Класкоўскі: «Наколькі эфектыўным насамрэч будзе гэты кабінет, пытанне пакуль адкрытае»


Якія перспектывы ў Аб‘яднанага кабінету?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Асноўных заяўленых мэтаў новай структуры – пяць:

– Абараняць незалежнасць і суверэнітэт Рэспублікі Беларусь, рэпрэзентаваць нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Ажыццявіць фактычную дэакупацыю Беларусі

– Аднавіць канстытуцыйную законнасць і правапарадак.

– Распрацаваць і зрэалізаваць захады для спынення незаконнага ўтрымання ўлады, забяспечыць транзіт улады ад дыктатуры да дэмакратыі, стварыць умовы для правядзення сумленных і свабодных выбараў.

– Распрацоўваць і выконваць рашэнні, неабходныя для дасягнення дэмакратычных пераменаў у Беларусі.

– Вызваліць усіх палітычных вязняў.

Для чаго беларускім дэмакратычным сілам спатрэбілася ствараць такую структуру? Адказны за замежныя справы кабінету Валер Кавалеўскі тлумачыць:

«Мы дадалі прадстаўнікоў у пытаннях абароны нацыянальнай бяспекі, у пытаннях правапарадку ў Беларусі. Таксама тое, чым будзе займацца павал Латушка, міжнародны ціск, я ўпэўнены што мы будзем тут узаемадзейнічаць, дапамагаць адно аднаму. Вельмі важна, што гэта новая структура, новая сіла, яна становіцца цэнтрам прыняцца рашэнняў, цэнтрам выканання рашэнняў».

У кабінет таксама ўвайшоў кіраўнік ініцыятывы «Бай-Пол» Аляксандр Азараў – ён стаў прадстаўніком у аднаўленні правапарадку. А прадстаўніком у абароне і нацыянальнай бяспецы прызначаны падпалкоўнік запасу, былы камандзір трыццаць восьмай Берасцейскай дэсантна-штурмавой брыгады Валерый Сахашчык. Аднак ці дастаткова проста аб‘яднацца, ці сапраўды гэта можа ўзмацніць беларускі дэмакратычны рух? Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі кажа:

«Наколькі эфектыўным насамрэч будзе гэты кабінет, пытанне пакуль адкрытае. Праблема тут, у тым ці ёсць у выціснутай за мяжу апазіцыі нейкія дзейсныя рычагі ўздзеяння на саму сітуацыю ў Беларусі».

Палітолаг Лізавета Дубінка-Гушча дадае:

«Я лічу, што цяперашняя кааліцыя з‘яўляецца больш трывалай, таму што да яе дэмакратычныя сілы ішлі вось гэты два гады. І прайшлі праз крытыку і недавер. Тым не менш змаглі выпрацаваць гэту мадэль».

Арганізатары і чальцы камітэту заяўляюць, што гэта адкрытая структура. Аднак ці варта ўсіх аб‘ядноўваць пад адным дахам? Паводле Аляксандра Класкоўскага:

«Нейкага ідылічнага яднання ўсіх апазіцыйных сілаў не будзе і няма сэнсу відаць склейваць тое, што немагчыма склеіць, Таму што частка дзеячаў апрыёры настроена не на канструктыў, а на раскол».

Маюць эксперты пытанні і наконт фактуры. Маўляў, дэкларацыйныя заявы гэта добра, але патрэбная і канкрэтыка. Дзмітрый Балкунец кажа:

«Я так і не пачуў, каб Офіс Ціханоўскай, або кабінет, калі так ужо можна казаць, падняў вельмі востра пытанне па прызнанні Лукашэнкі тэрарыстам. Я не пачуў ад кабінета патрабаванне да еўрапейскіх краін увесці поўнае гандлёвае эмбарга ў дачыненні да грамадзяніна Лукашэнкі ўзамен на вызваленне палітзняволеных».

Гісторыя беларускіх дэмакратычных сілаў ведае розныя часы і падзеі. Часта новаўтвораныя структуры не былі дастаткова трывалымі. Ці зможа Аб’яднаны пераходны кабінет тут выгадна вылучыцца? Паводле Елізаветы Дубінкі-Гушчы:

«Тут таксама трэба разумець, што кожная арганізацыя грунтуецца на аснове пэўных інтарэсаў і пакуль гэтыя інтарэсы будуць супадаць, узаемадзеянне будзе выгадным, яно будзе працягвацца. Галоўнае зараз пачаць гэты працэс у беларускай палітычнай культуры».

Агулам эксперты заклікаюць новую структуру да аператыўнага выпрацоўвання і агучвання канкрэтных механізмаў для дасягнення заяўленых мэтаў, гендарнага балансу сярод чальцоў камітэту, сапраўднай адкрытасці да старонніх канструктыўных ініцыятываў.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»