Колькі засталося жыць беларускай эканоміцы?


Гадавіна выбараў у Беларусі і чарговы ўдар па рэжыму Лукашэнкі. Адразу тры эканамічна і палітычна моцныя краіны абвесцілі пра пашырэнне санкцыяў. Навіна ад Вялікай Брытаніі прыйшла першаю, якраз падчас так званай вялікай размовы Лукашэнкі з журналістамі.

«Да падавіцеся вы гэтымі санкцыямі. Мы тысячу гадоў не ведалі гэтай Вялікай Брытаніі і ведаць не хочам. Вы – прыхвасні амерыканскія», – казаў Аляксандр Лукашэнка ўчора.

Сярод іншага пад санкцыі Вялікай Брытаніі трапілі ключавыя для беларускай эканомікі галіны: калійная і нафтавая. Асобны пункт у спісе – так званы гаманец Лукашэнкі, расейскі бізнесовец Міхаіл Гуцырыеў.

Забарону наклалі і на яшчэ адну руку, якая корміць Лукашэнку. Толькі цяпер ужо з падачы ЗША. Размова пра бізнесоўца Аляксея Алексіна, вядомага сярод іншага гандлем цыгарэтамі і нафтапрадуктамі. У цэлым амерыканскія санкцыі закранулі 21 кампанію і арганізацыю ды 23 у рознай ступені набліжаныя да Лукашэнкі асобы. Усё гэта ставіць пад удар і эканоміку Беларусі, і персанальныя грошы Лукашэнкі. Надзеі на Расею ўсё меней – санкцыі могуць закрануць кампаніі, якія супрацоўнічаюць з рэжымам, мяркуе медыяэксперт iSANS Серж Харытонаў. Тым самым ставячы пад сумнеў хітрасць з продажам калійных угнаенняў – Мурманскі порт, пра які Лукашэнка казаў учора.

«Гэта порт, у якім базуецца вялікая колькасць расейскага флоту, і я сумняюся, што расейскае кіраўніцтва, дзеля таго каб падтрымаць Аляксандра Лукашэнку, рызыкне адным з самых камерцыйных партоў у краіне», – лічыць медыяэксперт iSANS Серж Харытонаў.

Бальшыня экспертаў сыходзіцца ў меркаванні: на сённяшні момант апошнія санкцыі самыя эфектыўныя. У перспектыве яны пазбаўляюць Беларусь магчымасці браць крэдыты на сусветным фінансавым рынку. І ў гэтым выпадку стаўка не робіцца нават на дапамогу Расеі – банкі не могуць пайсці на такія рызыкі, мяркуе Серж Харытонаў.

«Магчыма, будзе нейкая дамоўленасць паміж Уладзімірам Пуціным і Лукашэнкам, каб такія грошы завозіць кэшам, але я цалкам упэўнены, што, калі Злучаныя Штаты ўключаць магчымасць другасных санкцыяў, то расейскае кіраўніцтва два разы падумае перад тым, як працягнуць фінансавае падтрыманне і камерцыйную дзейнасць з прадстаўнікамі Аляксандра Лукашэнкі і дзяржаўнымі кампаніямі Беларусі», – лічыць Серж Харытонаў.

На меркаванне доктара палітычных навук Вадзіма Валавога, пад пагрозаю суверэнітэт Беларусі.

«Ён марудна зацягвае і сціскае Беларусь у такіх братэрскіх абдымках. Ну і адпаведна, калі цябе вось так сціскаюць, ты пачынаеш нервавацца, намагацца выбрацца, рабіць нейкія крокі, але гэта не змяняе сітуацыі, што цябе марудна сціскаюць», – кажа доктар палітычных навук Вадзім Валавы.

Пра санкцыі, якія ўвяла Канада, пакуль дэталёва нічога невядома, акрамя таго, што яны закранаюць фінансавы, энергетычны і хімічны сектары краіны. Прычынай абмежаванняў паўночнаамерыканская краіна называе адмову афіцыйнага Менску спыніць гвалт і пайсці на канструктыўны дыялог з апазіцыяй.

Але ў адказ чарговы раз становіцца зразумела: спыніць здзекі з уласнага народу і прызнаць паразу Лукашэнка не гатовы. Замест гэтага беларускі МЗС кажа пра, цытата, «пільную ацэнку і прыняцце адэкватных захадаў».

«Прыкрываючыся крывадушнымі лозунгамі абароны правоў чалавека і дэмакратыі, насамрэч нашыя заходнія апаненты кіруюцца халодным геапалітычным разлікам. Іх дзеянні наўпрост накіраваныя на падрыў суверэнітэту і незалежнасці Беларусі, дабрабыту і квітнення беларускага народу», – адзначаецца ў прэс-рэлізе МЗС Беларусі.

«Я дрэнна сабе ўяўляю, што Беларусь можа з льну, аўса, пшаніцы, бульбы, гародніны нейкім чынам ствараць высокадакладнае абсталяванне, тэхніку і нешта яшчэ», – адзначае эканаміст Вікторыя Васілевіч.

А таму, каб выратаваць эканоміку і ўласны народ ад голаду, усё, што трэба зрабіць рэжыму зараз, – гэта проста выконваць законы, прапісаныя ў Канстытуцыі, падводзіць вынік Вікторыя Васілевіч.

Надзея Бельская, «Белсат»