Польшча хоча расследаваць уплыў Беларусі і Расеі


Лукашэнка гатовы даць прытулак збегламу з Польшчы суддзю Томашу Шмыту. І нават прыставіць да яго ахову.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У панядзелак, 6 траўня, суддзя другога аддзялення ваяводскага адміністрацыйнага суда Варшавы Томаш Шмыт нечакана з’явіўся на прэс-канферэнцыі ў Менску. Маўляў, ён зазнаў палітычны пераслед на радзіме і хоча прасіць палітычнага прытулку. Польскія ўлады адрэагавалі.

«Гэтая інфармацыя і сенсацыя суправаджаецца мноствам спекуляцыяў. Няма сумневу, пасля таго, што я атрымаў ад нашых службаў, – што мы маем дачыненне не з нейкім выключным учынкам, а са справаю, прычыны якой маюць даўнюю гісторыю», – заявіў прэмʼер-міністр Польшчы Дональд Туск.

У Варшаве Шмыта абвінавачваюць у перадачы сакрэтных звестак замежнай выведцы. Дысцыплінарны суд дазволіў затрымаць яго і заключыць пад варту. Гэта азначае, што былога суддзю пазбавяць імунітэту і абвесцяць у міжнародны вышук. Наколькі ж імаверна, што Томаш Шмыт – шпіён?

«Звычайна, мне здаецца, шпіёны такім чынам не ўцякаюць. Гэта адбываецца больш арганізавана, але ў любым выпадку гэты чалавек, безумоўна, меў грахі перад польскім правасуддзем, меў праблемы ў сваім жыцці. І гэта былі падставы, каб ён уцёк. І каб ён цяпер, так бы мовіць, перакінуўся на бок прапаганды», – зазначае палітычны аглядальнік, вядоўца праграмы «Двубой» на «Белсаце» Віталь Цыганкоў.

Томаш Шмыт у Менску
Польскі суддзя Томаш Шмыт у Менску, Беларусь. 6 траўня 2024 года.
Фота:  Tomasz Szmydt / Telegram

У сваю чаргу журналіст выдання «Dziennik Gazeta Prawna» Міхал Патоцкі звяртае ўвагу на ідэалагічную падрыхтоўку Шмыта. Ягоныя тэксты перапоўненыя прыкладамі крамлёўскай і лукашэнкаўскай прапаганды:

«Ён мог сказаць, што ўва ўсім вінаватая Амерыка, але тое, што Вялікая Брытанія таксама актыўна прапагандай расейскай і беларускай цяпер асацыюецца з вайною ва Украіне і з усім, што Захад робіць супраць Беларусі, – такога выпадковы паляк не ведае».

Да таго ж, Шмыт не толькі меў доступ да сакрэтных дакументаў, але і мог як суддзя вызначаць парадак доступу да іх.

«Я думаю, хутчэй за ўсё, ён разумеў нейкую тэндэнцыйную інфармацыю наконт людзей: хто спрачаўся, хто пакрыўджаны на польскія ўлады. І, цалкам верагодна, мог перадаваць гэтую інфармацыю беларускаму боку, і яны яе неяк спрабавалі выкарыстоўваць у сваіх інтарэсах. Мы не ведаем, ці выйшла ў іх, ці выйшла кагосьці завербаваць. Цалкам верагодна, што такія матэрыялы перадаваліся», – мяркуе былы працаўнік СБУ Іван Ступак.

Раней ні Лукашэнка, ні ягоная прапаганда не казалі пра падрабязнасці смерці былога польскага вайскоўца Эміля Чэчкі, які ў снежні 2021 уцёк у Беларусь. У прапагандысцкіх медыях ён распавядаў пра сотні забітых польскімі памежнікамі мігрантаў. Праз тры месяцы дэзерціра знайшлі павешаным.

«Шмыт нашмат важнейшы для рэжыму. Чэчка быў на адзін раз, каб паказаць на тэлебачанні, каб ён там распавёў пра нейкія злачынствы і гэтак далей. А Шмыт – яго можна выкарыстоўваць часта і пастаянна», – кажа Міхал Патоцкі.

У тэлеграм-канале Шмыта штодня – новыя публікацыі:

«Вітаю, спадарства! Перада мною – новы дзень, шмат працы, шчыльны графік. Сачыце за навінамі».

Алесь Яшчанка, «Белсат»