«Баброўнікі» спынілі працу


Сёння ад чатырнаццатай гадзіны прыпынены рух у пункце пропуску «Баброўнікі» на польска-беларускай мяжы. З польскага боку ўдзень стаяла чарга прыкладна з сарака машынаў. Жыхары памежжа кажуць, пускаць перасталі нават раней за анансаваны час.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

На пастанову польскага боку адрэагаваў беларускі МЗС – туды, каб заявіць рашучы пратэст, выклікалі часовага паверанага ў справах Польшчы ў Беларусі спадара Марціна Вайцехоўскага. Яшчэ раней адгукнуўся Беларускі памежны камітэт:

«Беларускі бок не бачыць аб’ектыўных прычынаў для закрыцця пункта пропуску, а гэтая нагода не адпавядае рэчаіснасці з прычыны адсутнасці пагрозы з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь […] Пастанова польскага боку аб закрыцці яшчэ аднаго каналу міжнародных зносінаў у сапраўднасці накіраваная на далейшае абвастрэнне сітуацыі на мяжы і абмежаванне ўзаемных паездак грамадзянаў».

Пастанова польскага боку зʼявілася на наступны дзень пасля абвяшчэння рэжымам Лукашэнкі прысуду палітзняволенаму журналісту, актывісту Саюзу палякаў Анджэю Пачобуту. Польскі палітолаг Кацпэр Ваньчык лічыць гэта адной з прычынаў закрыцця памежнага пункту. Пры гэтым дадае:

«Польскі ўрад хацеў паказаць нешта хутка, паказаць рашучасць. Было прынята рашэнне зрабіць гэта такім чынам, але без аналізу, як гэта паўплывае на адносіны».

Усяго цяпер з шасці засталіся два дзейныя памежныя пункты на беларуска-польскай мяжы. Абодва – у Берасцейскай вобласці.

«Берасце – Тэрэспаль» прызначаны для руху легкавога транспарту, «Казловічы – Кукурыкі» – выключна для цяжкавога. У той жа час польскі прэмʼер Матэўш Маравецкі заявіў:

«Мы не выключаем закрыцця іншых пераходаў з Беларуссю […] Прычына – гэта ўзмацненне супярэчнасцяў з Беларуссю. Беларусь сапраўды выкарыстоўваецца расейцамі і Крамлём. Яна грае крамлёўскую музыку. Для нас, для Украіны і Еўропы, – гэта ўсё больш і больш небяспечныя паводзіны і ўсё больш і больш небяспечная зʼява. Мы даслалі Менску праз гэты канал вельмі моцны сігнал».

Якія эканамічныя наступствы гэта можа мець, калі аўтамабільныя перавозкі цяпер засталіся фактычна адзіным гандлёвым каналам паміж Беларуссю і Еўразвязам? Алесь Чайчыц кажа:

«Гэта канешне дрэнна і для ўсяго бізнесу, які займаецца экспартна-імпартнымі аперацыямі паміж Беларуссю і Заходняй Еўропай. Усё гэта робіцца больш складаным, больш дарагім, менш рэнтабельным. І гэта, канешне, пагаршэнне. Пагаршэнне ўмоваў для такога бізнесу».

Выказваюць незадаволенасць і прадстаўнікі польскага бізнесу, на мяжы з польскага боку нават адбыўся спантанны мітынг. Людзі нясуць страты, напрыклад, працягваюць плаціць за арэнду складоў, тавар з якіх нельга перавозіць праз гэты пераход. Кажуць што іх не папярэдзілі і не ведаюць, што паведаміць сваім работнікам.

Што праўда, эканаміст кажа: у палякаў нашмат больш, чым у беларусаў, магчымасцяў пераарыентаваць свой бізнес:

«У Польшчы таксама ёсць шматлікі бізнес у Беласточчыне, што завязаны на Беларусь. Тыя, хто яшчэ дагэтуль застаюцца і гэтым займаюцца. Ім таксама дрэнна. Але ім, канешне, ёсць куды пераарыентавацца, бо яны ў Еўразвязе, на вялікім рынку».

Эксперты супадаюць у меркаванні, што пастанова польскага боку – комплексная. Тут і хаўрусніцтва рэжыму ў агрэсіі супраць Украіны, і інспіраваны Крамлём міграцыйны крызіс, а таксама сталая антыпольская рыторыка прапаганды самаабвешчаных уладаў Беларусі.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»