Польшча скіравала 10 000 вайскоўцаў для ўзмацнення мяжы


Палякам павінна хапіць мудрасці, каб устрымацца ад ваеннай канфрантацыі. Гэтак на заяву пра ўзмацненне мяжы з Беларуссю адрэагаваў рэжым Лукашэнкі. Ля беларускай мяжы Варшава мае намер размясціць дадаткова дзесяць тысячаў вайскоўцаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Чатыры тысячы жаўнераў – гэта жаўнеры, якія будуць браць беспасярэдні ўдзел у аперацыях, што датычаць падтрымання Памежнай аховы на мяжы. І шэсць тысячаў будуць у тыле. Гэта жаўнеры, якія будуць удасканальваць свае навыкі ў гарнізонах, адноўленых на ўсходзе нашай краіны», – патлумачыў міністр абароны Польшчы Мар’юш Блашчак.

Паводле міністра, галоўная мэта ўзмацнення мяжы – адпалохаць агрэсара, каб перадухіліць атаку на Польшчу. Гэтай колькасці дастаткова, каб абараніцца ад невялікіх дыверсіяў з беларускага боку, лічыць вайсковы аналітык з Расеі Ян Мацвееў:

«Самае галоўнае – гэта сігнал. Сігнал пра тое, што Польшча сурʼёзна ўспрымае гэта, каб тыя, хто гэтыя дыверсіі можа праводзіць, іх не праводзілі. Ці то гэта Лукашэнка, ці то Пуцін праз Лукашэнку, з дапамогай вагнэраўцаў, з дапамогай лукашэнкаўскіх нейкіх войскаў ці чарговых нанятых сірыйцаў прывезеных, ці каго заўгодна яшчэ».

Крэмль рэагуе на дзеянні Захаду планамі нарасціць сілы на сваіх заходніх межах. Міністр абароны Расеі падкрэсліў, што пагрозы Расеі і Саюзнай дзяржаве выраслі ў разы.

«Сурʼёзным фактарам дэстабілізацыі ёсць уступленне ў NATO Фінляндыі і ў перспектыве – Швецыі. Існуюць рызыкі, звязаныя з мілітарызацыяй Польшчы, якая ператварылася ў галоўны інструмент антырасейскай палітыкі ЗША», – заявіў міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу.

Звыклай рыторыкай, скіраванай на заходніх лідараў, называе планы Расеі палітычная аглядальніца Таццяна Ашуркевіч. І нагадвае:

«Гэта працягваецца ўжо доўга, гэта далёка не першая заява ў такім тоне, і хутчэй за ўсё гэта спроба паказаць сваю моц, і пакуль нічога іншага мы не бачылі і, спадзяюся, не ўбачым».

Небяспека ж з боку Беларусі больш рэальная – спробы нелегальнага мінання мяжы з Еўразвязам не спыняюцца. Памежнікі цвердзяць, што беларускія спецслужбы дапамагаюць мігрантам, а дзеянні апошніх робяцца ўсё больш агрэсіўнымі. Краіны Балтыі і Польшча абвесцілі пра супольны механізм закрыцця межаў з Беларуссю.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. На лініі паміж межамі Польшчы і Беларусі. Тэрыторыя ля вёскі Гжыбаўшчызна ў Падляскім ваяводстве, Польшча. 20 жніўня 2021 года.
Фота: Белсат

«У Польшчы сурʼёзная армія і паводле колькасці, і паводле магчымасцяў, адпаведна, Польшча можа дапамагчы ў тым ліку краінам Балтыі абараніцца ад розных пагрозаў», – кажа Ян Мацвееў.

Апроч мігрантаў, пагрозу для суседзяў Беларусі могуць уяўляць вагнэраўцы, але Інстытут вывучэння вайны прагназуе, што ПВК Вагнэра сыдзе з Беларусі, бо Лукашэнка не хоча фінансаваць утрымання вайскоўцаў.

«Заявы, што вагнэраўцы перамяшчаюцца з Беларусі – адносна бяспечнага прытулку для ПВК Вагнэра і Прыгожына – назад у Расею, згадкі камандавання Групы Вагнэра пра новыя загады і заявы пра будучую “актывізацыю” ў канцы жніўня, імаверна, сведчаць пра тое, што тыя аспекты дамоўленасці, якія дазволілі вагнэраўцам пераехаць у Беларусь ды працягваць дзейнасць там і ў Афрыцы, праваліліся», – гаворыцца ў справаздачы Інстытуту вывучэння вайны за 9 жніўня.

Імавернасць сыходу вагнэраўцаў з Беларусі Таццяна Ашуркевіч ацэньвае як высокую з некалькіх прычынаў. У Прыгожына інтарэсы ў Афрыцы, і ён зацікаўлены ў пераездзе туды. Лукашэнка ж не будзе яго стрымліваць, бо няўтульна пачуваецца ад прысутнасці ў краіне вайскоўцаў, што не падпарадкоўваюцца нават Пуціну. Апроч таго:

«Няма ў Беларусі такога эканамічнага запасу, каб яшчэ і падтрымліваць вагнэраўцаў – велічэзную колькасць людзей, якія звыклі атрымліваць добрыя грошы», – лічыць Таццяна Ашуркевіч.

Перасцерагаюць суседзі сваіх грамадзянаў і ад уезду ў Беларусь. Гэтак, літоўскія ўлады паставілі шчыты на мяжы з папярэджаннямі пра рызыкі. «Не едзь у Беларусь, можаш не вярнуцца» – напісана на іх.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»