратычных выбараў сілавыя падраздзяленні – непатрэбнае звяно, лічаць архітэктары законаў Новай Беларусі. Напярэдадні «рэферэндуму», узятага ў двукоссе, яны вынеслі на абмеркаванне свае праекты: Канстытуцыі і Выбарчага кодэксу. Калі параўнаць іх з дзейнымі, то гэта…

«Усё адно, што мерседэс і запарожац савецкага часу. Нам гэта дае магчымасць на самай справе паказаць, наколькі мы адсталі ў развіцці. Наколькі мы аказаліся ў тупіку праз 28 год праўлення Аляксандра Лукашэнка», – заявіў дырэктар цэнтру «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька.

Мерседэс для Беларусі вынаходзіў Аляксей Шлык. Праект Выбарчага заканадаўства, прэзентаваны сёння офісам Святланы Ціханоўскай, мае забяспечваць празрыстасць і дэмакратычнасць выбараў. А гэта значыць – прыбраць з кодэксу магчымасці для ўпраўлення выбарамі. Перадусім праз выбарчыя камісіі.

Аляксандр Шлык, прадстаўнік Ціханоўскай у справе выбараў:

«Цяперашні выбарчы кодэкс падыходзіць да выбараў, як да працэсу, якім можна ўпраўляць зверху ўніз па вертыкалі ўлады. Дэмакратычныя ж выбары хоць і з’яўляюцца адміністратыўным працэсам, маюць быць аснаваныя на волі і ўдзеле народу. Значыць маюць быць працэсам арганічным».

Згодна з канцэпцыяй, камісіі маюць быць аўтаномнымі і кантралявацца назіральнікамі ад партыяў, абʼяднанняў, працоўных калектываў. Складаць іх прапанавана па спісах арганізацыяў. Напрыклад, некалькі ад Акадэміі Навук, некалькі – ад руху прадпрымальнікаў. Празрыстасць фінансавання кандыдатаў і свабода СМІ, абарона кодэксу ад частых зменаў. Каб палітычныя сілы не маглі змяняць правілы гульні на сваю карысць. Але навошта менавіта сёння распрацоўваць гэтае заканадаўства?

«Нашая задача і задача кампаніі – пастаянна нагадваць, што мы бачым не толькі крызіс, але бачым і шляхі рашэння крызісу. І менавіта цяпер мы мусім падрыхтаваць механізмы, дзякуючы якім грамадства зможа кантраляваць перамены ў краіне ў пераходны перыяд», – лічыць Святлана Ціханоўская.

Важна яшчэ і таму, што ў пераходны перыяд, якому так ці інакш некалі быць, першымі законамі, якія маюць даць грамадству дэмакратычны лад, будзе акурат Канстытуцыя і Выбарчы кодэкс новага ўзору.

Юлія Цяльпук, «Белсат»