Ціск на палітвязняў працягваецца


Сцяпана Латыпава суддзя Аляксандр Воўк накіраваў на судова-псіхіятрычную экспертызу – такі вынік сённяшняга паседжання ў судзе Савецкага раёну Менску.

«Былі побач з ім двое міліцыянтаў, ахова, з кайданкамі, ён быў з кожнага боку кайданкамі да іх прыкуты, і яшчэ быў адзін старэйшы», – распавядае Галіна Латыпава, цётка палітвязня Сцяпана Латыпава.

Такія захады прынялі пасля таго, як падчас мінулага паседжання Сцяпан Латыпаў спрабаваў парэзаць сабе горла. Мужчына заявіў тады, што яго змушаюць да хлуслівых прызнанняў, пагражаючы рэпрэсіямі для сваякоў і суседзяў.

«Лічу, што ён наш герой. Мала таго, што ён ахоўваў мурал, збіраў подпісы за аднаго з кандыдатаў – не цяперашняга непрэзідэнта. Я лічу, што ў яго высокая грамадзянская пазіцыя, і такіх людзей трэба цаніць, а не трымаць у кайданках у клетцы», – кажа Святлана, якая прыйшла на судовае паседжанне падтрымаць Сцяпана Латыпава.

Сярод паўтара дзясятка асобаў, якія трапілі на сённяшняе паседжанне, былі першы сакратар амбасады Швецыі Конрад Рычардсан і намесніца кіраўніка прадстаўніцтва Еўразвязу ў Беларусі Эвэліна Шульц. Бацька палітвязня Сяргей Латыпаў адзначае, што еўрачыноўнікі манітораць сітуацыю з палітвязнямі,

«…каб гэтую інфармацыю данесці да грамадскасці еўрапейскай і адпаведных еўрапейскіх інстытутаў, якія прымаюць рашэнні ў дачыненні Беларусі».

А ціск на палітвязняў працягваецца. Стала вядома, што Уладзіміра Цурпанава, якому раней змянілі меру пакарання з «хіміі» на калонію, змясцілі ў карцар Магілёўскай турмы нумар чатыры.

Чатырох палітвязняў, што былі валанцёрамі штабу Віктара Бабарыкі, пакаралі пяцігадовым зняволеннем у калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суддзя Святлана Бандарэнка за набыццё лазерных указак прызнала іх вінаватымі ў падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў і навучанні ці іншай падрыхтоўцы асобаў да ўдзелу ў масавых беспарадках.

«Мы не пакінем нашых дзяцей у бядзе і будзем змагацца за іхнае вызваленне. Сіла ў праўдзе, а яна рана ці пазней пераможа. А ў гэты момант трэба трымацца ўсім разам, падтрымліваць адно аднаго, і ўсё абавязкова атрымаецца», – кажа Святлана Ярмолава, маці палітвязня Ігара Ярмолава.

У «справе студэнтаў», якую таксама мелі разглядаць сёння, перапынак працягнулі да 17-га чэрвеня, патлумачыўшы тым, што некаторыя з фігурантаў застаюцца на каранціне праз каронавірус у камерах. Сённяшняе паседжанне наведвалі амбасадары Францыі і Румыніі.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»