Расейцы зноў атакавалі Украіну ракетамі


Расея здзейсніла чарговы масаваны ракетны ўдар па Украіне з выкарыстаннем караблёў у Чорным моры і стратэгічнай авіяцыі. Яму папярэднічаў налёт іранскіх дронаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Прэс-сакратар Паветраных сілаў ЗСУ Юрый Ігнат заявіў, што ўдалося збіць пяць з сямі беспілотнікаў:

«Былі запушчаныя крылатыя ракеты паветранага і марскога базавання. Тры караблі былі залучаныя: ракетны катар, фрэгат і падводны човен. Таксама залучылі восем самалётаў стратэгічнай авіяцыі Ту-95. Валгадонск і раён Каспію – традыцыйныя месцы запуску крылатых ракетаў».

Збройныя сілы Украіны збілі шэсцьдзясят адну ракету з сямідзесяці адной, што запусцілі расейцы.

«Гэта вельмі добры паказчык працы супрацьпаветранай абароны, але гэты паказчык па працы ўсё ж такі крылатых ракетаў. Крылатыя ракеты ўсе якія ішлі сёння – гэта Х-101, Х-555, Калібры – гэта дагукавыя ракеты. У прынцыпе, тая сістэма абароны, якая ў нас ёсць, яна вельмі добрае па іх працуе», – адзначае палкоўнік запасу ЗСУ Раман Світан.

Але ёсць і траплянні па энергетычных аб’ектах. Найбольш цяжкая сітуацыя склалася на ўсходзе краіны. Пра гэта паведаміў міністр энергетыкі Украіны Герман Галушчанка:

«На жаль, ёсць траплянні ў абʼекты цеплавой і гідрагенерацыі, а таксама высакавольтавай інфраструктуры ў шасці вобласцях. Уведзеныя аварыйныя адключэнні ў многіх рэгіёнах. Самая цяжкая сітуацыя ў Запарожскай, Харкаўскай і Хмяльніцкай вобласцях. Дзякуючы паспяховай працы СПА і загадзя праведзеным тэхнічным захадам удалося захаваць цэласнасць энергасістэмы Украіны».

У сваю чаргу, галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі Украіны Валерый Залужны раніцай напісаў на сваёй Facebook-старонцы, што дзве крылатыя ракеты «Калібр» увайшлі ў паветраную прастору адной з краінаў NATO – Румыніі. У Бухарэсце гэтую інфармацыю аспрэчылі:

«Найбліжэйшы пункт траекторыі цэлі ў паветраную прастору Румыніі быў зафіксаваны радыёлакацыйнымі сістэмамі прыкладна за 35 кіламетраў на паўночны ўсход ад мяжы», – заявілі ў Міністэрстве абароны Румыніі.

Палкоўнік запасу ЗСУ Раман Світан лічыць, што ў гэтым выпадку трэба верыць Валерыю Залужнаму, а Румынія кажа не ўсю праўду. Агулам жа сітуацыя з крылатай ракетай, на думку эксперта, – расейская правакацыя:

«Зыходзячы з таго маршруту, які прайшла ракета, было бачна, што маршрут пракладаўся, каб справакаваць удар нашымі супрацьракетамі ў бок Румыніі. Гэта значыць, гэта прыкладна тая ж карціна, як у свой час ракета справакавала ўдар па Польшчы, па Малдове. Гэта прыкладна тая ж карціна».

У кароткім звароце інфармацыю пра тое, што крылатыя ракеты Расеі ўвайшлі ў паветраны прастор Румыніі, пацвердзіў і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі:

«Сённяшнія ракеты – гэта выклік NATO, калектыўнай бяспецы. Гэта тэрор, які можна і трэба спыніць. Свет мусіць спыніць».

У Кіеве сёння прагучалі прынамсі тры выбухі. Падчас паветранай трывогі кіяўляне традыцыйна хаваліся ў метро. На адной са станцыяў у школьнікаў быў урок – навучальнага працэсу ніхто не скасоўваў.

«Па першае, дзецям не зусім камфортна, але за такі доўгі час з верасня трывогі былі частымі і дзеці прызвычаіліся да такой працы. Калі ёсць выбар паміж рэштай ці не рэштай тэсту, дзеці здаюць тэст і працягваюць працаваць. Мы вывучаем матэматыку, біялогію, хімію, усе школьныя прадметы, якія ёсць у нашым раскладзе», – кажа настаўніца Алена з Кіева.

Жорсткія баі працягваюцца на ўсходзе Украіны, дзе расейцы праводзяць новы масаваны наступ. Украінскія абаронцы стрымліваюць атакі: толькі на вуглядарскім напрамку за мінулыя содні была знішчаная сто пяцьдзясят пятая брыгада марской пяхоты Узброеных сілаў Расеі. Зліквідаваная трыццаць адна адзінка бранятэхнікі, восемдзясят акупантаў знішчаныя і больш за дзвесце вайскоўцаў і наймітаў параненыя.

«Можна расцэньваць усе вынікі як перамолванне жывой сілы і тэхнікі суперніка. У той жа час, мы панеслі наогул вельмі невялікія страты тэрытарыяльныя. Мінімальныя. Вораг прасунуўся на некаторых участках на сотні метраў. На некаторых участках на 2-3 кіламетры. Не больш за тое», – распавёў падпалкоўнік запасу ЗСУ Мікалай Саламаха.

Тым часам паветраныя трывогі ва Украіне трываюць. Цягам усяго дня з беларускага аэрадрому ў Мачулішчах узлятаюць у неба знішчальнікі і самалёт дальняй аэравыведкі.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»