Баскетбольны клуб «Менск»: перамогі толькі сняцца


Баскетбольны клуб «Менск», а большасць яго ведае за «Цмокаў», працягвае непрыемна здзіўляць сваіх заўзятараў. Фанаты ўжо забыліся, як выглядае асалода перамогі ўлюбёнай каманды. У расейскім баскетбольным банкаўскім турніры пад назваю Адзіная ліга ВТБ «Менск» ужо другі год у аўтсайдарах і не можа выкараскацца з дна турнірнае табліцы першынства.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Як глядзець у вочы заўзятарам і гуляць далей, калі ўжо больш за год маеш у сваім актыве толькі некалькі перамог? Баскетбольны клуб «Менск» на старце сёлетняга банкаўскага турніру Адзінай лігі ВТБ зазнаў паразы ва ўсіх сваіх васьмі праведзеных матчах.

«Так ці інакш, мы разумеем, што наступіць час, калі беларускія клубы будуць гуляць у еўрапейскіх турнірах. Цяпер вельмі важна, каб гульнявы і практычны ўзровень падтрымліваліся. Але відавочна, канешне, што камандзе не хапае бюджэту, падбору гульцоў, падрыхтоўкі. Але ў чэмпіянаце хтосьці мусіць быць апошнім», – распавёў выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін.

Баскетбольны клуб «Цмокі» ў мінулым сезоне зрабіў рэбрэндынг і пачаў называцца «Менск». Па выніках леташняга чэмпіянату Лігі ВТБ каманда абнавіла антырэкорд і заняла апошні, дванаццаты радок, прагуляўшы 29 матчаў. Сёлета яна зноў пакуль што замыкае турнірную табліцу, аднак, галоўны трэнер Расціслаў Вяргун, відаць, у адстаўку не збіраецца.

«Бачу шмат прасторы для працы і вялікі патэнцыял у некаторых баскетбалістаў. Таму мая самая вялікай вайна на цяперашні момант – гэта псіхалагічны настрой пераможцы. Хочацца, каб баскетбалісты разумелі, для чаго выходзяць на пляцоўку», – канстатуе галоўны трэнер баскетбольнага клубу «Менск» Расціслаў Вяргун.

«Мяркуючы з сітуацыі ў краіне, танней і прасцей было б звольніць трэнера і наняць іншага спецыяліста, каб ужо з гэтымі гульцамі паспрабаваць выйграць хоць некалькі матчаў. Бо звольніць настаўніка лягчэй, чым купіць новых легіянераў, якія маглі б паўплываць на вынік», – дадала экс-капітан жаночай зборнай Беларусі па баскетболе Кацярына Сныціна.

Кацярына Сныціна, экс-капітан зборнай Беларусі па баскетболе.
Фота: ksnytsina / Facebook

А вось некаторыя вытрымкі з каментароў заўзятараў, карыстальнікаў тэлеграм-каналу «sport5.by». Стыль і мову пакідаем без зменаў:

«Название клуба меняли, толку нет. Может Ростика пора менять, правда не знаю на кого?»

«Смешно и грешно».

«Верной дорогой идёте товарищи. Рекорд должен состояться».

«Пора убирать данный проект, хватит грабить народ на содержание этой не до команды».

Немалыя грошы выдаткоўваюцца на ўдзел каманды ў расейскім турніры: пералёты, арганізацыя хатніх матчаў, заробкі. Наколькі эканамічна апраўдана «Менску» выступаць у Адзінай лізе ВТБ?

«Так, ён фінансуецца дзяржавай, гэта не рынкава, канешне. Але трэба разумець, што за кошт існавання гэтага клубу існуе шырокая дзіцяча-юнацкая школа, дзеці прыходзяць у баскетбол, займаюцца ў сістэме клубу. Маюць усе ж магчымасць назіраць на ўласныя вочы баскетбол нармальнага ўзроўню», – распавёў выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін.

Калі ж пакінуць расейскі турнір і вярнуцца ў беларускі чэмпіянат, то сутыкнешся з іншаю праблемаю.

«У большасці матчаў яны перамагаюць з вялікай розніцай у ліку. Таму, сапраўды, апошняе месца ў лізе на іх усё роўна станоўча ўплывае. Баскетбалісты як мінімум бачаць, куды ім трэба імкнуцца, а не тое, што яны самыя файныя ў Беларусі», – падкрэсліла экс-капітан жаночай зборнай Беларусі па баскетболе Кацярына Сныціна.

Цяпер у беларускім клубе выступаюць толькі два легіянеры: канадзец Джэрэд Агунгбэмі-Джэксан і славенец Якаб Чэбашэк. Паводле інсайдаў, бюджэт клубу «Менск» складае каля мільёна долараў на год. Для параўнання: у аднаго з лідараў Адзінай лігі – ЦСКА – каля трыццаці мільёнаў.

«Ёсць магчымасць выгадаваць сваіх баскетбалістаў, аднак, ізноў жа, на гэта патрэбныя грошы. Яны могуць выдаць якасны, яскравы сезон, згуляць некалькі матчаў і стварыць сенсацыю. Аднак потым тваю каманду раскупяць, калі ты не здолееш падтрымаць узровень заробкаў, і яны пяройдуць у іншыя клубы, што прапануюць большыя сумы», – распавёў журналіст радыё «Свабода» Арцём Сізінцаў.

Клуб «Менск» гуляе ў Адзінай лізе ВТБ з 2010 года і ні разу не здолеў выйсці ў плэй-оф турніру. Наступную сустрэчу пакуль яшчэ Вяргун і кампанія правядуць у найбліжэйшую нядзелю ў Маскве – супраць мясцовага МБА.

Павел Алейнікаў, «Белсат»