Чаму Лукашэнка не адмаўляецца ад смяротнага пакарання?


Рэжым Лукашэнкі не толькі не імкнецца скасаваць смяротнае пакаранне, а наадварот – пашырае магчымасці для яго ўжывання. Пра гэта ў сваёй супольнай заяве кажуць Еўразвяз і Рада Еўропы. Для параўнання: мараторый на смяротнае пакаранне пакуль дзее нават у аўтарытарнай Расеі. Чаму менскі рэжым трымаецца за магчымасць пазбаўляць асуджаных жыцця? Навошта сам Лукашэнка, імаверна, прысутнічаў падчас выканання смяротных выракаў?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Меней як за год рэжым Лукашэнкі двойчы пашырыў сферу ўжывання смяротнай кары – адзначаецца ў заяве Еўразвязу і Рады Еўропы. Пры гэтым Беларусь – адзіная еўрапейская краіна, дзе суд можа пазбавіць чалавека жыцця. Сёння – Еўрапейскі і Сусветны дзень супраць смяротнага пакарання.

«Мы памятаем 37-ы год, мы памятаем, як савецкая ўлада забівала ўсіх запар, хто быў супраць ці не супраць. Гэта быў інструмент запалохвання грамадства. На жаль, гэты інструмент можа быць выкарыстаны і ў сучаснай Беларусі», – кажа грамадская актывістка Наталля Крывашый.

Гэтак, караць смерцю ў Беларусі з нядаўняга часу могуць дзяржаўных службоўцаў і вайскоўцаў за здраду дзяржаве. Застаецца імавернасць атрымаць гэткі вырак і за цяжкія крымінальныя злачынствы, напрыклад, за тэрарызм або забойства. Грамадскія актывісты звяртаюць увагу на этычны аспект праблемы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Феміда на фасадзе дома правасуддзя ў Берасці.
Фота: Белсат

«Калі забіраюць жыццё ў чалавека – забіраюць ад імя дзяржавы, ад імя кожнага з нас. І я супраць, каб ад майго імя забіралі жыццё іншага чалавека, нават калі ён здзейсніў злачынства», – тлумачыць сваю пазіцыя Наталля Крывашый.

Актывісты кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» нагадваюць таксама пра стан судовай сістэмы ў Беларусі і яе падпарадкаванасць Лукашэнку.

«У нашай краіне гэта можа быць інструмент палітычнага пакарання. Асабліва пасля выпадку з Канавалавым і Кавалёвым, якія нібыта ўзарвалі менскае метро, я для сябе прыняў рашэнне, што буду катэгарычна супраць смяротнага пакарання», – кажа журналіст Юрый Дзяшук.

Пік смяротных выракаў у незалежнай Беларусі прыпаў на 1998 год – ажно 47 расстрэлаў.

«Потым, калі адбыліся змены ў заканадаўстве, з’яўленне альтэрнатывы ў выглядзе пажыццёвага зняволення, колькасць вынесеных смяротных выракаў досыць рэзка зменшылася. Яна складала ад 2 да 5 смяротных выракаў на год», – распавядае  каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» Андрэй Палуда.

Але цалкам скасоўваць смяротную кару Лукашэнка адмаўляецца, спасылаючыся на вынікі рэферэндуму 1996 года. Яе захаванне адпавядае каштоўнасцям самога Лукашэнкі, які ў сярэдзіне 90-х асабіста ездзіў глядзець на выкананне смяротных выракаў, кажа палітык, дырэктар цэнтру «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька.

«Я думаю, ён імкнуўся глыбока зразумець, наколькі гэта ўплывае на чалавека, наколькі яно робіць яго залежным, наколькі ператварае яго ў проста істоту. І ён – Лукашэнка – разумее, што гэта моцны інструмент гвалту, страху. Гэта тое, чым кіруецца ўлада і, натуральна, Аляксандр Лукашэнка», – кажа Анатоль Лябедзька.

У Сусветны дзень супраць смяротнага пакарання з адмысловаю заяваю выступіла Святлана Ціханоўская. Ініцыятыву беларускіх праваабаронцаў для скасавання найвышэйшай меры пакарання падтрымаў музыка Андрэй Макарэвіч. Апытанне ў сацсетках «Белсату» паказвае, што супраць пазбаўлення асуджаных жыцця выступаюць больш за 70 % нашых гледачоў або чытачоў.

Валянцін Васіленка, «Белсат»