Украіна дэнансавала пагадненне з Беларуссю ў ВПК


Украіна дэнансавала пагадненне аб супрацы і кааперацыі з Беларуссю ў вайскова-прамысловым комплексе. Больш за дваццаць гадоў нашыя краіны супрацоўнічалі над некаторымі супольнымі праектамі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Адным з самых эфектыўных сродкаў паражэння танкаў і браніраванай тэхнікі ў расейска-ўкраінскай вайне, стаў супрацьтанкавы комплекс «Стугна». Ен жа «Скіф». Кожны дзень украінскія вайскоўцы публікуюць дзясяткі відэазапісаў эфектыўнай працы дадзенага комплексу.

«Беларускі бок займаўся прыборнай часткай. Акцыянернае таварыства “Пеленг” вырабіла прыбор навядзення і стральбы. Што такое прыбор навядзення стральбы? Ён уключаў у сябе тэлевізійны і цеплавізійны каналы, лазерны далямер і прыстасаванне падсветкі лазернай», – кажа незалежны ваенны эксперт Аляксандр Алесін.

Днямі стала вядома, што Украіна дэнансавала пагадненне аб супрацы і кааперацыі з Беларуссю ў вайскова-прамысловым комплексе.

Як ні парадаксальна, самая блізкая супраца паміж Беларуссю і Украінай у вайсковай сферы пачалася пасля захопу Крыму Расеяй. Афіцыйны Менск прапанаваў Кіеву некалькі супольных праектаў для вытворчасці вайсковай тэхнікі, у абмен на ракетныя праграмы.

«Беларусь і Украіна планавалі стварыць для беларускай авіяцыі крылатую ракету паветранага базавання “Бусел”. Але галоўным элементам быў турбарэактыўны рухавік», – нагадвае Алесін.

Але гэтаму праекту не наканавана было здзейсніцца. Украінскі бок не захацеў вырабляць рухавік для крылатай ракеты на тэрыторыі Беларусі. А Лукашэнка нацыяналізаваў Аршанскі авіярамонтны завод, кантрольны пакет акцыяў якога належаў украінскаму «Матор Січу». Адбылося гэта ў 2018 годзе.

Вядома, што Беларусь пастаўляла Украіне авіяцыйнае паліва і паліўна-змазачныя матэрыялы. Таксама на тэрыторыі Украіны выраблялася тэхніка павышанай праходнасці з машынакамплектаў, што пастаўляў ва Украіну Менскі аўтазавод.

Ці страціць нешта Украіна пры разрыве пагаднення з Беларуссю?

«Украіна нічога не губляе, таму што дэ-факта якое-небудзь супрацоўніцтва з Беларуссю асабліва ў сферы ваенна-прамысловага комплексу пасля 24 лютага немагчыма чыста фізічна», – кажа ваенна-палітычны аглядальнік Ігар Леўчанка.

А што страціць Беларусь?

«Супрацоўніцтва з Украінай мусіла дыверсіфікаваць сувязі беларускага ВПК. Не зрабіць залежнасць Беларусі ад Расейскай федэрацыі ўсёабдымнай. Але зараз і ўвядзенне санкцый, і разрыў кантактаў з Украінай, ануляцыя пагаднення аб ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве рэзка ўзмацнілі залежнасць Беларусі ад Расейскай федэрацыі ў плане ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва», – кажа ваенны эксперт Аляксандр Алесін.

Сёння на YouTube канале «ВоенТВ» выйшла інтэрв’ю з памочнікам міністра абароны Беларусі ў пытаннях міжнароднай вайсковай супрацы Валерыем Равенкам. Чыноўнік у форме дужа дзівіўся і наракаў, што ў Беларусі вельмі моцна сапсаваліся адносіны з Украінай. Сапраўды, а што ж магло адбыцца і пайсці не так?

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»