Мінэнерга не прызнае дэфекты ў рэактары БелАЭС


Сейм Літвы большасцю галасоў працягнуў рэжым надзвычайнай сітуацыі на памежжы з Беларуссю і Расеяй. Як мы і паведамлялі ў эфіры напярэдадні. Разам з тым найбольшай пагрозай для нацыянальнай бяспекі афіцыйная Вільня лічыць Калінінградскую вобласць, і засяроджаныя там расейскія войскі. Хоць Масква і перакінула частку сілаў з Калінінграду ў Крым, яна захавала там патэнцыял марской і паветранай пагрозы. Як нашыя суседзі ўспрымаюць Беларусь і беларусаў на ўзроўні бяспекі і абароны?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Міністэрства энергетыкі, якім наўпрост кіруе Аляксандр Лукашэнка, абурылася справаздачай літоўскіх спецслужбаў аб пагрозах нацыянальнай бяспецы. Чыноўнікі назвалі інфармацыю аб тэхнічных дэфектах у рэактары Астравецкай АЭС – укідам, раздзьмухваннем фальшывай пагрозы дзеля дыскрэдытацыі Беларусі і палітызавання сітуацыі.

«Падчас планавага рамонту на першым энергаблоку праводзіўся кантроль металу абсталявання і трубаправодаў. У выніку дыягностыкі не было выяўлена ніводнага дэфекту, што ствараў бы пагрозу ядравай і радыяцыйнай бяспекі – тым больш з патрэбаю дэмантажу рэактару», – заявіла Міністэрства энергетыкі ва ўрадзе Лукашэнкі.

Аднак справаздача Дэпартаменту дзяржаўнай бяспекі Літвы і Міністэрства абароны кажа не пра трубаправод і абсталяванне, а пра шчыліны, якія нібыта з’явіліся ў верхніх швах корпусу рэактара Беларускай атамнай станцыі. Паводле інфармацыі літоўскай выведкі, рэжым Аляксандра Лукашэнкі і карпарацыя «Росатам» наўмысна замоўчваюць праблемы ў рэактары ды тэхнічныя інцыдэнты, якія адбыліся на Астраўцы летась.

«Нічога новага, уся станцыя пабудаваная на хлусні, падманах і крадзяжах, вельмі падобна, як пабудаваная ЧАЭС. Гэта пагроза не толькі Літве, а непасрэдная пагроза Беларусі, якая пацярпела ад Чарнобылю», – кажа «Белсату» Жыгімантас Павілёніс, старшыня Камітэту ў замежных справах Сейму Літвы.

Асноўнай пагрозай для Літвы, аднак, застаецца вайна Расеі і рэжыму Лукашэнкі супраць Украіны. Літоўская выведка дае наступную ацэнку: расейскіх рэсурсаў хопіць яшчэ на 2 гады баявых дзеянняў сённяшняй інтэнсіўнасці.

Пры гэтым беларуская дыяспара ў Літве можа быць крыніцай спецслужбаў Лукашэнкі і Пуціна, паведамляюць літоўскія генералы.

«Беларуская апазіцыя ў Вільні пэўным чынам рызыкуе, бо сярод мігрантаў з Беларусі, у тым ліку тых, хто выдае сябе за апазіцыйных дзеячаў, не ўсе насамрэч працуюць на апазіцыю. Ёсць высокая імавернасць, што некаторыя з іх былі актыўна завербаваныя агентамі КДБ, якія перадаюць інфармацыю ў сакрэтныя службы ў Беларусі. Мы не мусім мець аніякіх ілюзіяў», – заявіў на брыфінгу дырэктар Дэпартаменту дзяржаўнай бяспекі Літвы Дарус Яўнішкіс.

Паводле выведкі, асноўная задача такіх засланцаў – дыскрэдытацыя Літвы і беларускіх дэмакратычных сілаў. Нагадаем, што менавіта ў Вільні месціцца офіс Святланы Ціханоўскай.

Таксама ёсць інфармацыя пра спробы абыходу еўрапейскіх антываенных санкцыяў з дапамогай расейскіх і беларускіх грамадзянаў, і тут Беларусь – зручная транзітная краіна для кантрабанды падсанкцыйных матэрыялаў і тавараў.

«Ёсць шмат людзей, якія карыстаюцца гэтым, прыкідваюцца пацярпелымі, працягваюць ездзіць. Хаця самыя блізкія сваякі працягваюць працаваць на Мінабароны і падобныя інстытуцыі – такое таксама ёсць. І самім беларусам варта тлумачыць, як такое магло здарыцца», – падкрэслівае Віціс Юрконіс з Інстытуту міжнародных стасункаў і палітычных навук Віленскага ўніверсітэту.

Аднак Літва і літоўцы не змяняюць свайго стаўлення да беларускага народу, кажуць адмыслоўцы. Бо ёсць разуменне, што ў самой Беларусі працягваюцца рэпрэсіі і тэрор. Таму прапанаваны ўрадам часовы закон аб візавых абмежаваннях для беларусаў і расейцаў не азначае закрыцця межаў.

«Нічога не зменіцца, сітуацыя застанецца той самай, каторую мы ўвялі пасля міграцыйных атак. Усе, хто змагаецца за сваю свабоду, будзе мець магчымасць у Літву ездзіць. А хто не змагаецца, ці слугі Лукашэнкі будуць мець зачыненыя дзверы. І ўсе тыя, хто спрабуе абысці санкцыі, яны вельмі стараюцца, але нічога не атрымаюць», – тлумачыць Жыгімантас Павілёніс.

Што да пагрозы ўварвання расейскіх войскаў з Беларусі, яе бачаць і іншыя суседзі. Польшча распачала ўстаноўку рагачоў – супрацьтанкавых яжоў – а таксама бетонных тэтраподаў на мяжы з Беларуссю.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»