Кватэра як узнагарода за рэпрэсіі: «Кіберпартызаны» распавялі пра БДУ


Трохпакаёвая кватэра ў Менску ў якасці падзякі за рэпрэсіі супраць выкладчыкаў. «Кіберпартызаны» ўзламалі ўнутраную сетку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту. Ды распавялі шмат цікавага аб асобе рэктара галоўнага ўніверсітэту краіны. 

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Другая частка расследавання «Кіберпартызанаў» пра Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. А ў ім – рэктар уладкоўвае асабістае жыццё. Са шматлікімі прыхільніцамі, не забываючы пра закулісныя інтрыгі. Андрэй Кароль сочыць за працаўнікамі і выжывае іх з пасадаў. Нават тых, хто лаяльны рэжыму.

«ВНУ ёсць і павінны функцыянаваць ва ўмовах дыктатуры, а значыць, унутры таксама павінны выбудоўваць вось гэтую вертыкальна-падкантрольную сістэму кіравання. І ні пра нейкую свабоду слова, мыслення ці яшчэ чагосьці гаворкі ўжо даўно няма», – зазначае незалежная экспертка ў галіне адукацыі Святлана Мацкевіч.

Як той, хто забяспечыў масавыя звальненні выкладчыкаў пасля пратэстаў 2020 года, рэктар БДУ Андрэй Кароль падаў заяву на будаўніцтва трохпакаёвай кватэры ў Менску. Але атрымаў адмову. Тады Кароль прыцягнуў на дапамогу тагачаснага міністра адукацыі Ігара Карпенку, які накіраваў ліст на імя Лукашэнкі:

«У БДУ праводзіцца паслядоўная кадравая палітыка, скіраваная на займанне пасадаў толькі асобамі, якія цалкам падзяляюць ідэалогію беларускай дзяржавы (з кастрычніка 2020 года з 21 асобай з выкладчыкаў і працаўнікоў скасаваныя працоўныя адносіны). […] 79 асобам дэманстратыўна скарочаныя тэрміны працоўнай дамовы. […] Не дапушчаныя на працу 57 асобаў».

Пры гэтым сям’я рэктара складаецца з двух чалавек. Але «Кіберпартызаны» толькі за апошнія 4 гады налічылі ў Караля як мінімум 7 прыхільніц і палюбоўніц. Падаюць фрагмент перапіскі з адной з іх. Арфаграфію і пунктуацыю захоўваем.

«– в среду и четверг приедет няня, надеюсь, все сложится и я буду вся твоя

и я тебя целую, пиши, как сможешь

– звучит обесчающе».

Рэктар БДУ Андрэй Кароль.
Крыніца:  ont.by

На працы ж у рэктара БДУ не ўсё так складна. Летась ён атрымаў загад ад адміністрацыі Лукашэнкі правесці апытанне сярод выкладчыкаў, якое ў тым ліку датычыла ацэнкі працы самаго Андрэя Караля. Рэктар вырашыў зрабіць анкетаванне па-свойму.

З тэлефоннай размовы Андрэя Караля:

«Но вообще, я, бл*ть в шоке, реально, от таких методов работы. Сейчас это наспех сколоченная анкета, и, может быть, ее бы и провести на очень малой выборке, подконтрольной».

Як вынікае з расследавання «Кіберпартызанаў», Кароль пляце сапраўдныя закулісныя інтрыгі. Вось так у тэлефоннай размове рэктар кажа пра сваіх калегаў:

«Пускай подёргается эта сволочь. Иначе я его назвать не могу. Ну полная гнида».

«Но надо просто-напросто чётко взять, открыть папку и собирать на него более серьёзный компромат и потом его нах*ер пинком под зад».

«У меня вопрос, а куда эта м*нда смотрела, Добровольская? В общем… Но потом с нее, конечно, надо очень серьёзно спросить и даже не спросить, а у меня уже решение созрело. Вот».

Летась дэканам факультэту журналістыкі прызначылі Аляксея Бяляева. А праз некалькі дзён на імя рэктара Караля прыйшла скарга ад выкладчыкаў, дзе пазначана, што новы дэкан – выпадковы чалавек, які краў публікацыі іншых аўтараў. Але Бяляеў дагэтуль узначальвае журфак.

«Тыя, хто менш, можа, кваліфікаваныя, але больш ідэалагічна агрэсіўныя, – іх праціскаюць на нейкія пасады і даюць ім больш улады ва ўніверсітэце», – зазначае дарадца «RZM Law Firm», заснавальнік «BelGameDev», доктар філасофіі Яраслаў Кот.

Глядзіце першую частку расследавання, а таксама новыя факты пра БДУ і яго рэктара на старонках «Кіберпартызанаў» ў Telegram (@cpartisans_by) і YouTube (@PartizanWave).

Аляксандр Дзегцяроў, «Белсат»