«Жыве Беларусь!» і «Жыве!» прызнаныя нацысцкімі


Рэжым Лукашэнкі працягвае барацьбу з нацыянальнымі сімваламі. МУС прызнаў нацысцкім лозунг «Жыве Беларусь!» і адказ «Жыве!». Пры гэтым у дакуменце, апублікаваным на Нацыянальным прававым партале, не даецца тлумачэнняў, ці будуць так званыя праваахоўнікі караць за альтэрнатыўны варыянт водгуку «Жыве вечна!» або, напрыклад, вокліч «Жыве Беларусь!» без падняцця правай рукі з выпрастанай далонню. Бо менавіта такая фармулёўка даецца ў тэксце так званай пастановы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Жыве Беларусь!» – такімі словамі ў 1995 годзе народны пісьменнік Рыгор Барадулін скончыў сваю прамову. Праз секунду камера выхоплівае Аляксандра Лукашэнку, які ўжо год як кіраўнік краіны. Той пляскае разам з усімі.

Цяпер «Жыве Беларусь!» – паводле Міністэрства ўнутраных справаў – нацысцкі лозунг. Маўляў, гэтае прывітанне ёсць сімвалам Беларускага паліцэйскага батальёну часоў Другой Сусветнай вайны.

«Калабарацыянісцкае вітанне нароўні з нацысцкім партыйным вітаннем «Гайль Гітлер» уяўляе сабой вокліч “Жыве Беларусь!” і водгук “Жыве!” адначасова з узняццем правай рукі з выпрастанай далонню», – адзначае ў дакуменце МУС Беларусі.

На прызнанні лозунгу экстрэмісцкім і нават нацысцкім асабіста настойваў так званы гісторык і дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Ігар Марзалюк.

«Такое прывітанне як калька “Хай Гітлер” стала кананічным у часы фашысцкай акупацыі БССР», – казаў у эфіры прапагандысцкага тэлеканалу дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк.

Сваё меркаванне на гэты конт мае гісторык Аляксандр Фрыдман.

«Хай Гітлер – гэта нацысткі вокліч. Ён цалкам звязаны з гісторыяй нацыянал-сацыялістычнай партыяй і з гісторыяй Нямеччыны ў часы нацызму. Яго нельга ўявіць у іншым кантэксце. «Жыве Беларусь!», які ў гэтым дакуменце МУС ужываецца поруч з «Хай Гітлер», мае зусім іншую гісторыю. Гэты лозунг існаваў да Вялікай айчыннай вайны», – мяркуе гісторык Аляксандр Фрыдман.

Дакладна вядома тое, што падчас Другой Сусветнай вайны вокліч выкарыстоўваўся беларускімі партызанамі. Словы «Жыве Беларусь!» з адказам «Жыве!» гучаць у маршы віцебскіх партызанаў.

Ідуць у атаку

Лясныя салдаты,

Грукочуць гранаты,

Грымяць аўтаматы:

– Жыве Беларусь!

– Жыве!

Лічыцца, што ўпершыню словы «Жыве Беларусь» напісаў Янка Купала ў вершы «Гэта крык, што жыве Беларусь».

«Нашая так званая ўлада ахвотна прызнае нацыстамі і Купалу і Коласа. Але гэта, напэўна, апошняе, што ў беларусаў засталося. Але беларусы змагаюцца, ці актыўна, ці недзе ў падполлі. І калі забараняюць адзін вокліч, яны прыдумляюць іншы», – кажа літаратуразнаўца Наталля Русецкая.

Лозунг «Жыве Беларусь!» шырока выкарыстоўваўся на хвалі нацыянальнага адраджэння ў канцы васьмідзясятых – пачатку дзевяностых гадоў дваццатага стагоддзя. Дзяржаўная «Народная газета» выкарыстоўвала яго як свой слоган. Толькі пасля пратэстаў 2020-га яго знялі з першае паласы. Не цураліся воклічу і цяперашнія пралукашэнкаўскія зоркі. Так, у 1994 годзе на канцэрце да Дня Незалежнасці беларускія артысты, сярод якіх Аляксандр Саладуха і Іна Афанасьева, скандавалі забаронены сёння вокліч.

Разам з лозунгам «Жыве Беларусь!» МУС Беларусі яшчэ ў траўні прапанаваў прызнаць нацысцкай сімволікай і бела-чырвона-белы сцяг.

«Лукашэнка вядзе барацьбу з сімваламі. У яго не атрымліваецца перамагчы гэтую ідэю пратэстаў, паколькі значная колькасць людзей яго па-ранейшаму не падтрымлівае, і таму ён хоча змагацца з сімваламі. Ён лічыць, што калі забароніць “Жыве Беларусь!”, то гэты лозунг знікне», – лічыць гісторык і палітолаг Аляксандр Фрыдман.

Тым часам у Беларусі працягваюць затрымліваць за нацыянальную сімволіку. У Гомлі за фотаздымак з бела-чырвона-белым сцягам пакаралі заўзятара футбольнага клубу «Гомель» Аляксея Барсукова. А ў Менску супрацоўнікі ГУБАЗіКу забралі менчука за след ад наклейкі з «Пагоняй».

Наста Печанькова, «Белсат»