Што рабіць, калі «часам не да законаў»?


74 гады таму ў гэты дзень Генасамблея ААН прыняла Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека. Дакумент упершыню дакладна вызначыў правы, якія належаць кожнаму жыхару планеты. На жыццё, свабоду, асабістую недатыкальнасць, справядлівы суд ды іншыя.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Правы чалавека – гэта пра тое, як кожная асоба можа абараніць сябе ад дзяржавы, у якой ёсць жаданне гэтыя правы парушыць. Гэта пра тое, як выйсці на мірны сход, мець магчымасць назіраць за судовым паседжаннем. Гэта пра тое, што ты можаш патрабаваць ад дзяржавы, каб добра пачувацца», – кажа Любоў Ланіна з валанцёрскай службы праваабарончага цэнтру «Вясна».

Парушэнні правоў чалавека здараюцца нават у дэмакратычных краінах. Калі казаць пра Беларусь, то сітуацыю, што склалася пасля 2020 года, часам называюць прававым дэфолтам.

Вярхоўны камісар ААН у правах чалавека ў сёлетнім дакладзе адзначыў: у Беларусі парушаецца права грамадзянаў на мірныя сходы і свабоду думкі. Міжнародныя эксперты зафіксавалі шматлікія факты незаконных затрыманняў, збівання і катавання палітычных апанентаў рэжыму.

Нават цяжка вызначыць, якое з дзяржаўных ведамстваў лідаруе ў парушэнні правоў чалавека, адзначае праваабаронца Міхаіл Мацкевіч. Але галоўная ўмова для ажыццяўлення рэпрэсіяў – адсутнасць незалежных судоў.

«Як сказаў адзін мой знаёмы праваабаронца, які цяпер знаходзіцца ў турме, «дайце мне справядлівы суд, і я перавярну гэтую краіну». То бок суды найперш нясуць адказнасць за той вэрхал, які творыцца ў краіне», – кажа Міхаіл Мацкевіч.

Адначасова ўлады адбіраюць ліцэнзіі ў адвакатаў, што выступалі абаронцамі на палітычных працэсах. Колькасць палітзняволеных расце. Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», іх у Беларусі болей за 1400. Ініцыятыва «Dissidentby» называе лік 1718 асобаў. За кратамі апынуліся і праваабаронцы, якія дапамагалі беларусам дамагчыся справядлівасці. У тым ліку нобэлеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі.

Ці варта дамагацца праўды, калі дзяржаве не да законаў? Праваабаронцы лічаць, што ўсё адно трэба своечасова падаваць скаргі ў суды ды іншыя органы.

«Неабходна ўсё рабіць у тыя тэрміны, якія былі пазначаныя, каб потым мець іншыя магчымасці на міжнародным узроўні. Таксама каб паказаць дзяржаве сваю нязгоду і будаваць справядлівасць», – тлумачыць Любоў Ланіна.

Калі ўсе юрыдычныя магчымасці абараніць правы ўнутры дзяржавы вычарпаныя, грамадзянін можа звяртацца ў міжнародныя структуры. Але скардзіцца ў Камітэт правоў чалавека ААН беларусы змогуць толькі да 8 студзеня наступнага года. Бо з гэтага дня беларуская дзяржава перастае прызнаваць яго рашэнні. І ўсё адно, на думку Міхаіла Мацкевіча, інфармаванне міжнародных арганізацыяў пра парушэнне правоў мае сэнс.

«Рана ці позна беларусы і беларускі змогуць атрымаць ад дзяржавы кампенсацыі і аднавіць сябе ў правах. І рашэнне міжнароднага органу можа даць для гэтага больш падставаў, чым у сітуацыі, калі звароту не было», – мяркуе Міхаіл Мацкевіч.

Беларуская дзяржава выйшла з неабавязковага пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Але сам Пакт, часткай якога ёсць Дэкларацыя правоў чалавека, працягвае дзейнічаць. А яго тэкст не прадугледжвае дэнансацыі. Прасцей кажучы, беларуская дзяржава не можа адклікаць свой подпіс пад гэтым дакументам. І міжнародныя абавязкі ў галіне правоў чалавека з яе ніхто не здыме.

Валянцін Васіленка, «Белсат»