Украінскіх дзяцей выкрадалі праз Беларусь


Украіна стварае міжнародную кааліцыю для вяртання дзяцей-сіротаў, незаконна вывезеных і трыманых на тэрыторыі Расеі. Вядома, аднак, і пра дзяцей, вывезеных з акупаванай тэрыторыі ў Беларусь. Народнае антыкрызіснае ўпраўленне рыхтуе адпаведны запыт у Міжнародны крымінальны суд аб саўдзеле Аляксандра Лукашэнкі ў гэтым злачынстве.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Расейскія ўлады незаконна ўтрымліваюць на акупаваных тэрыторыях ды вывезлі з Украіны 4396 ўкраінскіх дзяцей-сіротаў. Пра гэта паведаміла ўкраінская міністр з пытанняў рэінтэграцыі Ірына Верашчук. Цяпер фармуецца міжнародная кааліцыя, каб вярнуць дзяцей дадому, ва Украіну.

«Ужо фармуецца пул міжнародных лідараў, якія выказалі сваё публічнае падтрыманне такой кааліцыі. Сярод іх Урзуля фон дэр Ляен, Матэўш Маравецкі і іншыя. Таксама будзе пасярэднік. Гэта можа быць хто-кольвек: Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа, Управа вярхоўнага камісара ААН у справе ўцекачоў, ЮНІСЭФ і гэтак далей», – паведаміла віцэ-прэм’ер Украіны.

Агулам вядома пра прынамсі 19 тысячаў дзяцей, якіх вывезлі з Украіны ў Расею. Дзяцей з акупаваных тэрыторыяў вывозілі і ў Беларусь. Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка ў эфіры «Белсату» распавёў, што сабраў факты прымусовай дэпартацыі.

«Мы перадаем у Міжнародны крымінальны суд у Гаазе. Я ўзяў некалькі дакументаў, якія пацвярджаюць факт дэпартацыі дзяцей украінскіх на тэрыторыю Беларусі», – заявіў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.

Інфармацыю аб незаконным перавозе ўкраінскіх дзяцей не саромеліся падаваць і дзяржаўныя СМІ ў Расеі і Беларусі. Прынамсі 1050 дзяцей з акупаваных тэрыторыяў украінскага Данбасу перавезлі пад Салігорск праз фонд паралімпійца Аляксея Талая пры падтрыманні «Беларуськалію».

«Мы гэтыя матэрыялы перадаем пракурору Хану ў Міжнародны крымінальны суд. Толькі ён можа даць ацэнку. Я не магу сказаць перад камерай, што гэтае рашэнне будзе прынятае, але пракурор Міжнароднага крымінальнага суду можа даць ацэнку наконт саўдзелу Лукашэнкі ў гэтым злачынстве», – паведаміў Павел Латушка.

Пры гэтым украінскіх дзяцей забіраюць і ў жывых бацькоў – нібыта для аздараўлення. Толькі на гэтых выходных Ірына Грынчанка змагла пабачыць сваіх дачок, якіх вывезлі з акупаванага Херсону яшчэ летась. Гэтае ўзʼяднанне семʼяў адбылося на мяжы Беларусі і Украіны.

«У горадзе павесілі абʼяву, што аддзел адукацыі арганізоўвае бясплатную паездку на мора на 24 дні. Параіліся ўдома, вырашылі, што дзяўчыны даўно мора не бачылі, і такое становішча, што 24 дні не так і страшна», – распавяла Ірына Грынчанка.

У Расеі ўкраінскіх дзяцей перавозілі з лагера ў лагер, прымушалі стоячы спяваць расейскі гімн і слухаць лекцыі пра «русский мир».

«Казалі, што ўдачараць. Возьмуць апякунства», – распавядаюць Даша і Алёна, сёстры з Херсону, пра свой досвед перабывання ў расейскім «дзіцячым лагеры».

І гэта пры жывых бацьках. Каб вярнуць Дашу і Алёну, Наталля Рак ехала праз Польшчу, Беларусь, Маскву – у акупаваны Крым. І потым зноўку праз Беларусь – дадому, ва Украіну.

«Цяжка. Калі мы сядалі ў аўтобусы, там былі дзеці, якія засталіся, яны так плакалі», – распавядае Наталля Рак, мама Дашы і Алёны.

Не ўсім пашанцавала ўзʼяднацца. Аляксандр перажыў расейскія бамбаванні ў сховішчы металургічнага камбінату ў Марыупалі, быў паранены ў вока, і з мамай трапіў у расейскі палон.

«Нас пасадзілі на “КамАЗы” і павезлі ў фільтрацыйны лагер. Там маму апытвалі, а потым сказалі, што мама фільтрацыі не прайшла, і што мяне ад яе забіраюць. Нават развітацца не далі», – распавядае маленькі марыупалец.

Ці жывая мама, хлопчык не ведае. Аляксандра рыхтавалі да перадачы ў расейскую сямʼю. Але бабуля праехала тысячы кіламетраў, каб вярнуць яго ва Украіну, у Чарнігаўскую вобласць.

Тысячы іншых украінскіх дзяцей проста цяпер праходзяць праз прымусовае перавыхаванне.

«Вы ўжо не дзеці. Гэта толькі напісана “Дзеці Данбаса”. А так вы ўжо дарослыя людзі», – так Патрыярх Маскоўскі Кірыла (Уладзімір Гундзяеў) размаўляў з украінскімі падлеткамі, якіх адмыслова прывезлі да яго ў Маскву.

«Прэзідэнт падпісаў указ аб спрошчаным парадку атрымання расейскага грамадзянства дзецям-сіротам, дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў Данецкай, Луганскай народных рэспублік і Украіны. Гэтае рашэнне дазволіць нам разабрацца з цэлым комплексам праблем, з якімі сутыкаюцца дзеці гэтай катэгорыі», – проста па тэлевізары ўрачыста абвяшчала Марыя ЛьвоваБялова, упаўнаважаная ў правах дзіцяці пры Уладзіміру Пуціну.

Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордар на арышт Марыі Львовай-Бяловай і Уладзіміра Пуціна. Іх падазраюць у ваенным злачынстве: гвалтоўнай дэпартацыі і перамяшчэння насельніцтва, у тым ліку дзяцей, з акупаваных тэрыторыяў. Міжнароднае права трактуе гэтыя дзеянні як генацыд.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»