5 гадоў - за праўду без кампрамісаў


У Менску сёння агучылі вырак у справе Міколы Дзядка. Журналіста, блогера і актывіста анархісцкага руху прызналі вінаватым адразу па трох артыкулах і далі 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму.

5 гадоў калоніі агульнага рэжыму – вырак для палітзняволенага Міколы Дзядка агучыла сёння суддзя Менскага гарадскога суда Анастасія Папко. Актывіста анархісцкага руху, журналіста і блогера прызналі вінаватым адразу паводле трох артыкулаў: маўляў, захоўваў дома бутэлькі з запальнай сумессю, арганізоўваў масавыя беспарадкі, а таксама заклікаў праз інтэрнэт да дзеянняў, шкодных для нацыянальнае бяспекі.

«І для Міколы, і для нас гэты вырак быў чаканы. Бо, па вялікім рахунку, мы разумелі, што правасуддзя ў Беларусі як такога няма – і аб’ектыўнага выраку, напэўна, быць не можа. Чакаць нейкіх цудаў таксама не даводзілася», – кажа Аляксандр Дзядок, бацька палітвязня.

Сваёй віны палітвязень не прызнаў ані па адным з артыкулаў ды ацаніў суд над ім як пераслед за погляды, перакананні і памкненне гаварыць праўду. Паводле Аляксандра Дзядка, бацькі асуджанага, менавіта ўпэўненасць, што праўда на ягоным баку, і дапамагае трымацца Міколу, не зважаючы на катаванні пры затрыманні і пасля, а таксама пазнейшы ціск за кратамі і падарванае, у выніку, здароўе. Спадар Аляксандр – паводле прафесіі былы суддзя – быў на ўсіх паседжаннях судзілішча над ягоным сынам і ў сваёй ацэнцы працэсу катэгарычны:

«Глыбока перакананы – і на судовым паседжанні гэта знайшло сваё пацвярджэнне, што аб’ектыўных, праўдзівых і вычарпальных доказаў вінаватасці Міколы ў тых злачынствах, у якіх яго нібы абвінавачваюць, абсалютна ў справе няма».

За што ж насамрэч пераследавалі і судзілі Міколу Дзядка? І блізкія, і знаёмцы палітвязня ўпэўненыя: гэта помста яму і за ягоную актыўнасць, і за прыналежнасць да анархісцкага руху.

«Асаблівае стаўленне да іх заўважнае, бо шмат хто з іх актыўна ўдзельнічаў ува ўсіх гэтых падзеях. У людзей з гэтых рухаў часцяком былі навыкі, вельмі важныя для гэткіх падзеяў. Гэта і самаарганізацыя, і «Рэвалюцыйнае дзеянне» распаўсюджвала інфармацыю, як правільна стаяць у счэпках – тое, што людзі маглі выкарыстаць у гэткіх умовах», – тлумачыць праваабаронца каманды «HUMAN CONSTANTA» Наста Лойка.

І якраз у распаўсюдзе інфармацыі Мікола Дзядок шчыраваў найбольш. Заснаваўшы ўласны канал на «Ю-Т’юбе», а затым і ў «Тэлеґраме», ён стаўся першым у Беларусі і, бадай, самым паспяховым на ўсёй постсавецкай прасторы анархаблогерам.

«Некаторыя дагэтуль баяцца – нават у эміграцыі – паказаць людзям свой твар. А Мікола паказаў, што, калі выходзіць да людзей з адкрытым тварам, а не проста ў масцы, і казаць: прывітанне, я гэткі ці гэткі і я анархіст, давайце размаўляць – то людзі будуць слухаць і размаўляць», – кажа сябар і паплечнік Міколы Дзядка анархіст Яўген Жураўскі.

І яшчэ адзін важны і вельмі паказальны момант. Мікола навучаўся ў Польшчы, аднак увесну 2020-га, калі ў Беларусі ўжо бралі сілу народныя хваляванні, кінуў навучанне і вярнуўся на Радзіму. З увагі на тое, што многія папулярныя блогеры тады ўжо былІ кінутыя за краты, а карнікі з ГУБАЗіКу лічылі Дзядка асабістым ворагам, гэткі намер азначаў для яго велізарную рызыку.

«Мы сустракаліся з ім на спатканні пасля завяршэння папярэдняга расследавання (следчы даў спатканне). І ён мне тады сказаў, папросту на гэтым спатканні ў Следчым камітэце: маўляў, я абсалютна свядома дзейнічаю, я разумею, што магчымыя пакуты, перажыванні, цяжкасці, праблемы, але я вымушаны гэта прыняць», – распавядае Аляксандр Дзядок.

Бо калі праўда – дык без кампрамісаў. Прынцып, які праз свае блогі і прасоўваў Мікола Дзядок. А праўда, як мы ўсе ведаем, рана ці позна, але абавязкова перамагае.

Валера Руселік, Белсат