Сяргей Шайгу прыляцеў у Менск на сустрэчу з Лукашэнкам


Сяргей Шайгу прыляцеў у Менск «на прадметную і канкрэтную размову» на тэму «запэўнівання бяспекі»дзеля «развіцця дамоўленасцяў з прэзідэнтам Расеі». Афіцыйнае тлумачэнне даволі неакрэсленае. Насамрэч, на думку беларускага палітолага Валера Карбалевіча, гаварылі аб размяшчэнні ў Беларусі расейскай ядравай зброі: «З Пуціным Лукашэнка абгаворвалі палітычныя аспекты, нейкія стратэгічныя аспекты гэтага пытання. Ну, а Шайгу прыляцеў у Менск, каб дагаварыць больш тэхнічныя пытанні пра ўсю гэтую працэдуру».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Беларусь чакае ад Расеі гарантыяў бяспекі. Лукашэнка падкрэсліў, што пра гэта таксама дамаўляўся з Пуціным на мінулым тыдні. Каб у выпадку меркаванай агрэсіі Расея абараняла б нашую краіну «як уласную тэрыторыю». І, маўляў, менавіта таму ў Беларусі дагэтуль застаюцца некалькі тысяч расейцаў у складзе рэгіянальнай групоўкі войскаў. З гонарам згадваў пра паспяховае баявое зладжванне.

Але ці не ёсць гэта чарговым этапам здачы суверэнітэту Беларусі?

«Сам факт таго, што на тэрыторыі Беларусі будуць размешчаныя расейскія ядравыя боезарады, гавораць пра тое, што ўплыў Расеі на Беларусь узмацняецца, залежнасць Беларусі ад Расеі ўзмацняецца, – мяркуе Валер Карбалевіч. – Гэты працэс ідзе. Суверэнітэт Беларусі скарачаецца».

Палітычны аглядальнік Юрый Дракахруст не выключае, што размова магла ісці і пра размяшчэнне сталай расейскай вайсковай базы ў Беларусі. Такія базы даўно ўжо ёсць у Арменіі, у Таджыкістане, ва Украіне. І калі пра гэта ішла размова сёння – значыць, справа фактычна ўжо вырашаная.

«Ставіць базу ці не ставіць – гэта не з Шайгу вырашаецца, безумоўна. Але калі, умоўна кажучы, у Маскве пытанне вырашана… Калі Лукашэнка на мінулым тыдні туды ездзіў, ён так і сказаў: “Вы даведаецеся, якія рашэнні мы прынялі”. Ну, вось».

Імаверна, прыезд Сяргея Шайгу мае дачыненне і да прызыву ваеннаабавязаных з запасу на зборы, які апошнім часам праводзяць у Беларусі. Сярод апошняга – анансаваная праверка стану боегатовасці батальёну аховы і абслугоўвання аэрадромаў. Фармальна нашая краіна не бярэ ўдзелу ў расейскім поўнамаштабным уварванні ва Украіну. Але за апошні ваенны год правялі зверку мабілізацыйных дакументаў практычна ўсяго мужчынскага насельніцтва Беларусі. І вучэнні праходзяць практычна без перапынку. Юрый Дракахруст патлумачыў:

«Лукашэнка і сам сабе, і расейцам паказвае: калі што – я гатовы. Я рыхтуюся. І тут такое пасланне: ну, мы ўсе бачылі, як у вас мабілізацыя прайшла. Даволі бардачна, груба кажучы. А ў нас пройдзе лепш, калі спатрэбіцца ваяваць».

Сяргей Шайгу падзякаваў Лукашэнку за прыём расейскіх вайскоўцаў у Беларусі. Ім далі ў поўнае карыстанне пяць добра абсталяваных палігонаў, беларускія афіцэры рыхтуюць мабілізаваных расейцаў. Нястачы няма ні ў чым.

Не абышлося на сустрэчы Лукашэнкі ды Шайгу і без любімай тэмы «вакол ворагі».

«Расслабляцца нам тут няма як, – абвясціў Лукашэнка. – Вы ж бачыце, што палякі, літоўцы тут варушыцца пачалі ў нашым напрамку».

Як адзначыў Валер Карбалевіч, магчыма, Лукашэнка ў гэта верыць. Хоць насамрэч ніякіх пагрозаў Беларусі ад Захаду няма. Адзіная ж, хто пагражае беларускай незалежнасці, – гэта Расея.

Марына Яновіч, «Белсат»