Лукашэнка заігрывае з украінцамі


Дапамог расейцам акупаваць часткі Чарнігаўскай і Кіеўскай вобласцяў, ды захапіць Чарнобыльскую АЭС, а цяпер – зноўку кажа пра славянскае братэрства і сяброўства Украіны, Расеі і Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка на ўласным канцэрце запрасіў украінцаў на святкаванне.

Пакуль па беларускіх дарогах ездзіць расейская ваенная тэхніка, і з нашай тэрыторыі і паветранай прасторы расейцы запускаюць свае ракеты па ўкраінскіх гарадах, Аляксандр Лукашэнка ладзіць святочны канцэрт у аграгарадку Александрыя ў Магілёўскай вобласці. Тут штогод адбываюцца святочныя канцэрты «Александрыя збірае сяброў», якія супадаюць з гадавінай першых выбараў, на якіх перамог Лукашэнка ў 1994-м годзе.

І тут самаабвешчаны кіраўнік дзяржавы вырашыў паразмаўляць пра кепскія палітычныя навіны з Украіны.

«Асабліва ў роднай нашай Украіне. Вы бачыце, што адбываецца там… Але гэты сівавалосы Дняпро, які аб’яднаў нашыя славянскія народы, я перакананы, у бліжэйшы час пабачыць тут, на гэтым беразе, і нашых украінскіх сяброў. Мы, расейцы і беларусы, з задавальненнем пабачым іх на нашым свяце», – вяшчаў Лукашэнка са сцэны.

Як мяркуе аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў Вадзім Мажэйка, нелегітымны кіраўнік дзяржавы паводзіць сябе як стары палітык у разняволенай атмасферы. Усё ж такі святочны канцэрт.

«Славянскае братэрства; РФ, Украіна і Беларусь – тры сястры… Быццам нічога не здарылася. Відавочна, што гэта нерэалістычна, што гэта не адпавядае сучаснасці, але звычайна дзяды так і кажуць, далёка ад сучаснасці», – кажа Вадзім Мажэйка.

Гэтаксама немагчыма вярнуць і старыя рэйтынгі – да адкрытай фазы расейскай агрэсіі Лукашэнка быў самым папулярным палітыкам ва Украіне, у шырокіх народных масах меў рэпутацыю гаспадарлівага ўпраўленца.

Пасля лютага, калі расейскія войскі ўвайшлі ва Украіну праз Беларусь і насуперак волі беларускага народу, украінцы чакаюць з Поўначы толькі кепскага.

Тым не менш, прапаганда працягвае працаваць, і спрабуе стварыць рэжыму міратворчы імідж прынамсі для ўнутранай аўдыторыі.

«З адкрытай душой сустракаем тых, хто прыйшоў з мірам. Заўсёды гатовы падзяліцца кавалкам хлеба і даць прытулак тым, хто страціў сёння ўсё», – абяцаў Лукашэнка падчас святочнага канцэрту.

То бок спачатку дапамога расейскім войскам разбураць дамы ўкраінцам, а потым – прапанова прытулку для тых, хто ўцякае ад бомбаў.

«Беларуская прапаганда спрабуе паказаць, што Беларусь толькі гуманітарна ўдзельнічае ў вайне, толькі дапамагае ахвярам. І таму аўдыторыя дзярж-СМІ не чуе нічога пра тое, што з тэрыторыі РБ ляцяць ракеты ва Украіну. Таму і не дзіва, што з гледзішча прапаганды Лукашэнка і сам сябе прадстаўляе тым, хто толькі дапамагае», – тлумачыць Вадзім Мажэйка.

Дзяржаўныя СМІ пішуць пра дзясяткі тысяч украінцаў, якія прыехалі ў Беларусь. Але колькі з іх паехала далей на Захад – не ўдакладняюць.

Яшчэ адзін мэсідж лукашэнкаўскай прапаганды: «нас спрабуюць уцягнуць у вайну ва Украіне».

«Нас правакуюць. Павінен вам далажыць: тры дні таму, можа, крыху больш з тэрыторыі Украіны спрабавалі нанесці ўдар па ваенных аб’ектах на тэрыторыі Беларусі. Але, дзякуй богу, проціпаветранымі комплексамі «Панцыр» удалося перахапіць усе ракеты, якія былі пушчаны ўзброенымі сіламі Украіны», – заявіў Лукашэнка 2 ліпеня.

Гэтыя заявы нічым не былі пацверджаныя.

Затое на мяжы з Украінай, як паведамляе Міністэрства лясной гаспадаркі, дзейнічае або абмежаванне, або поўная забарона наведвання лясоў грамадзянамі.

А ва Украіне вайскоўцы мініруюць памежную з Беларуссю зону. Тэлеграм-каналы, блізкія да сілавікоў Лукашэнкі, публікуюць відэа ўстаноўкі супрацьтанкавых мінаў і выбухоўкі на чыгунцы менавіта на мяжы з Беларуссю.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».