CNN: Украіна змяніла некаторыя ваенныя планы пасля выцеку сакрэтных дакументаў ЗША


Паводле тэлеканалу «CNN», Украіна змяніла ваенныя планы пасля таго, як у інтэрнэт злілі сакрэтныя дакументы. І паводле нашых амерыканскіх калегаў, гэтую інфармацыю ім сказала асоба, блізкая да Уладзіміра Зяленскага. Аднак вайскова-палітычны аглядальнік групы «Інформаційний спротив» Аляксандр Каваленка кажа, што гэтай інфармацыі давяраць не варта. Бо для заходніх медыяў стала агульнаю практыкаю выкарыстоўваць «нейкія неназваныя крыніцы з высокім узроўнем даверу».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Чаму павінны мяняцца нейкія планы контрнаступу, калі тыя дакументы, якія мы бачылі на мінулым тыдні ў публікацыі “Нью-Ёрк Таймз”, не мелі нейкай тактычнай ды стратэгічнай, важнай інфармацыі? Практычна ўся інфармацыя, якая была ў гэтых дакументах», – гэта інфармацыя з адкрытых крыніцаў, апублікавана ў канцы лютага і ў пачатку сакавіка 2023 года.

Таксама Каваленка падкрэслівае, што гэтай інфармацыяй яшчэ месяц таму карысталіся многія вайсковыя эксперты:

«Нават я гэтую інфармацыю выкарыстоўваў, калі распавядаў, напрыклад, пра сітуацыю ў Запарожскай вобласці пра размяшчэнне расейскіх акупацыйных войскаў каля Арэхава».

Дарэчы, раней Банкавая, вуснамі Міхайлы Падаляка, назвала зліў «стандартнаю гульнёю расейскіх спецслужбаў». Аднак днямі ЗША пачалі правяраць сапраўднасць «злітых» дакументаў.

«Міністэрства абароны працягвае вывучаць і правяраць сапраўднасць сфатаграфаваных дакументаў, якія распаўсюджваюцца ў сацыяльных сетках і, як відаць, змяшчаюць сакрэтныя і асабліва сакрэтныя звесткі», – заявіла намесніца прэс-сакратара Пэнтагону Сабрына Сінг.

Акрамя Пэнтагону расследаваннем меркаванага «зліву» займаецца і Міністэрства юстыцыі ЗША. На думку генерал-маёра СБУ ў запасе Віктара Ягуна, які многа гадоў працаваў з сакрэтнымі дакументамі, Вашынгтон праводзіць гэтую праверку адмыслова, каб «надаць вагу гэтым інфармацыйным матэрыялам»:

«Калі ты робіш вельмі сур‘ёзную інфармацыйную спецаперацыю і ўкідваеш дакументы, якія часткова праўдзівыя, а часткова – не, для таго, каб прыкрыць гэтую інфармацыю, ты аб’яўляеш: вось, як вельмі дрэнна, уцечка інфармацыі, трэба правяраць, хто яе арганізаваў, каб такога больш ніколі не адбылося».

Паводле вайсковага аналітыка з Расеі Яна Матвеева, існуе некалькі мэтаў з‘яўлення гэтых дакументаў у інтэрнэце:

«Да гэтых “зліваў” трэба ставіцца акуратна. Ужо даволі шмат аналітыкаў прымецілі розныя недакладнасці ў гэтых дакументах, якія могуць указваць на тое, што гэта хутчэй такая дэзынфармацыя. І ўкінуты яны якраз з мэтай дэзынфармаваць ці то ўкраінскі бок, ці то расейскі, ці то там неяк на амерыканцаў паўплываць».

Але Віктар Ягун мяркуе, што краіны Захаду, хутчэй за ўсё, правялі інфармацыйную аперацыю супраць Расеі, каб дэстабілізаваць і дэмаралізаваць яе вайскова-палітычнае кіраўніцтва. У версію, што дакументы маглі зліць расейскія спецслужбы, генерал-маёр СБУ не верыць:

«Калі нехта здабывае вельмі сур’ёзную інфармацыю, ну, вось дакладна ён не будзе яе апублікоўваць. Таму што такім чынам ён раскрывае крыніцу гэтай інфармацыі, і далейшае яе атрыманне проста будзе немагчымым для яго. Калі б расейцы дасталі б гэтую інфармацыю і пачалі яе аналізаваць, ну, яны б дакладна не адкрылі свае крыніцы».

Яшчэ 5 красавіка сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў у эфіры радыё «Свабода» запэўніў, што контрнаступ ЗСУ абавязкова будзе. І калі ён пачнецца, «вы яго ўбачыце»:

«Я магу сказаць, што людзей, якія валодаюць інфармацыяй, дзе, калі і якім спосабам будуць пачынацца тыя ці іншыя дзеянні на тэрыторыі Украіны, не больш за чатыры-пяць чалавек на планеце».

Віктар Ягун распавеў «Белсату», што гэта за людзі. Паводле інфармацыі эксперта даследчай групы «Bellingcat» Арыка Толера, дакументы злілі ў інтэрнэт на платформе для геймераў «Discord». Гуляючы ў «Майнкрафт», адзін з карыстальнікаў, спрачаючыся аб вайне ва Украіне, напісаў:

«Калі ласка, вось вам злітыя дакументы», – і апублікаваў 10 файлаў, на якіх былі копіі нібыта сакрэтных дакументаў ЗША аб вайне ва Украіне.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»