Не трапілі ў ноты Лукашэнкі


Удзельнікі «Еўрабачання-2012», дзясяткаў іншых міжнародных фестываляў і конкурсаў. Браты Дзмітрый і Уладзімір Каракіны ў 2020-ым падтрымалі пратэсты супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў. Выступілі яны і на адной з законных сустрэчаў Святланы Ціханоўскай з выбарнікамі. Летась музыкі асудзілі напад Расеі на Украіну. Хлопцаў затрымалі ў кастрычніку. Разам з бацькамі. Сёння пачалося судзілішча.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Паводле пісьменніка, аўтара You-Tube-каналу «Міністэрства сепультуры» Аляксандра Чарнухі:

«Тут ёсць нейкі фактар асабістай помсты. Калі вы памятаеце, гурт “Лайтсаўнд” раней удзельнічаў у “Еўрабачанні”. І там нібыта перамагла Ланская. Але потым пераглядзелі гэтыя вынікі, і апынулася, што насамрэч перамог “Лайтсаўнд”. Асабіста Лукашэнка ўмяшаўся ў гэты працэс. І дзякуючы нібыта яму, яны паехалі на “Еўрабачанне” і там удзельнічалі».

Сям’ю Каракіных абвінавацілі ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых закалотах, а таксама ў незаконных дзеяннях у дачыненні агнястрэльнай зброі. Калі сілавікі грамілі іхны дом, нібыта знайшлі «невялікі арсенал незарэгістраванай зброі і боепрыпасаў, які належыць бацьку спевакоў». Праваабаронца Вясны Наталля Сацункевіч кажа:

«Важна падкрэсліць, што з таго, што я бачу, беларускія ўлады ўважліва ставяцца да гэтай тэмы. Заўсёды, калі падчас вобшукаў знаходзіцца нешта падобнае на зброю. На гэта шмат акцэнтуецца ўвагі. Яны гатовыя гэта выкарыстоўваць, каб паказаць актывістаў, грамадскі сектар як нейкіх небяспечных злачынцаў, якія крадуць грошы, усіх падманваюць, маюць зброю, ну, і гэта проста выкарыстоўваецца для такой дыскрэдытацыі».

Маці Вольгу, братоў Дзмітрыя і Уладзіміра дасюль утрымліваюць у СІЗА на Валадарскага. У ІЧУ ў бацькі музыкаў Юрыя Каракіна адбыўся інсульт. З таго часу ён удома. Праваабаронца кажа:

«Таксама трэба глядзець, якія ўмовы для яго створаныя дома. Калі гэта падпіска аб яўцы, ён можа даволі свабодна хадзіць у шпіталь, то гэта адно. Калі гэта хатні арышт, ён абмежаваны, зусім не можа выходзіць, не можа камунікаваць ні з кім, то гэта іншае, гэта вельмі ў прынцыпе падобнае на СІЗА. І гэта жорсткае абмежаванне волі».

Працэс над музыкамі паказальны для сённяшняй Беларусі. Праз рэпрэсіі прайшлі ці праходзяць удзельнікі гуртоў «Тор Бэнд», «Ірдарат», «Gods Tower», лідар панк-гурта Ігар Банцэр, ды-джэй Папа Бо, спявачка Мерыем Герасіменка і шмат хто яшчэ.

«Гэта такі працэс, адкат у вельмі змрочныя часы, калі музыка самім сваім існаваннем ужо ідзе супраць сістэмы. Ужо нешта робіць не так, як хочуць ідэолагі. Таму што для іх зачыстка беларускай прасторы і творчасці – гэта пункт нумар 1, мне здаецца. Паслухмянае мастацтва – гэта тое, да чаго ідзе Беларусь», – дадае Аляксандр Чарнуха.

Усяго ж, паводле Беларускай рады культуры, пасля пратэстаў рэпрэсіі зазналі больш за тысячу дзеячаў культуры. Цяпер за кратамі больш як 90 асобаў, датычных да гэтай сферы.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»