За што Польшча высылае беларускага дыпламата?


У Беларусь вяртаецца дыпламат з беларускай амбасады ў Варшаве! Гэта адказ на высылку польскага консула ў Берасці Ежы Цімафеюка. Нагодаю для гэткіх захадаў сталі ўрачыстасці, прысвечаныя – байцам польскага антыкамуністычнага падполля. Пасля з‘яўлення гэтай інфармацыі беларускія ўлады абвесцілі аб новай крымінальнай справе ў Берасці. У чым сутнасць канфлікту, які падобна толькі набірае абароты?

Пракурор Берасця распачаў крымінальную справу аб гераізацыі ваенных злачынцаў. Як заяўляе Генпракуратура Беларусі, 28 лютага «Берасцейскі форум польскіх лакальных ініцыятываў» і «Польская школа» правялі незаконнае масавае мерапрыемства з удзелам непаўнагадвых і моладзі, дзе маладыя людзі ў польскай скаўцкай форме чыталі вершы нібыта ў славу ваенных злачынцаў, у тым ліку Рамуальда Райса па мянушцы «Буры«. Напярэдадні ў Менску часовага паверанага Польшчы ў Беларусі Марціна Вайцехоўскага выклікалі ў Міністэрства замежных справаў, каб запатрабаваць выдалення генеральнага консула ў Берасці Ежы Цімафеюка з беларускай тэрыторыі, за тое, што консул быў на гэтым мерапрыемстве.

«Прынцыповая і паслядоўная пазіцыя беларускага боку адносна «выклятых жаўнераў» і іх тыповых прадстаўнікоў – «банды Бурага» – застаецца нязменнай і неаднаразова даводзілася да польскага боку. Абсалютна непрымальныя для нас гераізацыя ваенных злачынцаў, цынічнае апраўданне генацыду беларускага народу, найгрубейшыя парушэнні абавязкаў польскага боку ў недапушчэнні гераізацыі нацызму», – тлумачыць свае дзеянні Міністэрства замежных справаў Беларусі.

«Выклятыя жаўнеры» – гэта польскія партызанскія фармаванні, якія пасля вайны з гітлераўцамі ваявалі супраць войскаў НКВД за Польшчу, незалежную ад Масквы. Агулам іх было больш за 120 тысячаў. У Польшчы штогод 1 сакавіка адзначаюць дзень памяці «выклятых жаўнераў». Атрад Рамуальда Райса па мянушцы «Буры» – усяго адзін з мноства, і ў самой Польшчы ўшанаванне ягонай памяці выклікае спрэчкі і палітычныя канфлікты.

«Буры – гэта нацыянальная збройная арганізацыя, нацыяналістычнае фармаванне, якое вяло таксама барацьбу з камуністычнымі ўладамі ў Польшчы. І неадназначае стаўленне да яго вынікае з ягонай дзейнасці», – распавядае гарадзенскі журналіст і публіцыст Анджэй Пачобут.

Жаўнераў аддзелу Рамуальда Райса – Бурага неаднаразова вінавацілі ў ваенных злачынствах супраць цывільных беларусаў, у тым ліку забойствах дзясяткаў беларускіх вяскоўцаў каля Бельску Падляскага. Але ваенныя злачынцы з‘яўляюцца ў складзе самых розных падраздзяленняў і партызанскіх атрадаў, нагадвае філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч:

«Дыпламат польскі ўшаноўваў памяць не Рамуальда «Бурага» (Райса), а памяць тых, хто змагаўся з камунізмам».

Польшча заклікае ўлады ў Менску правесці дыялог з грамадствам, вызваліць палітвязняў і аднавіць грамадзянскія свабоды, а не шукаць тэмаў, якія адцягваюць увагу, заявіў намеснік міністра замежных справаў Польшчы Марцін Пшыдач:

«Летась і ў папярэднія гады мерапрыемствы такога тыпу з мэтай ушанавання памяці загінулых жаўнераў мелі месца ў гэтых мясцінах. Мы перакананыя, што рашэнне беларускага боку – палітычнае і абсалютна беспадстаўнае».

Працаўнікі ведамства Уладзіміра Макея цяпер самі прыдумваюць сабе працу, упэўнены Уладзімір Мацкевіч:

«На сённяшні дзень МЗС – самае непатрэбнае міністэрства, і ягоныя супрацоўнікі напэўна могуць лічыцца дармаедамі».

Анджэй Пачобут бачыць тут больш палітычныя прычыны.

«Улады Беларусі з усіх сілаў спрабуюць скіраваць увагу беларусаў на штосьці іншае, акрамя сітуацыі ў Беларусі. Лукашэнка патрабуе ворага. Традыцыйна ягоным ворагам з’яўляецца Польшча і палякі«, – тлумачыць Пачобут.

Ад пачатку палітычнага і гуманітарнага крызісу, выкліканага дзеяннямі беларускай міліцыі і спецслужбаў, Польшча прыняла тысячы палітычных уцекачоў. Адмовілася выдаваць Сцяпана Пуцілу – аўтара нашумелага ў інтэрнэце фільма аб багаццях клану Лукашэнкі, а таксама ініцыявала распрацоўку плану Маршала для Беларусі – праграмы эканамічных інвестыцыяў Еўразвязу пасля мірнай і дэмакратычнай змены ўлады.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»