ЗСУ знішчылі расейскі Су-57


ГУР Украіны паведамляе пра ліквідацыю расейскага знішчальніка пятага пакалення Су-57.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэта першы Су-57, які знішчылі на працягу поўнамаштабнай вайны, – кажа вайскова-палітычны аглядальнік групы «Інформаційний спротив» Аляксандр Каваленка. – Гэта першы самалёт, няхай нават умоўна, але пятага пакалення, які знішчылі не ў паветры, а на зямлі».

Здарэнне адбылося на аэрадроме ў Ахтубінску Астраханскай вобласці. Гэта каля шасцісот кіламетраў ад лініі фронту.

Расея афіцыйна факту знішчэння Су-57 не пацвярджае. Аднак у зэт-пабліках бурная рэакцыя.

FighterBomber:

«За кошт толькі аднаго гэтага Су-57 сховішчы ад БПЛА можна было пабудаваць усім самалётам аператыўна-тактычнай авіяцыі краіны. Зразумела, калі дарогаю іх не красці і не раздаваць адкатаў».

«Русские грамоты»:

«Украінскі беспілотнік вынес найноўшы знішчальнік Су-57 на аэрадроме ў Ахтубінску (Астраханская вобласць). Самалёт коштам пад $100 млн не быў ніяк абаронены».

«Ахтубінск – гэта дзяржаўны выпрабавальны цэнтр міністэрства абароны, – кажа лётчык-выпрабавальнік Аляксандр Ліхадзед. – І там праводзяць выпрабаванні ўсёй баявой авіяцыі Расеі, вопытнай, серыйнай, мадэрнізаванай і ўсіх відаў узбраення. Там 700 кіламетраў палігонаў у бок Казахстану».

Су-57 – навінка расейскага ВПК. Кошт распрацоўкі праекту гэтага самалёта складае каля 10-ці мільярдаў долараў. Выраб адной адзінкі – каля 25-ці мільёнаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Су-57.
Фота: wikipedia.org

Фармальна гэта знішчальнік пятага пакалення, або нябачны самалёт. Фармальна, бо Індыя, у супрацы з якой Расея стварала на аснове Су-57 іншы нябачны самалёт з мэтай далейшай закупкі, у 2018 годзе выйшла з супольнага праекту. Сярод прычынаў называлі якраз неадпаведнасць Су-57 заяўленым характарыстыкам.

«Была нават такая кампанія па адмове ад Су-57. Цэлы шэраг чыноўнікаў расейскіх раптам рэзка сталі заяўляць, што ім не патрэбен Су-57, паколькі ён не лепш за Су-35, але нашмат даражэйшы, таму лепш больш вырабляць Су-35», – узгадвае Аляксандр Каваленка.

Агулам Расея мае каля пятнаццаці Су-57. На баявым дзяжурстве ўсяго некалькі адзінак.

«Гэта такія вайсковыя выпрабаванні ў рэальнай вайне. Блізка гэтыя самалёты да лініі фронту не падпускаюць – яны дзесьці за 250 кіламетраў на малых вышынях пусцілі гэтую ракету і гародамі туды на Волгу да сябе, у Ахтубінск», – мяркуе Аляксандр Ліхадзед.

Страта Су-57 не адзіная непрыемная навіна для Масквы.

Як справаздачыцца «Sky News», украінскі самалёт упершыню атакаваў цэль на тэрыторыі Расеі. Пад удар трапіў камандны вузел у раёне Белгараду. Да таго ж ЗСУ нанеслі ўдар ракетам ATACMS па Крыме. У выніку пацярпелі два комплексы С-300 і чатыры радыёлакацыйныя станцыі.

Ян Федаровіч, «Белсат»