Які сэнс у праекце Камісіі народнай памяці штабу Святланы Ціханоўскай?


Камісія народнай памяці мусіць ускрыць архівы і даведацца пра злачынствы супраць беларусаў у розныя часы – гэта згодна з новым праектам штабу Ціханоўскай. Але цяпер архівы недасяжныя, а беларусы дагэтуль пад ціскам рэпрэсіяў.

«Мы думаем пра тое, якой будзе новая Беларусь, і распрацоўваем эканамічныя рэформы, прававыя рэформы. І гэта вось частка, якая павінна быць рэалізаваная ў новай Беларусі. Мы трацім на гэта час, каб людзі ведалі, якой будзе новая Беларусь», – тлумачыць дарадца Святланы Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі і запэўнівае, што і для сённяшняй Беларусі праект камісіі мае сэнс:

«Сэнс у тым, каб людзі ведалі, што беспакаранасці больш не будзе. І раней ці пазней, а хутчэй раней, чым пазней, стануць вядомыя тыя, хто цяпер б’е, катуе, забівае людзей».

Мы запыталі жыхароў сталіцы, ці паўплывае, на іхную думку, праект Камісіі народнай памяці на дзеянні сілавікоў.

«Спадзяюся, што паўплывае на іх, што задумаецца нехта, але пакуль у іх дастаткова моцны бэкграўнд Лукашэнкі і сілавых структураў у прынцыпе такі, што яны гэтага не баяцца».

«Зараз гэта не прынясе ніякага эфекту, выніку, але я думаю, што ў будучыні гэта паўплывае на станаўленне, развіццё нашай краіны».

«На Аляксандра Лукашэнку нічога не паўплывае ўжо. Але камісію ствараць трэба, бо яны ж не вечныя».

Апазіцыя прапаноўвае ўсё болей праектаў, якія стануць магчымыя толькі ў дэмакратычнай Беларусі. Акрамя Камісіі народнай памяці, гэта, напрыклад, планы Народнага антыкрызіснага ўпраўлення ў сферы замежнай палітыкі, рэформы ўнутраных справаў, спартыўнай індустрыі. Сэнс праектаў, якія будуць актуальныя толькі ў будучыні, растлумачыў метадолаг Уладзімір Мацкевіч:

«Нічога з таго, што яны зараз напрацуюць, не застанецца, нават не спатрэбіцца, калі ўлада зменіцца. А вось тое, што гэтыя людзі будуць трохі дасведчаныя, трохі падрыхтаваныя, – гэта добра. Вось людзі і чалавечая вартасць – гэта адзінае, што можна вынесці з гэтых працаў».

Спробы паўплываць на сілавікоў ідуць і з Еўропы. Напрыканцы сакавіка 19 краінаў стварылі механізм для збору інфармацыі пра злачынствы. Ужываецца і шлях універсальнай юрысдыкцыі. Гэтак, 5 траўня ў Нямеччыне распачалі расследаванне супраць злачынстваў рэжыму. Раней літоўская пракуратура распачала крымінальную справу аб збіцці Максіма Харошына.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»