З аўкцыёну прадалі кватэру сям‘і Цапкалаў


Арыштаваную кватэру Веранікі і Валерыя Цапкалаў у Менску прадалі праз дзяржаўны электронны аўкцыён з другой спробы: за першым разам ахвочых прыдбаць нерухомасць не знайшлося. Раней Вераніка Цапкала каментавала сітуацыю: «Вы павінны разумець тое, што мы абавязкова вернемся дадому, разам з дзецьмі ўедзем у кватэру, пабудаваную на законна заробленыя сродкі, і запатрабуем ад вас выплаты арэндных плацяжоў за ўвесь перыяд карыстання нашай маёмасцю».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Трохпакаёвая кватэра агульнаю плошчай амаль 104 м2 месціцца ў доме нумар 5 на вуліцы Чарнышэўскага. Бонусам да яе ішло і месца на падземным паркінгу. Але прававы бок угоды пакідае шэраг пытанняў.

«Відавочна, гэта супярэчыць Канстытуцыі і не толькі Канстытуцыі. Гэта супярэчыць беларускаму Крымінальнаму кодэксу, гэта супярэчыць беларускаму крымінальна-працэсуальнаму кодэксу. Таму для любога праўніка – і беларускага, і замежнага – відавочна, што парушаліся правы ўласніка маёмасці на справядлівы суд і на магчымасць прадстаўляць свае інтарэсы ў судзе», – кажа праўнік НАУ Міхаіл Кірылюк.

Каб правярнуць продаж, кошт трохпакаёўкі зрабілі прывабным – 395 тыс.рублёў, ці 120 тыс. долараў – значна менш за рынкавы. Прынамсі прыблізныя паводле плошчы кватэры прадаюцца ў два разы даражэй. І нават пры гэтым адшукаць пакупнікоў было складана.

«Гэта маргінальны працэнт квапных людзей, якія проста хацелі б атрымаць нейкую маёмасць па меншых коштах. Але мне здаецца, што такіх людзей абсалютная меншасць у Беларусі. І я б хацеў падзякаваць за гэта, што менавіта мы, беларусы, такія», – адзначае кіраўнік НАУ Павел Латушка.

Валер Цапкала з жонкай.
Фота: Белсат

Сям’я Цапкалаў не першая, у каго забіраюць маёмасць праз прысуды. Раней з трэцяй спробы на аўкцыёне прадалі трохпакаёвую кватэру Сяргея і Святланы Ціханоўскіх. Сума ўгоды склала 80 тысяч долараў.

З аўкцыёну пайшла і частка маёмасці Віктара Бабарыкі: ягоны «Форд» 2015 года купілі амаль за 6 тысяч долараў. Гадзіннікі палітыка ацанілі даражэй. За іх заплацілі амаль 15 і 16 тысяч долараў адпаведна.

«Што б не рабіў рэжым, але ўсё ж наш рух не спыняе дзейнасць. І мала таго: ён мае ўжо выпрацаваную сістэму, якая “крок бай крок” ствараецца і функцыянуе. Рэжым цісне, але рух ідзе», – дадае Павел Латушка.

Заніжаныя кошты на арыштаваную маёмасць апанентаў Лукашэнкі можа быць звязаная яшчэ і з асаблівымі ўмовамі, якія суправаджаюць угоды куплі-продажу.

Гэтак, новы гаспадар кватэры Цапкалаў не можа распараджацца нерухомасцю ў поўнай меры. А пры змене сітуацыі маёмасць вернецца былым уладальнікам.

«Ёсць такое паняцце ў беларускім заканадаўстве як “рэстытуцыя” – гэта азначае вяртанне маёмасці ў “ісходнае” палажэнне. Ёсць 2 магчымыя сцэнарыі: першы – з кампенсацыяй з боку дзяржавы, якая рабіла парушэнне, а другі варыянт – без кампенсацыі, калі чалавек быў дасведчаны. На маю думку як праўніка, хутчэй за ўсё будзе другі варыянт – “без кампенсацыі”, бо чалавек бачыў, што купляў», – адзначае Міхаіл Кірылюк.

Законы рэстытуцыі дзеюць і ў іншых краінах свету. Гэтак, у Літве, Латвіі і Эстоніі былыя ўласнікі ды іхныя нашчадкі маюць права на вяртанне нерухомасці, сканфіскаванай з парушэннем заканадаўства. Летась Літва выплаціла мясцовай габрэйскай супольнасці 37 мільёнаў ​​еўраў кампенсацыі за маёмасць, нацыяналізаваную ў 1940-ых гадах.

Кацярына Гардзеева, «Белсат»