Свабоду Алесю Пушкіну!

Свабоду Алесю Пушкіну – беларускаму мастаку, а цяпер палітычнаму вязню! Петыцыю з гэтым заклікам да ўладаў Беларусі стварылі ў варшаўскім Цэнтры сучаснага мастацтва «Уяздоўскі замак». Там на выставе «Палітычнае мастацтва» экспануюцца творы беларускага мастака. Што пабачаць палякі, чаго цяперашнія ўлады краіны ніколі не пакажуць беларусам?

Мастака Алеся Пушкіна ўлады Беларусі трымаюць за кратамі ўжо шосты месяц. Аднак ягонае мастацтва застаецца на волі. Карціна «Абраз Свабоды» экспануецца ў Варшаве.

«Калі гэтую карціну можна будзе паказаць у Нацыянальным мастацкім музеі ў Менску, тады Беларусь будзе насамрэч вольнай дзяржавай. Так кажа Алесь. Пакуль што карціну паказваем у Варшаве. Але спадзяюся, што гэта адбудзецца», – кажа дырэктар Цэнтру сучаснага мастацтва «Уяздоўскі замак» Пётр Бэрнатовіч.

За краты Алесь Пушкін трапляў неаднаразова. Раздражнялі рэжым Лукашэнкі перформансы мастака. Такія, як «Подарок президенту «За пятилетний плодотворный труд!» – калі Пушкін прыкаціў да рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі тачку гною.

Цяпер мастаку пагражае 12 гадоў зняволення – за паказ на выставе партрэту Яўгена Жыхара – удзельніка пасляваеннага антысавецкага супраціву. Паводле ўладаў, гэта «рэабілітацыя нацызму».

«Гэтае зняволенне вельмі небяспечнае. Сітуацыя ў Беларусі вельмі небяспечная. Жорсткасць і пераслед дасягнулі апагею. Рэжым Лукашэнкі перастаў лічыцца з грамадскай думкай на Захадзе. Раней Алеся арыштоўвалі і выпускалі. Бо гэта мастак, і было нядобра трымаць мастака ў вязніцы», – зазначае Пётр Бэрнатовіч.

Наведнікам выставы «Палітычнае мастацтва» адчуць складаную сітуацыю, у якой апынуўся Пушкін, дапамагае створаная Яцэкам Адамасам інсталяцыя пад назвай «Камера».

«Гэта вельмі важна, калі польскія музеі і польскія кам’юніці падтрымліваюць беларускіх мастакоў і дзеячаў культуры, якія робяць важныя справы, каторыя асвячаюць падзеі ў Беларусі, якія да гэтага часу адбываюцца. Мне здавалася гэта вельмі важным, прыйсці і падтрымаць мастакоў, якія цяпер знаходзяцца за кратамі», – гаворыць наведніца выставы, мастачка з Беларусі Даша.

У Цэнтры сучаснага мастацтва «Уяздоўскі замак» збіраюць подпісы пад петыцыяй да ўладаў Беларусі з заклікам вызваліць Алеся Пушкіна – палітычнага вязня рэжыму Лукашэнкі.

«Мы як інстытуцыя публічная перадамо гэтую петыцыю непасрэдна беларускім уладам, але таксама разлічваем на падтрыманне Міністэрства замежных справаў», – кажа Кацпэр Твардоўскі з Цэнтру сучаснага мастацтва «Уяздоўскі замак».

Падпісаць петыцыю можна таксама онлайн – https://u-jazdowski.pl/program/wystawy/sztuka-polityczna/petycja.

Анастасія Русецкая «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама