10 базавых за дыслайк у «Аднакласніках»


Судовая справа аб распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў. Такое паседжанне сёння прайшло ў Дрыбінскім раённым судзе. На лаве падсудных – мясцовы палітык і бізнесовец Андрэй Юркоў.

«Я адрэагаваў на адзін з пастоў, дзе быў пазначаны фашысцкі сцяг і савецкі сцяг, і напісана пад фашысцкім сцягам: загінула 35 млн савецкіх грамадзянаў, пад савецкім: 60 млн. Ну гэта можна спрачацца болей-меней, але ж маштабы жахлівыя», – кажа Андрэй Юркоў.

26 верасня Андрэй Юркоў паставіў на гэты мем у «Аднакласніках» свой дыслайк, то бок з магчымых эмоцыяў ён абраў «сумую». Алгарытм сацыяльнай сеткі падцягнуў пост у стужку Андрэя. На яго склалі адміністратыўны пратакол за распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, улучанай у спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

«У спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў ёсць палатно чырвонага колеру з фашысцкаю сімволікай. У Андрэя размешчаная карцінка. Палатно чырвонага колеру з фашысцкаю сімволікай – гэта сцяг, гэта сцяг з тканіны, які не мае ніякага дачынення да Андрэя», – тлумачыць праваабаронца Барыс Бухель.

Адміністратыўную справу супраць Андрэя, якую распачаў старэйшы інспектар МУС Магілёўскага аблвыканкаму Пугачоў, усё ж такі давялі да суда. У жыхароў Магілёва гэта выклікала непаразуменні:

«Нешта незразумелае, недарэчнае. Я думаю, што шмат хто дыслайкнуў бы».

«Калі мы будзем кожны выказваць сваё меркаванне ў сеціве, то што тады будзе?»

«Выказваць сваё меркаванне, асабістае сваё меркаванне, як ён да гэтага ставіцца, дрэнна ці добра, я думаю, кожны чалавек мае права».

Падобна на тое, што і суддзя Дрыбінскага раённага суда Барыс Пігаль першы раз сутыкнуўся з такою справай.

«Вы хоць кажаце, што не разбіраецеся, а я разбіраюся яшчэ меней», – сказаў суддзя Дрыбінскага раёну Барыс Пігаль.

І ўсё ж такі вынес абвінаваўчы вырак і наклаў на Андрэя Юркова штраф памерам 10 базавых велічыняў без канфіскацыі маёмасці.

«Ведаеце, гэта патрэбна пэўная мужнасць з боку суддзі. З боку суда, каб усё ж такі ісці дзеяць пры разглядзе справы не паводле тэлефоннага права, а паводле закону», – кажа Андрэй Юркоў.

На думку прысутных у зале суда, справа была звязаная зусім не з дыслайкам у «Аднакласніках». Справу пракаментаваў лідар партыі БНФ Рыгор Кастусёў:

«Ну гэта абсурд, не інакш. І я за гэтым бачу толькі палітычную матывацыю, як менавіта актывіста ў Дрыбіне асудзіць і паказаць іншым людзям, вось глядзіце, што будзе і з вамі, калі вы раптам выкажаце меркаванне».

Праваабаронца Барыс Бухель нагадвае, што на мінулых выбарах Андрэй Юркоў ішоў кандыдатам па Горацкай выбарчай акрузе і нават атрымаў 7,3% адсотка галасоў паводле афіцыйных вынікаў.

«17 снежня Лукашэнка выступае з лютаю прамовай, маўляў, з нагоды актыўнасці назіральнікаў мы галовы пазварочваем, рукі павыварочваем, і вы ведаеце, якая ў нас міліцыя і літаральна праз 2 дні гэты рапарт», – кажа праваабаронца Барыс Бухель.

н раіць Андрэю абскарджваць рашэнне Дрыбінскага суда ў найвышэйшыя інстанцыі і, калі спатрэбіцца, ісці ў камітэт правоў чалавека.

Вольга Васільева belsat.eu