Лукашэнка захварэў?


Аляксандр Лукашэнка знік пасля парада перамогі ў Маскве і ўскладання кветак у Менску 9 траўня. На абедзвюх цырымоніях ён выглядаў вельмі слаба, не мог нармальна перасоўвацца, і ўпершыню не выступіў з урачыстай прамовай за ўсе гады свайго кіравання. Што адбываецца?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Рукапасцісканне моцнае, прэзідэнт працуе з дакументамі» – так у 1996-м годзе прэс-сакратар Барыса Ельцына Сяргей Ястржэмбскі запэўніваў журналістаў, што кіраўнік Расеі ў парадку. Тым часам Ельцын пасля інфаркту праходзіў аперацыю на сэрцы. Тады яму было 65 гадоў.

Лукашэнку цяпер – 68. І за апошні год ён стаў выглядаць і рухацца зусім як Ельцын. А на парадзе ў Маскве не змог прайсці пешшу 300 метраў.

«Ён насамрэч хворы, некалькі дзён таму мы атрымалі інфармацыю пра ягоную хваробу. У яго быў грып разам з ковідам і ягоны стан даволі кепскі. Выглядаў ён у Маскве, канешне, жахліва. Бачна, што гэта ўжо стары, хворы і стомлены чалавек», – распавёў у эфіры ўкраінскага «ApostropheTV» кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

9 траўня ў Маскве ў Лукашэнкі на правай руцэ быў бінт, а пазногці мелі ненатуральны колер. Пасля параду войскаў Уладзімір Пуцін запрасіў гасцей – кіраўнікоў краінаў СНД – прайсці да ўскладання мемарыяльных вянкоў. Бачна, як Лукашэнка пра штосьці пытае Пуціна, той спыняецца і пра штосьці просіць ахову. Калі ўсе кіраўнікі краінаў СНД ідуць разам з Пуціным пешшу, Лукашэнка застаецца з міністрам абароны Сяргеем Шайгу, а потым ідзе да адмысловага электравазочку – імі з параду вязуць старыкоў і нямоглых. Хтосьці з персаналу паказвае кіроўцу вазочка, куды везці Лукашэнку.

«У яго ўжо даўно хворыя ногі. Голас змяніўся – у апошнім выступе ён казаў замагільным голасам», – нагадвае кіраўнік руху «Вольная Беларусь» Зянон Пазняк.

Пакуль Пуцін, Пашынян і Такаеў ідуць уздоўж трыбунаў з гледачамі, побач праносіцца вазочак з Лукашэнкам. Потым мы бачым вазок ля ўваходу ў Аляксандраўскі сад. Лукашэнка ад вазочка паволі ідзе да кіраўнікоў краінаў СНД, якія яго чакаюць.

Пасля ўскладання кветак Лукашэнка развітваецца з Пуціным і кампаніяй, і знікае. На нефармальны сняданак у Крамлі ўсе ідуць ужо без Лукашэнкі. Чаму – ніхто не паведамляе.

Толькі 10 траўня крамлёўскі прэс-сакратар Дзмітрый Пяскоў заявіў, што Лукашэнка вылецеў у Менск на мерапрыемствы.

А 9 траўня ў Менску кіраўнік КДБ зрабіў вельмі цьмяную заяву пра тэракты да святочнага дня.

«Камітэт дзяржаўнай бяспекі перадухіліў спробы здзейсніць тэракты напярэдадні 9 траўня. Спроба ўскалыхнуць сітуацыю. Кіраўнік дзяржавы ў курсе гэтых момантаў. Мы затрымалі пэўную колькасць асобаў, якія рыхтаваліся да тэрактаў, мы ведаем, што за гэтым стаяць спецслужбы. Я не хачу цалкам адкрываць сёння. Заўтра мы пастараемся ўсё сказаць», – заявіў Іван Церцель 9 траўня.

Сваёй пустой заявай Церцель прыкрываў тыл Лукашэнкі на інфармацыйным фронце, кажуць эксперты.

«Учорашняя заява Церцеля ўчора выглядала абсалютна недарэчна. Святочны дзень, галоўнае свята краіны, усё датычыцца толькі Перамогі. Тут з’яўляецца Церцель, і ягоная заява – абсалютна пустая. Мы злавілі, але нічога вам не скажам. Усё паведамім заўтра», – падкрэслівае слабыя месцы заявы КДБ гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.

Пасля заявы пра тэрарыстаў Аляксандр Лукашэнка ўсё ж зʼявіўся перад камерамі – усклаў вянок да помніку Перамогі ў Менску. Бінту на ягонай руцэ ўжо не было, але ішоў Лукашэнка вельмі павольна. І ўпершыню ў гісторыі за ўсю цырымонію не сказаў ні слова.

«Таварышч галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі, дазвольце паводле вашага даручэння выказаць пазіцыю вайсковых людзей аб значэнні Вялікай Перамогі, ахарактарызаваць ваенную абстаноўку вакол Беларусі», – звярнуўся міністр абароны Лукашэнкі Віктар Хрэнін да свайго начальніка.

Падчас прамовы Лукашэнка змрочна паглядваў на Хрэніна і торгаў рукой, на якой раней быў бінт.

«Сёння развязанае глабальнае ваеннае супрацьстаянне між заходняй і ўсходняславянскай цывілізацыямі. Бойка разгорнутая па ўсіх франтах, ідзе маштабная проксі-вайна, дзе Захад рукамі ўкраінцаў ваюе за свае інтарэсы», – вяшчаў Віктар Хрэнін у мікрафон.

І толькі на наступны дзень пасля вельмі незвычайнага для Лукашэнкі святкавання КДБ апублікаваў анонс расследавання тэрактаў. На тэлеканале ОНТ знялі чарговы фільм КДБ аб замежных спецслужбах, якія нібыта рыхтавалі ў Беларусі тэракты з амерыканскай выбухоўкай.

«Выбуховыя прыстасаванні былі замаскаваныя пад побытавыя прыборы, якія прыбылі ў краіну з-за мяжы. У Беларусі іх атрымалі розныя людзі з адным заданнем – забраць і не задаваць лішніх пытанняў. А ў патрэбны час пасылкі мусілі актываваць, каб справакаваць ахвяры і ўскалыхнуць сітуацыю ў краіне. Сляды замоўнікаў тэракту вядуць ва Украіну», – зачытвала тэкст вядоўца навінаў ОНТ.

КДБ абвінаваціў у падрыхтоўцы тэрактаў Галоўнае ўпраўленне выведкі Генштабу ЗСУ. У фільме зноўку выкарысталі актораў для пастановачных сцэнаў.

Такія фільмы КДБ за Церцелем выпускае перыядычна. Але сама заява аб тэрарыстычнай небяспецы магла быць планам «Б», мяркуе Аляксандр Фрыдман:

«Магчыма, яны тады проста не ведалі, ці будзе Лукашэнка ў стане прыйсці на цырымонію з кветкамі ў Менску, і на ўсялякі выпадак – такі чэкісцкі метад – яны гэта запусцілі пра тэрарыстычную небяспеку, што яны перадухілілі тэракты».

Чуткі пра хваробу Лукашэнкі цыркулююць не першы раз, але сёлета – з бінтам і вазочкам – ён рызыкуе важным вобразам «мачо» і «моцнага лідара». І няма ніякай пэўнасці, хто заменіць яго ў выпадку смерці.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»